Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 140
Перейти на страницу:

— Ты, мабыць, не разумееш, што такое сям'я знатнага сеньёра, нават і збяднелага, і я, просты паляўнічы. Малады гаспадар не захоча мяне слухаць!

— Я думаю, што творца, калі ён сапраўдны носьбіт духу, не будзе тварыць толькі для сябе.

Альбрэхт нахмурыўся.

— Калі ў цябе ёсць грошы аплаціць мне мае клопаты і калі ты зможаш паказаць фон Бамбергу, што ты не просты вандроўнік, які лезе да яго з цікавасці, можа, ён і паверыць табе.

Жывена дастала кашалёк, падала яму сярэбраны талер. Альбрэхт падкінуў яго, прысвіснуў:

— Ух ты! Ты і праўда слаўны хлопец. Што ж, скажу табе адно: праз два дні каля ратушы, вось тут непадалёку, будзе выступаць брат Бяртольд. Спадзяюся, што змагу ўгаварыць сеньёра, бо ты моцна падштурхнуў жорны майго красамоўства. Эх, і наладжу ж я цяпер добры пачастунак сваім сябрам у гэтай харчэўні!

* * *

Раніца выдалася дажджыстая, туман попельнымі клубамі чапляўся за цёмна-шэрыя, пашчэрбленыя часам сцены манастыра святога Якава, пабудаванага, як даведалася Жывена, стагоддзя паўтара назад на грошы кіеўскіх князёў. Цяпер тут, у прыземістай трохпавярховай будыніне пад крутым чарапічным дахам, набажэнствы ішлі па лаціна-рымскім абрадзе, але старажытныя абразы былі падобныя да тых, якія дзяўчына бачыла ў Новагародскай царкве падчас адпявання дзеда Агапія, а на ляпніне, што вытанчаным поясам нібыта апаясвала храм, з радасцю пабачыла яна і постаці двух коней, чые галовы глядзелі ў розныя бакі. Такія знакі сустракаліся ў яе на радзіме, як і постаці двух юнакоў — на конях альбо без іх, заўсёды крочылі яны побач. Адкуль, з якіх глыбінь чалавечай цывілізацыі прыйшлі да розных народаў аднолькавыя сімвалы? Мабыць, гэта памяць аб арыях, чые словы адгукаюцца ў сённяшняй мове і славян, і немцаў…

Шэраю рабрынаю выгіналася пад дажджом вуліца, па якой трэба было ісці да ратушы, але варта было Жывене выйсці з-пад каменнай аркі, як дождж нібыта ўпіваўся ў яе плашч, і яна адступала назад. Сэрца яе ныла — не будзе казані, давядзецца самой ісці ў дом да фон Бамбергаў, і гэта можа скончыцца няўдачай альбо чым горшым, бо людзі, якія бралі дзіця, наўрад ці захочуць, каб яно, падросшы, ведала праўду. А можа, яно, ці, дакладней, ён, малады іх выхаванец, што-кольвечы і ведае аб сваім з'яўленні ў гэтым доме, але ведае тое, што захацелі расказаць яны, ягоныя прыёмныя бацькі.

У тую самую хвіліну, калі яна вырашыла, што слата будзе працягвацца ўвесь дзень, магутна, радасна і трошкі нібы збянтэжана з-за аблокаў зірнула сонца і, хаця кроплі яшчэ сачыліся з прадзіраўленага рэшата нябёсаў, заззялі, заіскрыліся ручаіны, што беглі па вуліцы ўздоўж, закурылася парай брукаванка і ясна глянула з пашчэрбленай сцяны шыльда цырульніка з намаляванымі на ёй рудым тазам і нажніцамі.

Калі Жывена дайшла да ратушы, там ужо сабралася купка людзей, якая хутка павялічвалася. Драўляны памост з лесвіцай, збіты з акуратна пагабляваных дошак, стаяў непадалёк, чалавек з харугвай, на якой быў намаляваны хрысціянскі бог, вымяраў, з якога боку дзьме вецер, каб усе, хто сабраўся, маглі пачуць прапаведніка. Пераважная большасць у натоўпе былі жанчыны, яны расказвалі пра цуды, якія суправаджалі брата Бяртольда: чалавек, які пасмяяўся з ягонай апошняй казані, быў забіты маланкай на ўласным ганку. А перад тым манах напрарочыў распусніцы, што прыйшла да яго пакаяцца, месца ў царстве нябесным і тым моцна збянтэжыў набожны люд. Але праз тыдзень тая распусніца загінула, ратуючы дзіця, што танула ў Данаў і, мабыць, сапраўды такі пайшла адразу да прастола Божага…

Тым часам худы, як выпетраны постам і маленнямі, чалавек ускараскаўся на памост, адкашляўся, загаварыў, час ад часу абтрасаючы доўгімі тонкімі пальцамі касматыя, падобныя да грывы валасы, што падалі на лоб. Спачатку ціхія, словы яго паступова наліваліся сілай, яны падалі ў натоўп, як іскры з вогнішча, якое ўсё набірала і набірала моц. Хутка на плошчы запанавала такая цішыня, што было чутна, як гучна пераклікаецца каля гарадской брамы варта і як вуркочуць галубы на карнізах вузкіх брукаванак з белымі выцягнутымі чатырохкутнікамі вокнаў.

Хтосьці асцярожна дакрануўся да яе пляча. Альбрэхт, па-змоўніцку падміргнуўшы, паказаў вачыма ўбок. Жывена зірнула — і сэрца як штурханула гарачая хваля: на кані, непадалёку ад яе, сядзеў Відэвут. На ім быў ярка-пунсовы каптан з вышытым каўняром, чатырохкутная аксамітавая шапка, з-пад якой віліся крутыя локаны — мабыць, валасы былі падвітыя па тутэйшай модзе, і, прыгледзеўшыся, дзяўчына заўважыла на шчацэ тонкі белы шнар. Каб не гэта, яго сапраўды можна было б прыняць за жраца з храма Ашвінаў. Але гэта быў ягоны брат, названы ў гонар прускага бога Брутэна, неад'емнага ад ягонага брата Відэвута, свяцілішчы якіх і цяпер яшчэ скрозь стаялі ў краіне прусаў — прынамсі, у той частцы краіны, якая яшчэ не была заваяваная тэўтонамі.

1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)