Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Ягоныя турботы тут, паблізу абшараў i ў нетрах Налібацкай пушчы, былі вялікія. Па дамове з Міндоўгам іхнія людзі тут разам, не замінаючы адзін аднаму, рыбачылі i палявалі, бортнічалі, а таксама здаўна капалі тут па балотах вакол Нёмана i Усы рыжа-бурую зямлю-руду. Яе звозілі ў некалькі мясцін — яны паволі, год за годам, станавіліся паселішчамі, a паселішчы — абшчынай-грамадой альбо валасцямі, дзе быў свой, абраны людам старац, які збіраў падаткі i сачыў за ладам, а таксама быў i княскі чалавек — цівун-баярын, які пыніў тут усё ад імя князя. Дык вось гэтыя паселішчы, воласці паволі станавіліся Руднямі ці Налібацкай альбо Пільнянскай Руднямі. Сюды прыводзілі жыць не толькі тутэйшых, але i захопленых у палон, а за апошнія пяць гадоў сюды (як i да суседа Міндоўга) трапіла нямала бежанцаў з разанскай, арлоўскай, курскай, бранскай, чарнігаўскай, галіцка-валынскай, польскай земляў. Зразумела, сюды бралі не ўсіх, а найперш наглядчыкаў за пажарамі i самавольствамі, сакальнічых, бабраловаў, ваўчатнікаў i мядзведзежатнікаў, бортнікаў, траўнікаў ды тых, хто ўмеў варыць i каваць жалеза, валодаў сілай раздзімаць кавальскія мяхі і гахаць молатам. З маладзейшага розназямельнага мужчынскага люду ён мог тут хутка сабраць некалькі моцных дружын, што ўмелі карыстацца зброяй i будуць мужныя ў баі. Вольнага доступу староннім у некаторыя новыя, яшчэ тайныя ад галіцкавалынскага ўладара i крыжакоў, вёскі не было. Сюды i дворскага Расціслава не ўсюды пускалі. Гэта былі ягоныя, Усяслававы, ваяводскія i ад княскага імя, уладанні, хоць уласна ягоных, баярскіх, паселішчаў, што здабывалі i яму свежы рачны ды лясны харч, тут мелася няшмат. Сям-там адным «дымам» ці адной-дзвюма сем'ямі, дварамі жылі спрадвечныя вольныя тубыльцы, а таемна ў норах ці бярлогах — беглыя, грабежнікі, забойцы i іншыя грэшнікі, дзівакі-пустэльнікі, старавернікі-язычнікі, струплівыя людзі,— i ўсіх яму таксама трэба было трымаць пад пільным назіркам, таго-сяго вылоўліваць i караць, каб i тут, часамі ў непраходным лесе, усе адчувалі нядрэмнае навагародскае вока i цвёрдую руку, каб баяліся лішне сваволіць i нішчыць. Да ўсяго тут, воддаль, ад чужых вачэй, на абязлесеных i выраўняных мясцінах, былі сумесныя з Міндоўгам, як яны жартавалі, такавішчы, дзе навучалі маладых вояў у бегу на конях ці пешшу навыперадкі, уздагон, наладжвалі вайсковыя гульні i навучальныя баі для дружын i палкоў.
Едучы яшчэ прыцемкам па лясной сцяжыне з маладымі паўсоннымі дружыннікамі, Усяслаў узіраўся i ўслухоўваўся, хто i дзе, як i трэба, павінен яго неўзабаве запыніць. Хай толькі, сонныя цецерукі, не аклікнуць ды не перагародзяць шлях! Рухаліся ціха, але ад прымаразку пад капытамі коней шалясцела падшэрхлыя зямля i трава, пахруствала голле. Калі ўночы марозік, дык удзень будзе сонечна.
Вось ягоны гняды ўскінуў галаву, застрыг вушамі: непадалёку блізкія лахмаценькія елачкі з глыбай зямлі зрушыліся ўбок i з аголенай яміны спачатку выскачыў i заліўся брэхам шэра-руды, з чорнай спіною сабака крыжацкай пароды, a ўслед выімчалася трое вояў з лукамі i коп'ямі.
— Стой!— крыкнуў самы старэйшы. Як пазнаў адразу Усяслаў, дзесяцкі Мікула. Сярэдняга росту, у скураных ботах i ваўчыным кажушку. Пазнаўшы, узмахам рукі затрымаў ваяўнічага сабаку, вояў, нізка закланяўся:
— Дабрыдзень, ваявода.
— Здароў, Мікула,— затрымаўшы каня, з прыемнасцю адказаў пажылому вою.— Малайчына, што чуйны, не спіш, як мядзведзь у бярлозе.
— Сваю службу ведаем, ваявода,— той выпрастаўся, прыклаў руку да грудзіны.— I ўдзень, i ўночы бачым i чуем, якая птушка сюдою праляціць, які звер пройдзе.
— Дзякуй, стары служака,— Усяслаў нагнуўся i толькі адному Мікуле падаў руку. Няхай маладзейшыя на свае вочы бачаць, як цэніцца добрая служба. — Будзеш мець за гэта ўзнагароду.
Мінуўшы пост, яны рушылі да недалёкага вялікага паселішча. Чым бліжэй пад'язджалі да яго, тым выразней чуўся жылы дух — аселы i застылы ў лесе пах згарэлага прывезенага здалёк каменнага вугалю i зробленага тут, на месцы, з бярозавых i дубовых дроў свайго, драўлянага, а таксама заказытаў у носе водар распаленага жалеза, дыму. Перад высокім плотам-тынам, выйшаўшы наперад з навязаным на скурат мясцовым невялікім чорна-белым сабакам, ix запыніў высокі i плячысты самааховец. Угледзеўшы яго, бухнуў на калені i сагнуў да зямлі галаву так, што прыйшлося прытрымаць рукой аблавуху з аўчыны: