Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Пракурорка [Журнальный вариант, be]
Пракурорка [Журнальный вариант, be] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пракурорка [Журнальный вариант, be]

Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:

Аповесць «Пракурока» («Prokurator Alicja Horn») напісана ў 1932 годзе і прысвечана бліскучаму сталічнаму жыццю міжваеннай Варшавы.
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 179
Перейти на страницу:

Ля Бруніцкага сядзела Казя і актыўна заляцалася да прафесара. Бедны Караль выглядаў вельмі няшчасным. Гэта так развесяліла Друцкага, што ён адразу забыўся пра Чухноўскага.

— А… прабачце, — падаўся ён назад, робячы выгляд, што хоча знікнуць, — мне здаецца, што я вам перашкаджаю.

— Не, не, — закрычаў прафесар, — ніколькі, хадзі ж сюды!

— Можа, аднак?.. — цырымоніўся Друцкі.

— Ну хадзі ж! — на гэты раз Бруніцкі прасіў, нібыта крычаў: «Ратуйце!»

— Просім, пан дырэктар, — кінула на яго гарачы погляд Казя.

Як толькі ён сеў, яна пакрысе пачала падсоўвацца да яго.

— Ведаеш, — праз некалькі хвілін рашыўся прафесар, — пра нашы справы пагаворым іншым разам. Сёння і надта позна, і зашмат было віна. Я табе патэлефаную.

Друцкі яго не затрымліваў.

Ён не збіраўся адмаўляцца ад сваіх абяцанняў прафесару, але таксама не спяшаўся іх рэалізоўваць, тым больш што ён не меў паняцця, якіх ахвяр Караль ад яго запатрабуе.

Калі пасля провадаў прафесара ён вярнуўся ў залу, Чухноўскага ўжо не было.

Друцкі сеў на хвіліну за адзін столік, за другі, за трэці, потым паразмаўляў з бармэнам, зазірнуў у склеп і на кухню.

Тут яго знайшоў афіцыянт:

— Пан дырэктар, скандал!

— У зале?

— Не, толькі ў кабінеце пана дырэктара. Гэта бессаромніца Казя…

Друцкі ўжо ведаў, у чым справа. Канечне, скандал з Тэцяй.

— Ну, я ім пакажу! — мармытаў ён сам сабе, ідучы шырокім крокам.

Ён не памыліўся.

Кабінецік выглядаў, як поле бою. Тэлефонны апарат, пішучая машынка і куча папер ляжалі на падлозе. Крэслы былі перавернутыя.

Панна Тэця з растрапанымі валасамі сядзела ў куце на падлозе і залівалася слязьмі.

Донна Фіямета стаяла над ёй у падранай сукенцы і крычала, пагражаючы кулачкамі.

— Ціха! — гыркнуў Друцкі.

Казя апамяталася і, цяжка дыхаючы, звярнулася да яго:

— Пан дырэктар…

— Маўчаць!.. Панна Тэця, устаньце, калі ласка!

Усхліпваючы, сакратарка паднялася і закрыла вочы рукамі, зноў заходзячыся ад плачу.

За Друцкім і афіцыянтам у кабінет праціснулася яшчэ некалькі чалавек з рэстараннага персаналу і з трупы артыстаў.

— Што вам? — цыкнуў на іх Друцкі.

Штурхаючыся ў спешцы, яны выправадзіліся ў калідор.

Друцкі пачаў следства.

Аказалася, што Казя зайшла ў кабінет, каб адпрасіцца ў дырэктара на заўтра, і хацела тут яго пачакаць. Тэця не вельмі ветліва выправоджвала яе за дзверы. Словы перайшлі ў рукапрыкладства, прычым, немагчыма было вызначыць, хто з праціўніц першы распусціў рукі. Друцкі, аднак, ведаючы характар і адной, і другой, не меў ніякіх сумненняў, што напала тэмпераментная сеньярыта Фіямета, а не салодкая і нясмелая панна Тэця.

У канцы гэтага расследавання яму ўжо хацелася смяяцца, аднак, ён стрымліваўся і не мяняў грозную міну. Найперш неабходна было забяспечыць парадак і дысцыпліну. Друцкі добра ўсведамляў, што скандал узнік з-за яго на падставе рэўнасці. Таму таксама не спраўдзіліся прадказанні, якімі дзяліліся цяпер на кухні, у гардэробе, бары, што гучалі адзінагалосна:

— Дырэктар выганіць абедзвюх на ўсе чатыры бакі.

Не выгнаў. Ён загадаў Тэці апрануцца і ісці дадому, а заўтра з’явіцца на працу. Ён таксама папярэдзіў: пасля таго, што адбылося, ён не выплаціць ёй прэмію.

Казю Друцкі затрымаў.

Як толькі яны засталіся сам-насам, дзяўчына расплакалася, пачала прасіць прабачэння, спрабавала яго расчуліць, потым пасылала пракляцці ў адрас саперніцы, не шкадуючы самых смачных выразаў.

— Хопіць! — закрычаў Друцкі. — Ведаеш, што цябе чакае, я ж цябе папярэджваў. Касір выплаціць табе належнае — і да пабачэння.

— Даруй! Даруй! Даруйце, пан дырэктар! Клянуся, што больш ніколі, ніколі!..

Яна кінулася перад сталом, за якім ён сядзеў, на калені.

— Устань, бо ты мяне не расчуліш, а калені твае забаляць. Я сказаў — і кропка.

— Гэта адзін раз, — усхліпвала Казя, — апошні раз. Божа, Божа! І гэта з-за такой сцервы, з-за такой малпы!.. Я клянуся!

— Клянешся, а прыдумляеш далей, не веру я табе зусім…

— Я больш не буду, клянуся, што не буду, даруй, прабач, я так страшна цябе кахаю… Я больш гэтую безгаловую малпу пальцам не крану…

Друцкі сарваўся з месца і падышоў да акна. Ён павінен быў схаваць твар, бо смех яго проста душыў.

Нарэшце ён здолеў авалодаць сабой і сказаў:

— Ну, добра, можа, я табе і дарую, але з умовай… Пачакай!

Дзяўчына кінулася на яго і пачала цалаваць:

— О, які ты добры, які каханы, які адзіны.

— Супакойся, — ён адсунуў яе лёгка, але рашуча. — Спачатку выслухай, што я табе скажу. Можа, тады захочаш сысці.

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 179
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)