Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другие документальные фильмы » Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]

Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:

Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 153
Перейти на страницу:

Мне няцяжка зразумець пазіцыю заангажаваных "тарашкевіцай" філолагаў як філолагаў (і нават часткова пагадзіцца з ёй у дыскурсе ўласна філалогіі), але я не магу зразумець палітыкаў-філолагаў, якія надзвычай вострую і складаную сапраўды палітычную праблему беларускай мовы як вялікага цэлага раздрабілі, ускладнілі ды заблыталі сваімі філалагічнымі капрызамі і прыхамацямі.

У сітуацыі, калі мовай апанавала амаль безнадзейная крыза і калі адзіным рацыянальным крокам была апеляцыя да грамадства на той беларускай мове, якую яно хоць трохі ведала з школьных падручнікаў, кніг Брыля, Караткевіча і Быкава, праграмаў радыё і тэлебачання, дадаткова ўскладняць праблему яе канцэптуальнай контррэформай, хоць трохі ўцямнай адно філалагічна адукаванаму чалавеку - да гэтага трэба было яшчэ дадумацца.

Мая дачка, вучаніца Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, дзе ад пачатку нелегальна запанавала "тарашкевіца", летам 2003 года са студэнтамі педуніверсітэта ездзіла ў фальклорную экспедыцыю. А калі вярнулася, дык з сарамлівым посмехам зазначыла:

- Ведаеш, тата, у вёсках нашу беларускую мову ніхто не разумее.

- Натуральна, - буркатнуў я. - Нашыя філолагі сваёй мовай загубілі палітыку, а сваёй палітыкай - мову.

Тэза залішне эмацыйная і таму не надта справядлівая. Сляпое памкненне да прасоўвання "тарашкевіцы" ў народ бяспрэчна пагоршыла і ўскладніла агульную сітуацыю з беларускай мовай, хаця прычына самой сітуацыі, зразумела, паходзіла не з канфлікту правапісаў "тарашкевіцы" і "наркамаўкі".

***

Калі ў мяне атрымлівалася завітаць у мястэчка Свіслач, дзе я нарадзіўся і пасталеў, дык нябожчык бацька зазвычай сустракаў словамі: "Беларус прыехаў". Ён не казаў: "сын", "пісьменнік", "мянчук", урэшце - "валацуга". Усё астатняе не было для яго вартай увагі адметнасцю, раўнуючы з тым, што я - беларус.

З гэтага вітання я трохі злаваўся і часам мне карцела запытацца:

- А вы што, бацька, з неба зваліліся? Ці ж не такі вы самы беларус, як і я?

Але не пытаўся, паколькі разумеў: бацька мае рацыю. Бо з даўніх давён так павялося, што азначэнне беларус у нас найперш адсылае да экзістэнцыйнага выбару чалавека, яго ідэалагічнай заангажаванасці, палітычнай залежнасці, свядома абранай экзатычнай мовы і з гэтага - да адметнага спосабу мыслення і ладу жыцця, а толькі потым да нацыянальнай кадыфікацыі, якая сама па сабе ні пра што не кажа.

Быць беларусам на Беларусі - гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласную хэнць быць для некага місіянерам новай веры, для кагосьці варожым прыблудам, а для ўсіх астатніх - от такім сабе блазнам. Нават сам зварот да беларускага слова ў Беларусі ёсць ні чым іншым, як грамадзянскім учынкам (і яшчэ - эстэтычным актам).

Ва ўсім свеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы прамаўляем па-беларуску, дык не проста сумовімся, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі перформанс, паколькі ўвага ўсіх, хто выпадкова апынуўся побач, адразу засяроджваецца на нечаканым дзіве.

Уласна, быць беларусам - гэта штодня выконваць ролю беларуса ў бясконцым спектаклі без пачатку і канца... Гэта жыць і памерці на сцэне з родным словам на вуснах. Але і па смерці твая месіянерская доля не мусіць быць перапыненай і на помніку тваё імя і прозвішча абавязкова напішуць на матчынай мове.

Пасля восьмага класа бацькі выправілі мяне з мястэчка ў няблізкі свет - паступаць у тэхнічную вучэльню аж пад Маскву. Праз два тыдні я вярнуўся да хаты без студэнцкага білета, але з неблагой расейскай гаворкай (на тую пару я ўжо ад пуза быў наеты расейскай літаратурай, і ў расейскамоўным асяродку мая лінгвістычная інверсія адбылася без аніякіх высілкаў з майго боку). На бацькаўшчыне я хутчэй па інерцыі, хаця і не без пэўнага форсу, нейкі час працягваў размаўляць па-расейску. Ах, з якім захапленнем і зайздрасцю глядзелі на мяне сябрукі, якой глыбокай і шчаслівай радасцю свяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маё "оканье".

1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)