Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
Тады гэтыя людзі кінулі вырабляць голкі і звялі ўсё жалеза на помнік таму вялікаму чалавеку.
Файны атрымаўся помнік. Але дзівіў не гэтак сваімі памерамі, як вытанчанасцю дробязяў. Шкада толькі, што ён і дасюль покатам марнуецца ля кузні, бо няма каму ўсцягнуць яго на пастамент. Вядома, якія там людзі пад нізкім небам! Адно што празываюцца людзьмі...
Першае каханне
Мы і перажагнуцца не паспелі, а Богусь ужо сядзеў на чырвоным даху касцёла. Аднак гэтага яму падалося мала, і ён усцягнуўся на самы крыж.
Першы анёл, які вяртаўся, мяркуючы па стомленых рухах, аднекуль здалёк, толькі прабуркатаў незадаволена: "Што, іншага месца не знайшлося?", а другі, яшчэ зусім маладзенькі, аж аслупянеў, убачыўшы Богуся. Анёлак стаяў слупам у паветры і лыпаў вачыма.
- Гэй, ты, лупавокі, - закамандаваў Богусь, - злётай у вёску па Маню.
Маня хутка прыбегла і, нічога не пытаючыся, засакатала, як сячкарня:
- Дурны ты, Богусь! Каб меней піў гарэлкі, а болей чытаў кніжак, дык ведаў бы, што першае каханне не дзеля таго, каб закаханыя бралі шлюб, а каб потым усё жыццё замілавана ўспамінаць тыя шчаслівыя хвіліны...
- Хай сабе, - толькі й адказаў Богусь.
- Ну, калі ты гэткі дурань, дык і сядзі сабе тут, як варона, - раззлавалася Маня і паспяшалася дахаты, адкуль хутка з’ехала вучыцца ў горад. Але шлюбам яна так ніколі і не пабралася, бо ў яе былі надта валасатыя ногі, а на той час якраз прыспела мода на голыя лыткі. Калі тая мода скончылася, Маня была ўжо старой дзеўкай, і ёй больш нічога не заставалася, як усё жыццё замілавана ўспамінаць сваё першае каханне. А Богусь дасюль не злез з даху. Тырчыць там ці як укрыжаваны, ці як варона, і мы ўсе (і анёлы, і людзі) даўно ўжо з гэтым звыкліся. Бо калі тое было - мода на голыя лыткі.
Аргумент
Адзін з нас меў аргумент, а ўсе астатнія праставалі туды, куды дзьме вецер.
Сёння вецер быў з аднаго боку, заўтра з іншага, і таму рана ці позна, але мы зноў вярталіся да выспы за вёскай, дзе сядзеў той - з аргументам.
- Куды гэта вы, хлопцы? - шкадуючы, пытаўся ён і пазяхаў так, што нават дурань разумеў: гэты чалавек мае аргумент, і яму няма патрэбы куды б там ні было цягнуцца і недзе нешта шукаць.
Звычайна яму не адказвалі, хіба найбольш стомлены гняўліва буркатне:
- А табе што за справа, абібок?!
І мы рушылі далей, хаця сёй-той, употайкі ад іншых, доўга азіраўся туды, дзе сядзеў гэты, з аргументам, і сачыў за дымам над комінамі. І неаднойчы сяму-таму карцела запытацца, чаму ён сядзіць, калі ўсе мы ходзім. Толькі запытацца ніяк не выпадала, бо калі адзін пытаецца ва ўсіх - гэта зразумела, але дзе вы чулі, каб усе пыталіся ў аднаго?
І мы крочылі далей і мелі шляхетны гонар ад упартай хады, сэнс якой быў у няспынным руху. І калі што нас палохала, дык гэта не стома, пабітыя ногі ці смага, а спакой. Раптам вецер сціхаў, і мы спыняліся, як бы спатыкнуўшыся, бо без ветру не ведалі, куды нам цяпер кіраваць?
Што ў тыя хвіліны рабілася - цяжка нават згадваць, ды, дзякаваць Богу, усялякі раз вецер падымаўся зноў, а разам з ім падымаліся і мы, каб рушыць далей.
Так здарылася, гэтак аднойчы мусіла здарыцца, што вецер зноў суняўся якраз тады, калі мы праміналі выспу, на якой сядзеў той, з аргументам. Толькі гэтым разам мы не вытрывалі і запыталі: які такі важкі аргумент ён мае пры сабе, што не баіцца сядзець на адным месцы, калі ўсе астатнія спыняюцца адно тады, як спыніцца вецер?
- Колькі б вы ні хадзілі, хлопцы, усюды ў вас пад нагамі будзе зямля, над галавой - неба, а на карку - дармаед з пугай, - гэтак адказаў ён. І наастачу яшчэ раз запэўніў: - Усюды.
Толькі нямногія з нас пачулі ягоныя словы, бо раптам далягляд абазваўся ветрыкам, і мы ўсхапіліся...
Мы ўсхапіліся і, з’едліва пазіраючы лайдаку ў твар, рушылі паўз выспу туды, куды праставаў вецер.
***
А цяпер час патлумачыць, што гэты раздзел прызначаны зусім не той "Крыніцы", з якой я распачаў аповед. Пара яе азарэння была кароткай, бо неўзабаве пачаўся распад імперыі і ўсюды запанавала вольная воля як для прамоўленага, так і для друкаванага слова. І ў гэтым вэрхале вербальных свабодаў "Крыніца" згубілася, што тая голка ў капе сена. Імклівае ўзвышша перакулілася ў яшчэ больш імклівы заняпад. Чытач знікаў на вачах - амаль дазвання.
"Не ведаю што, але нешта трэба рабіць". Напэўна, так думаў Уладзімір Някляеў у тую пару. І прыдумаў...
Потым я не аднойчы выкажу шкадаванне, што сярод шматлікіх і яскравых талентаў Някляева мала хто зважае на яго талент галоўнага рэдактара часопіса. А гэта вельмі рэдкі і надзвычай важны для літаратуры талент. У нашым часе бліжэй да Някляева я магу паставіць хіба толькі Барыса Пятровіча ("Дзеяслоў"). Што праўда, сюды просіцца быць далучаным Валерка Булгакаў ("Архэ"). Хаця ягоны праект часопісам увогуле складана назваць...