Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Дабрыдзень, ваявода.
— Здароў, Ірвідуб,— адказаў, зноў рады, што i тут захоўваецца заведзены ім лад.— Адчыняй вароты, пускай нас у вёску.
Гэтае паселішча было падзеленае выезджанай калясьмі i вытаптанай нагамі дарогаю надвое: направа — гароды, а ля самага хваёвага лесу зямлянкі, накрытыя ўтравелым ужо дзірваном, паўзямлянкі пад учарнелай i парослай зялёным мохам саломаю, цівуноўскі драўляны дом з шыбінамі, а на ўзгорку драўляная цэркаўка з плошчаю для хрэснага ходу, вясковых сходаў ці суду, калодзеж з жураўлём, налева — складні з дрывамі i вугалем, задымлена-закураныя паднавесы з печамі i кузнямі, дзе варылі i кавалі жалеза бежанцы, а таксама i тутэйшыя майстравыя людзі.
Усяслаў з аховаю ўехаў у вёску пад дружны сабачы брэх ды пад казытлівы пах дыму, што віўся праз шчыліны з зямлянак i паўзямлянак. Якраз насустрач яму ішлі гуртам ацішэлыя пасля ночы, загарэлыя ад сёлетняга яркага летняга сонца i заўсюднага блізкага агню, мурзаватыя варшчыкі i кавалі. Наблізіўшыся, уміг пасцягвалі з галоў аблавухі, агаліўшы русявыя, чорныя, светла-жоўтыя, як вычасаны лён, валасы ці жаўтаватыя лысіны, пазгіналіся, загулі на розных мовах:
— Дабрыдзень, ваявода.
— Здраствуй-здраствуй, господине.
— Добрыдэнь.
— Дзень добры, праваслаўныя,— хітнуў галавою i нахмурься, што разам з імі няма баярына-цівуна, што той, мабыць, яшчэ храпе на ложку пасля ўчарашняй абпіўкі.
Разам з работным людам рушыў да прасторных аполкавых i накрытых дошкамі ці таксама аполкамі паднавесаў, спешыўся i адразу ж падаўся ў тую пабудову, дзе ў ранішнім зацемку спамораныя пасля бяссоннай ночы i цяжкой працы пажылыя i маладыя мужчыны запыньвалі дзьмуць мяхамі з мядзведжай i валовай скуры паветра ў печ, сабраліся каля яе шчыльным кругам. Калі ж згледзелі яго i хацелі ўшанаваць, ён строга замахаў рукамі: не, рабіце сваё, бо тут дарагая кожная хвіліна! Жалеза нельга недагрэць, але нельга i перагрэць! А жалеза — найбольшы тут мой клопат!
Тыя паслухалі, хутка адцягнулі мяхі, шпарка разбілі малатамі цэментоўку i вялікімі жалезнымі крукамі расцягнулі каменныя глыбы-дах з печы, адвалілі адну, другую бліжэйшыя мураваныя з цэглы сцены — угору, убакі хлынул! зямныя, але пякельныя, слепкія яркасць i гарачыня, здаецца, адразу ж абсмалілі твар. Усяслаў не стрываў, адступіў ад пекла ці, лепш сказаць, ад пякельнай пашчы, а вось варшчыкі не схібілі, толькі заварушыліся-заскакалі і, крэкчучы, крычучы адзін аднаму, што i як рабіць, пачалі падхопліваць з усіх бакоў крукамі i вялізнымі клешчамі шараватую наздрыстую глыбу, што ляжала на раскаленым жары. Падчапілі, з гэханнем выцягнулі, кінулі на вымураваны дол i пачалі разбіваць на некалькі кавалкаў, сцёбаючы па баках яркімі іскрамі-каменьчыкамі, што магло прапаліць адзенне.
— Добра крыца! — усцешана за іхнюю працу бліснуў белымі, што часнок, зубамі чарнявы ад прыроды i яшчэ болей учарнелы ад сажы невысокі, але ўвішны, вясёлы валынец Міраслаў, борздка падхапіў разам з варшчыкамваронежцам Сымонам адбіты кавалак клешчамі і, прысядаючы, павалок у суседні паднавес, у кузню, дзе гэтую крыцу адразу ж ускінулі на кавадла, што стаяла на тоўстай дубовай калодцы, i тут жа ўдвух пачалі дубасіць малатамі. Жалеза-крыца паволі сплюшчвалася i пакрысе траціла наздраватасць. Заляпалі вось i ў іншых кузнях. А каля разваленай печы ўжо, канечне ж, завіхаліся зваршчыкізменшчыкі — зноў ладзілі сцены печы, засыпалі туды новы вугаль i новую руду, накрывалі глыбамі, цэментавалі, прыладкоўвалі мяхі i дзьмулі, каб на другі дзень дастаць адтуль новы жалезны ўзятак.
Усяслаў любіў кавальскую работу, дык калi астуджанае паляпанае жалеза апусцілі ў горан, каб падагрэць яго, а пасля дасталі, ён шпарка скінуў з сябе, шпурнуў вобзем дёплае заечае футра, папляваў на далоні i пачаў перыць яркі кавал на пару з арлоўцам-асілкам Гаўрылам. З трох разоў, што яшчэ кавалі, ён усмак пагуляў з молатам тройчы. Кожны раз з новым напарнікам.
— О то молотобіець! — пажартаваў Міраслаў, расцягваючы рот i апушчаныя па краях чорна-сівыя вусы.
— Возьмеш памагатым? — падабрэла ўсміхнуўся Усяслаў.
— Візьму,— загарэзнічаў той.
З хвіліну-другую ўсе разам i з гонарам пазіралі, як з гэтай кузні жалеза пераносілі ў суседнюю, каб там яго яшчэ лепей абладзіць, а потым пачаць кляпаць загатоўкі на мячы, сякеры, коп'і i шаблі, каб гэтыя загатоўкі перадаць яшчэ ў іншыя кузні, дзе ix будуць даводзіць да ладу, гартаваць, каб зброя не зазубрывалася i не ламалася аб чужую. Нейкую долю жалеза адправяць адсюль у Навагародак, у кузні i майстэрні на пасадзе, дзе з яго зробяць зброю з упрыгожаннямі, для знатных людзей, а таксама будуць кляпаць розныя прылады i начынне для гараджан i вяскоўцаў.