Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
I толькі праз шмат год, ужо ў пару "перабудовы", неяк згадаўшы тую сітуацыю, я зразумеў: прычынай захаплення і зайздрасці былі зусім не мае лінгвістычныя здольнасці, а здавён сфармаванае ўсведамленне, што ў чалавека, які лёгка развітваецца са сваёй мовай, ёсць варыянты лепшай за беларускую долі...
Дарэчы, мая маці сталася самай прывілеяванай партніхай мястэчка не тольга з сваіх прафесійных здольнасцяў, але і з моўных. Паколькі ўсё мясцовае начальства было з прысланых сюды пасля вайны расейцаў (ці добра абруселых беларусаў), дык яна хуценька засвоіла рускую мову і тым самым прыгарнула да сябе найбольш заможную кліентуру.
Карацей кажучы, для беларусаў тутэйшая мова з даўніх давён была тым ганебным таўром, якое кожны мусіў з сябе вытравіць (ці хаця б старанна прыхаваць), калі ён імкнуўся падвысіць свой сацыяльны статус.
***
Першы нумар новага часопіса, што не дзіва, выклікаў цікаўнасць. Хаця ажыятажу не заўважалася. А самай частай эмоцыяй выявілася непаразуменне... Для яго хапала самых розных падставаў, аднак паперадзе іх, безумоўна, была наступная: як можна агулам у адну лінейку друкаваць Алеся Асташонка, Міхаіла Бахціна, Франсуа Рабле, Галіну Булыку, Самуэля Бэкета... Дзе той Бэкет і дзе тая Булыка?!
Ва ўласна літарацкім асяроддзі гэтае непаразуменне падвышалася раздражнёнасцю, маўляў, ніхто не адмаўляе, што Булыка таленавітая паэтка, аднак колькі ў нас больш заслужаных празаікаў і паэтаў, каб прэзентаваць прыгожае беларускае пісьменства ў першым нумары?
У гэтым яны мелі рацыю, толькі заўважу (весела), што з постаццю больш "заслужанага" негатыўных эмоцыяў напэўна было б яшчэ болей. Такая ўжо прырода мастацкага таленту - яго без зайдрасці, здаецца, і не бывае.
Дарэчы, у тым, часткова і сітуацыйным выбары постаці, ніхто тады не расчытаў патаемнага знаку. Менавіта Галіна Булыка стане галоўным рэдактарам "Крыніцы" пасля Уладзіміра Някляева.
А вось адзін верш з той паэтычнай нізкі...
Ювелір
Калі навечна вызваліў ён грані,
Калі з кутоў бліскучы пыл скрышыў,
Калі таварным стаў прыродны камень,-
Сышло натхненне з майстравай душы.
Аправіць адмыслова і багата,
Схавае ў аксамітны футарал...
Імкнуцца долу спелыя караты,
Як пачуццё, якога не чакаў.
І блісне дыямент на раздарожжы
Малой дваінкай існасці зямной,
І ў лужыне абудзіцца...
Дык, можа,
Ён да натуры верненна самой?
І ў летуценнай ювелірнай форме,
У жудаснай дакладнасц кута
Паспее пакрывіцца слепа-чорны,
Усюдыісны
Цень ад капыта?
***
Пасля выхаду першага нумара неяк зазірнуў у кабінет Някляева. Каля яго стала сядзеў Павел Якубовіч (тады ўжо галоўны рэдактар "Савецкай Беларусі"). Яны з нечага моцна весялілся.
- О, Валянцін! - радасна ўсклікнуў Павал Ізотавіч. - А мы тут цябе вывучаем. І нічога не разумеем. Паслухай. - І ён працытаваў некалькі радкоў з майго эсэ пра паэзію Галіны Булыкі. Натуральна, я ўжо не памятаю, з чаго яны рагаталі канкрэтна, таму абнаяўлю той невялічкі тэкст.
"(...) Галіна Булыка небяспечна наблізілася да нябёсаў...
Каб пераадолець уладны цяжар зямлі, ёй спатрэбілася вынесці паэзію з кантэксту цялеснай кранальнасці ў метафізічны дыскурс...
Мяркую, што на сёння Галіна Булыка ўжо змагла амаль канчаткова разасобіць "плоць" і "дух", рассунуць іх па розных вымярэннях аднаго існавання і гэтым як бы ўзаконіць амбівалентнасць у якасці парадыгмы ўласнага лёсу. 3 апошняга вынікла магчымаснь асвойтваць геаграфію транснэндэнтнага, не ахвяруючы ўжытковым, і песціцца ва ўтульнасці жытла, не пазбягаючы скразнякоў астральнага бязмежжа.
І ўсё ж не будзем ідэалізаваць амбівалентнасць у якасці парадыгмы існавання. Дваістае прачытанне сябе, як падзеі быцця, пагражае непаўнатой прысутнасці і там і тут, тоіць небяспеку блытаніны ў прамежку паміж нелінейна рассунутымі скранямі і не выключае таго, што аднойчы дваістаснь абернецца раздвоенасцю, дзе кожная з супрацьлегласцяў гэтай раздвоенасці станецца асобным, але аднолькава чужым для паэта лёсам...
Эрэшты, ці не ёсць адчужанасць ад самога сябе тым наканаваннем, з якім мусіць змірыцца ўсялякі, хто наважыўся зрыфмаваць рып астральнага кола з тахканнем крыві ў скронях?"
Я павесяліўся разам з імі, бо іх смех быў не крыўдлівы - хутчэй наадварот. Гэтак з аднаго боку, а з другога, галоўны рэдактар "Савецкай Беларусі" і не мусіў разумець мае тэксты. У гонар яму было тое, што ён мог весела прызнацца ў гэтым. 3аакцэнтую, ключавым словам тут ёсць весела... Бо праз некалькі месяцаў прыкладна на гэтым самым месцы побач з Някляевым сядзелі самы знакаміты беларускі драматург і галоўны рэдактар найбольш знанага літаратурнага часопіса. У той дзень "Культура" якраз выйшла з чарговым сшыткам "3НО", і я прынёс некалькі асобнікаў Някляеву. Той прадставіў мяне, запрасіў прысесці збоку да іх сябрыны і паказаў сваім сумоўнікам "3НО". Тыя паспрабавалі ўчытацца ў розныя тэксты, але неўзабаве я пачуў зласлівае "Гы-гы-гы". Сустрэнуць слова "амбівалентнасць" - "гы-гы-гы", "ментальнасць" - гы-гы-гы", "бінарная апазіцыя" - "гы-гы-гы" (і г.д і да т.п). У паўзах паміж злоснымі і пагардлівымі "гы-гы-гы" адзін кажа: я амаль нічога тут не разумею, хаця мае п’есы ва ўсіх тэатрах Саюза ставяць. Другі кажа: я і разумець тут нічога не хачу. У мяне найлепшы беларускі часопіс, а гэта што? Вучыся, хлопец, у нас пісаць...