Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
Спроба вылучыць з вайны ў якасці станоўчага прыкладу той ці іншы гераічны імператыў - інтэлектуальная прафанацыя. Ніякі грамадскі інстытут не можа быць больш маральным за маральнасць таго часу, таго грамадскага стану і ладу, у якім існуе. Ён можа дэклараваць якія заўгодна маральныя пастулаты, абапірацца на якія заўгодна высакародныя прынцыпы, але рэальна дзейнічаць будзе на тых, што сфармаваныя тагачасным жыццём. Этычны кодэкс хрысціянства застаецца нязменным з часоў апостала Паўла, а сама царква ў розную пару і рабавала, і забівала, і здраджвала сабе і Богу, карацей, падпарадкоўвалася маральнаму закону рэальнага існавання-бытавання. (...)
Вайна - гэта паганства, вайна - гэта вяртанне чалавека ў задушлівае лона пячорнага бога, жорсткага і памыслівага. Як быццам не было дзвюх тысяч год цярплівага гадаваня этычнага імператыву, як быццам мы зноў вярнуліся ў дагісторыю.
Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых
Каб не ўскрэслі век яны.
...............................
Рыйце загадзя магілы,
Вырывайце з жывых жылы,
Кроў за кроў, а смерць за смерць.
Янка Купала".
Савецкая вайна 1941-1945 гг. для бальшыні беларусаў і па сёння застаецца святарным капішчам, куды збіраюцца толькі маліцца "со слезами на глазах" - і нічога больш. Хаця за гэтыя гады надрукавана мноства артыкулаў і кніг, якія даводзяць, што нічога святарнага ў той вайне і блізу не было. Адно палітычнае паскудства ў апакаліптычных памерах. І ўсё роўна гэтаму не шмат хто дае веры, у чым не складана пераканацца 9 траўня хоць якога года, зазірнуўшы на плошчы беларускіх гарадоў і мястэчак.
А чвэрць стагоддзя таму маё эсэ выглядала нават не блюзнерствам, а публічным злачынствам. Не стану згадваць усе тыя праклёны, што неўзабаве абрынуліся на мяне. Хіба вось толькі гэты...
Зусім выпадкова пачуў па радыё, як знакамітыя ветэраны вайны абмяркоўвалі маё эсэ. У нейкі момант адзін з іх літаральна закрычаў: мінула 40 год пасля Перамогі, а Акудовіч усё яшчэ страляе ў нашыя спіны...
Што праўда, і падтрымлівалі мяне моцна. Хаця пераважна цішком...
***
Мяркую, што я чалавек досыць адказны. Прынамсі, абяцанае звычайна выконваю. А тут не хапала адвагі сказаць Някляеву кароткае слова - "Не". І я схаваўся ў моўчу.
Як ні дзіўна, радыкальная перамена ў той сітуацыі адбылася праз кароткую рэпліку Алеся Разанава, які ўжо раней даў згоду бурыць старую "Крыніцу".
Неяк мы развітваліся ў цёмным пераходзе да метро і ўсё не маглі развітацца, бо я тлумачыў ды шматкроць ператлумачваў, чаму не магу пакінуць "Культуру". А калі стаміўся ад сваіх словаў, Алесь Разанаў сказаў:
- Валянцін, без Вас я таксама не застануся ў "Крыніцы".
I пайшоў.
Я быў настолькі ўражаны, што, здаецца, і па сёння не магу ачомацца. Чаму ён так сказаў, з чаго?
Толькі як бы там ні было, пасля ягоных словаў я пагадзіўся ў адной рэдакцыі працаваць на поўную стаўку, а ў другой - на палову. Тым болей, што яны месціліся непадалёку адна да другой і за працоўны дзень можна было лёгка перабегчы некалькі разоў паміж імі.
А потым мы падступіліся да распрацоўкі канцэпцыі. Збіраліся ўсім хаўрусам раз-пораз колькі месяцаў запар і ўсё распрацоўвалі, распрацоўвалі, распрацоўвалі, пакуль у Някляева каньяк не скончыўся. Хаця мы яго ашчаджалі. За вечар звычайна не болей як дзве пляшкі адкаркоўвалі.
Рэч у тым, што ў бязладдзі канца васьмідзясятых - пачатку дзевяностых, калі грошы нічога не каштавалі, розныя фінансавыя аперацыі рабіліся праз бартэр. За якія такія паслугі старая "Крыніца" атрымала поўны склеп з найлепшым грузінскім каньяком, мы, зразумела, не цікавіліся. Але нават у 1994 годзе заставалася яшчэ не апошняя скрыня.
Дарэчы, каньяк нам зусім не замінаў, а хутчэй адно падахвочваў да крытычных рэфлексій, і ўрэшце рэшт канцэпцыя атрымалася абсалютна арыгінальнай, прынамсі, у кантэксце айчыннага пісьменства. Нехта (можа, і я?) нават запрапанаваў надрукаваць на пачатку першага нумара тыя нашыя рэфлексіі ў суплёце персанальных эсэ. Так і зрабілі.
У сваім эсэ ("Пярэйсце") я пісаў:
"Хацелася б яшчэ раз засцерагчы часопіс ад небяспекі трансфармацыі ў чарговы «літарацкі кангрэс», дзе на падставе парытэту стануць яднацца ўсе дзейнікі літарацкай грамады.
Не яднацца, а вылучацца.
Вылучацца з агульнага - адметным, з савецкага - нацыянальным, з нацыянальнага - еўрапейскім, з еўрапейскага - праз самаідэнтыфікацыю, - беларускім...
Апошняе - найскладаней, бо як ні цяжка нам сёння ўвайсці ў культурны дыскурс Еўропы, вярнуцца з яго да саміх сябе будзе значна цяжэй".
***