Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Час ад часу Усяслаў паварочваў галаву i радасна пазіраў на маладую спадарожніцу — Любка, здаецца, гэтай часінай таксама ззяла зямным сонейкам. У светла-рудаватай хусціне, з-пад якой высвечваўся залатымі завітушкамі край паўкруглага чырвонага аксамітнага каптура, у сінім карзне i чырвоных боціках, яна месцілася на сядле жвавай гнядой кабылкі смела i стройна: з маленства разам з братаMi ведалася з коньмі. Амаль тут жа адчуваючы ягоны захоплены позірк, таксама паварочвала голаў — вочы, увесь яе свежанькі, без маршчынак твар зіхацелі, а на поўненькіх вуснах блукала шчаслівая ўсмешка. Мабыць, ад уцехі, што ён, жадаючы не проста ўзаконіць сваю блізкасць з ёю, добра адчуў яе настрой, захаваў звычаі, яе дзявочы гонар — адным словам, быў нібы хлопец перад дзяўчынай: прыходзіў з Бялянам сватацца, заручацца i змаўляцца, падахвоціў, каб у яе бацькоўскім доме была зборная субота ці дзявочы вечар, весела, з бомкамі на дугах прыязджаў па яе з вясельнай дружынаю, сядзеў за сталом, шлюбаваўся, урачыста вёз дадому, дзе па яго просьбе Марыля сустракала ix за маці, а пасля дазволіў пышнае вяселле, нікому, ні знатнаму, ні чэлядзі, не шкадуючы хлеба, мяса i медавухі. Канечне, каб ён дбаў толькі пра сябе, ён ніколі не згадзіўся б на такія шыкоўнасць, тлум i шум, але, палічыў, усё гэта трэба найперш для Любкі, каб ёй усё запомнится назаўсёды, каб яна потым ужо, сталая, не ўспамінала сваё замужжа з сорамам i з дакорам. Цяпер вось яна пазірала яму ў вочы аддана i радасна, поклічна вабячы яго выспеленымі вуснамі. Ды ён пасаромеўся на людзях выяўляць сваю пяшчоту, дык не прыхіліў i не пацалаваў.
— Табе добра? — усміхнуўся толькі.
— Добра,— усміхнулася i яна.
— Хораша вакол? Хораша i на душы?
— Хораша. Цяпер — залатая восень.
— Можа, i залатая. Найперш для мяне.
— I для мяне. Аж не верыцца, што хутка Зюзя нагоніць зіму,— прамовіла, зірнула ўгору, агаляючы прыгожую даўгаватую шыю.— I дзе ён, лысы, барадаты, у расхрыстаным кажусе, босы дзед, хаваецца? Адкуль бярэ холад, снег? Няўжо там, у далёкай высі, лядоўня?
— Ты, як i старая Марыля, шчыра верыш, што ёсць Зюзя, Баба-Яга, Багнік, Балотнік, Ваўкалак, Дамавік, Лясун, Змей, Ярыла?
— Веру,— апусціла галаву.
— Але ж ты — хрысціянка,— без ніякага дакору, наадварот, з павагай у душы сказаў ён,— дык павінна прызнаваць толькі аднаго Бога, Творцу i Усявышняга.
— Павінна,— уздыхнула.— Але ўсе простыя людзі вераць старым багам, дык i я веру, баюся пакрыўдзіць ix. Памалюся катораму з ix — той мне i памагае.
— Каму ты малілася найбольш?
— Дзявоі ці, як яшчэ кажуць, Лялі.
— А цяпер каму будзеш пакланяцца?
— Цёці — багіні лета, замужняй кабеце.
— Ніякая ты яшчэ не хрысціянка, жывеш па законах старой веры,— прамовіў ён.— Але цяпер ды пры чужых, надта пры крыжацкіх ганцах, паслах i купцах, не гавары пра гэта. Яны лічаць нас язычнікамі, хочуць паваяваць нас мячамі, каб потым зрабіць нас «сапраўднымі хрысціянамі», гэта значыць быць над намі, сваім статкам, пастухамі.
— Я, мабыць, у душы не змянюся ніколі...
— Не мяняйся, але, кажу ж, не ўсім гавары пра сваё запаветнае.
— Як гэта нядобра, што трэба таіцца, хітраваць. Колькі зла ад гэтага.
— Такі ўжо свет гэты, Любка,— уздыхнуў ён.— Даўно ўжо, яшчэ ад нашых прабацькоў, Адама i Евы, Праўда і Дабро, мана i зло крочаць па ім побач. Бог, Творца i Усявышні, сочыць за першым, a грэшнік-ангел, злы дух, д'ябал, творыць другое, насупраць. Але каб д'ябал не меў лішняй волі, яго пасадзілі на ланцуг. Чым мы больш грашым, тым больш той ланцуг даўжэе...
Любка змаўчала, а ён, сказаўшы такое, чаму вучылі яго бацькі i што ў маладыя гады ўзяў на шчырую веру, падумаў, што i ён, мабыць, верным хрысціянінам не стаў: з гадамi задумаўся i ў многім засумняваўся. Вось лічыцца, што вяршыня чалавечых мары i шчасця — рай, той, нябесны, дзе некалі, да грэхападзення, жылі Адам i Ева. Для таго каб трапіць туды пасля смерці, трэба тут, на зямлі, не тольKi працаваць, быць шчырым i сумленным, але i цярпець усё, каяцца за свае грахі i адкупліваць ix заўзятымі малітвамі, быць да ўсіх міласэрным, нават да сваіх уладароў i ворагаў.