Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
Калі коратка, дык урэшце рэшт Някляеў здумеўся і наважыўся перафарматаваць сваё масавае моладзевае выданне ў элітны культуралагічны часопіс. Які паводле азначэння не мог быць чытаны "ад Камчаткі да Брэста".
Два радыкальна розныя часопісы пад адной вокладкай і з тым жа рэдактарам - гэта калі не ўнікальны, дык надзвычай рэдкі выпадак. І ніхто не мог ведаць, што з гэтай авантуры атрымаецца? Але каб даведацца, найперш трэба было абнавіць увесь склад рэдакцыі, а менавіта, пазвальняць былых паплечнікаў і знайсці людзей, якія з прыроды сваёй творчай канстытуцыі проста не ўмелі б рабіць прадукт для поп-культуры.
Як ён збіраў новы хаўрус - яшчэ тая гісторыя, і я неўзабаве на ўласным прыкладзе трохі пра яе распавяду. А пакуль вось што атрымалася на яве: Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Асташонак, Валянцін Акудовіч...
Тут найперш варта заўважыць, што і тут Някляеў рызыкаваў, бо амаль кожны з бальшыні гэтага складу сам на той час мог быць галоўным рэдактарам хоць якога літаратурнага часопіса. Таленавітыя, папулярныя, шырока вядомыя сваімі кніжкамі і публічнымі выступамі... Ну што тут яшчэ казаць?
Я пра нейкую небяспеку ў гэтым сэнсе тады з сваёй наіўнасці і падумаць не мог, пакуль не здарыўся адзін анекдатычны, хаця і зусім не смешны, выпадак. Сядзелі неяк хаўрусам у адным з рэдакцыйных кабінетаў (дзверы шырока адчы-неныя) і наракалі - нешта даўно заробку не было. І тут прыдумляка па жыцці Алесь Асташонак весела кажа: слухайце, хлопцы, паколькі Някляеву шкадуюць грошай, то давайце зменім галоўнага рэдактара. У нас жа дэмакратыя...
Мы бурлескава пачалі абмяркоўваць, каго з нас выбраць замест Някляева? Весяліліся, пакуль не надакучыла. І ўжо добра забыліся на той бурлеск, як урываецца ў расчыненыя дзверы раз’юшаны Някляеў (я такім яго потым, зда-ецца, ніколі болей не бачыў) і амаль што не енчыць. 3 таго шалёнага маналога мне блізка да сэнсу запомніўся ўсяго адзін фрагмент. Маўляў, разумныя людзі мяне (Някляева) папярэдждвалі, каб набіраў у рэдактары звычайных філолагаў, бо гэтыя геніі толькі і будуць чакаць моманту, каб заняць тваё месца...
Мы не хутка зразумелі, скуль ягоны шал, а як уцямілі, дык абурана пачалі тлумачыць, што проста весяліліся ад няма чаго... Толькі ён не адразу даў нам веры і нават прагаварыўся, што яму дахаты патэлефанавалі дзяўчаты з тэхнічнага аддзелу і папярэдзілі: супраць цябе рыхтуецца змова...
Дарэчы, прамінуць гады, і Някляеў будзе змушаны схавацца ад арышту ў эміграцыю. Тады мы папрасілі міністэрства, каб галоўным рэдактарам нам прызначылі Алеся Разанава, толькі ўладам нашая ідэя зусім не спадабалася...
***
Праз нейкі час, калі новая "Крыніца" заявіць пра сябе як ці не пра самы адметны беларускі часопіс (і не толькі таго часу), Някляеву прапануюць яшчэ ўзначаліць тыднёвік "Літаратура і мастацтва", каб яго таксама рэфармаваць.
Тады ён сабраў нас і сказаў: я пагаджуся, але толькі як вы таксама пойдзеце са мной у "ЛіМ" дапамагаць.
3 гэтага я пачаў чапляцца, каб ён патлумачыў у які аддзел мяне накіруе, на якую пасаду? Відаць, ён сам не ведаў, куды мяне прыткнуць, бо нейкі час нічога ўцямнага не мог прапанаваць. А калі я ўжо моцна яму надакучыў, дык з насмешлівым абурэннем сказаў:
- Адчапіся. Пойдзеш працаваць на пасаду Акудовіча.
Я згадаў той эпізод не так сабе, а каб трохі патлумачыць у канкрэтыцы талент Някляева як галоўнага рэдактара. Ён запрашаў у шараговыя супрацоўнікі асобаў, якія самі мелі што сказаць чытачу. А як ты пагадзіўся, то і рабі, што табе карціць. Някляеў настолькі даваў нам веры, што, здаецца, нават не кожны нумар часопіса чытаў. Ну хіба адно перагортваў пасля выхаду ў свет.
Хаця, натуральна, у "Крыніцы", як у дзяржаўнага прадпрыемства, была афіцыйна зацверджаная структура аддзелаў і штатных адзінак. У звязку з апошнім просіцца быць згаданы яшчэ адзін эпізод. Паколькі часопіс меўся стацца культуралагічным выданнем, то Някляеў пад гэтую перамену прыдумаў дамагчыся ў міністэрстве адзінку штатнага культуролага. І калі я ўпарціўся пераходзіць з "Культуры" у "Крыніцу", ён мяне гэтым нават шантажаваў:
- Я дзеля цябе дамогся новай пасады, а ты ведаеш, як гэта складана?!
Час пакажа, што гісторыя з пераходам у "Крыніцу" потым аказалася для мяне надзвычай важнай. 3 гэтага я яе таксама не праміну.