Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Падобна, небарака верыў, што пацукі ўсё дакладуць гаспадару горада.
Паскудная зграя ўладна праімчала пасярэдзіне вуліцы. Раптам Алесь, выпусціўшы коней, зрабіў імклівы рух, кінуўся на брукаванку. І ўстаў, падымаючы за загрывак пацука памерам з котку. Пачвара агідна верашчала і выкручвалася. Але малодшы Лёднік неяк дужа спрытна трымаў яе, не даючы ні ўкусіць, ні вырвацца. І яшчэ ласкава прыгаворваў, зазіраючы ў чырвоныя жудасныя вочы:
— Ціха, ціха, маленькі. Я цябе не пакрыўджу. Толькі пагляджу і адпушчу. Добра, маленькі?
Вырвіч словы пагубляў. Хаця не першы раз бачыў, як Аляксандр з дзяцінства ўпраўляецца з усялякай жывой гідкасцю. Толькі хто ж на ўсякую блазноту дзіцячую ўвагу звяртае? Паляваць хлапец не любіў, проста не мог стрэліць ні ў дзіка, ні ў лася, ні ў курапатку. Пранціш заўважыў — адмыслова хібіў. У чалавека вось — здаралася, раніў на полі бойкі. Ваяр жа расце! Каня самага наравістага Алесь мог супакоіць. Ну і што? Вырвіч сам яго такому вучыў. Вунь адзін з князёў Загорскіх неяк у карчме пад Нясвіжам хваліўся, што ў іх родзе ўменне перадаецца ў спадчыну — утаймоўваць поглядам нават ашалелых коней і сабак. Праўда, князь быў добра глыкнуўшы. А малодшы Лёднік, бывала, з крумкачом ці голубам на руцэ стаіць… Нібы размаўляе. Тады адпусціць. Блазнота… Але цяпер Вырвіч упершыню падумаў — ці не такім чынам праяўляецца ў хлапцы спадчынная магія? Вось і зараз — пацук неяк абмяк у руках захопніка, склаўшы лапкі, дазваляе сябе гладзіць, пакорліва расціскае сківіцы.
А вось яшчэ страшней — уся зграя за сваім чальцом вярнулася. Гатовыя кінуцца, павіскваюць, але стаяць ля ног Алеся нерухома, лупяцца. А велізарныя ж якія. Хвасты доўгія, голыя, з тры пальцы таўшчынёй. Вырвіч ледзь стрымліваў коней і ваніты, і мімаволі пачаў мармытаць:
— Хай уваскрэсне Бог і рассеюцца ворагі Яго, і няхай бягуць ад аблічча Яго тыя, хто ненавідзіць Яго…
А вось месціч зусім ашалеў. Вочы вырачыў, укленчыў, ледзь не лбом у брукаванку б’е. І ўвесь трасецца:
— Я не ведаў. Я не ведаў, што пан таксама Пацучыны Кароль. Не забірайце майго пляменніка. Хопіць з вас Гюнтэра.
Невядома, што прыйшло б яшчэ ў галаву пераляканаму баварцу, але малодшы Лёднік ласкава паказытаў ружовы жывот пачваркі і асцярожна апусціў на брукаванку. Статак адразу развярнуўся і плітануў прэч. Быццам смецце ветрам садзьмула.
— Незвычайныя пацукі, — задумліва прамовіў Алесь, акуратна выціраючы рукі хусткай, якая пахла ядлоўцам — Бутрым сам такія рыхтаваў, у настоі вымачваючы, і змушаў сямейных мець з сабою, каб заразу адганяць. — Я гэткіх разумных яшчэ не сустракаў. І будова сківіцаў адметная. Не зусім да грызуноў падобна. Хутчэй — драпежнікі. Быццам нешта сярэдняе паміж пацуком і сабакам.
Алесь схаваў хустку, падышоў да ўстрывожаных коней, пагладзіў па пысах. Тыя адразу супакоіліся. Вырвіч пракаўтнуў сліну і ўважліва ўгледзеўся ў хлапца, якога дагэтуль успрымаў такім вось… дадаткам да ўсемагутнага старэйшага Лёдніка.
— Ты што, размаўляеш з імі? З… пацукамі ды астатнімі?
Алесь неўразумела прыўзняў бровы.
— Ну якія размовы, дзядзька Пранціш. Я проста адчуваю жывёлаў. Не ведаю, як гэта апісаць. Часам мне здаецца, што я магу іх змусіць рабіць, што захачу. Але бацька заўсёды забараняў мне такія эксперыменты. Кажа — грэх. Таму — проста адчуваю. Звычайна — усё проста. Боязь, голад, злосць… А ў тутэйшых пацукоў — амаль як у чалавека. Мноства розных пачуццяў, якія мяняюцца, быццам вада цячэ.
Між тым Чорны Доктар выйшаў на вуліцу, выціраючы рукі ядлоўцавай хусткай. За ім паказалася кабета са Святога Юра. Яна нават спрабавала ўсміхнуцца і дзякавала, дзякавала. Дзіцячага плачу не чулася.
Калі ліцвіны ўселіся на коней і трохі ад’ехаліся ад дома, і грукат колаў за іх спінамі засведчыў, што маленькую труну павезлі ў апошні шлях, Бутрым змрочна паведаміў:
— Я адразу здагадаўся, што гэта за пацучыныя ўкусы. А ўсе таямніцы, рытуалы — вынік гульні не вельмі здаровага на галаву і вельмі жорсткага чалавека. Які, можа, кіруецца лепшымі пабуджэннямі. Я не супраць быў бы паглядзець на гэтага герцага Рутгера. І задаць яму пару пытанняў.
— Дык што за знакі ў іх на руках? — нецярпліва прыспешыў Пранціш.
Але адказу не атрымаў: жаданне Лёдніка пазнаёміцца з клятым герцагам, падобна, спраўджвалася на вачах. Таму што па вуліцы ім насустрач скакалі вершнікі. Блішчэлі нагруднікі, кальчужныя панцыры і металёвыя шапкі з вузкімі брылямі, падобныя да місак, напагатове былі арбалеты, пістолі і рапіры.
Тое, што герцаг запрашае гасцей горада ў госці, прагучала так, што незразумела: адразу іх у сутарэнні запратораць, альбо яшчэ дазволяць штось сказаць у апраўданне.