Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
У тую пару з Уладзімірам Някляевым я яшчэ не быў асабіста знаёмы. Таму мяне моцна здзівіла яго тэлефанаванне з прапановай сустрэцца...
У кабінеце галоўнага рэдактара ён чакаў мяне з выдатным празаікам і чалавекам Кастусём Тарасавым. На століку стаяла ледзьве распачатая пляшка добрага напою. Як пакрысе сталася зразумелым, Кастусь - мы з ім былі ўжо трохі знаёмыя - быў пакліканы, каб падтрымаць інтэнцыю Някляева.
Пасля таго, як я пачуў шмат словаў пра ідэю новай "Крыніцы", Някляеў прапанаваў далучыцца да гэтай справы. Паводле яго меркавання, яна мне пасавала як нікому яшчэ.
Што і казаць, ні пра што такое я і думаць не думаў. Гэта было залішне знянацку. А калі трохі ачомаўся, дык адразу згадаў пра "3НО". Сшытак на вачах набіраўся моцы, і я ўсё болей адчуваў яго як свой уласны праект. А, магчыма, нават і як пакліканне.
Шчыра падзякаваўшы за гонар, я і нагадаў сумоўнікам пра "3НО". Яны пра яго добра ведалі, хаця, пакуль у чарках заставаўся напой, не спыняліся даводзіць, што мне мусова далучыцца да новай "Крыніцы".
На развітанне я паабяцаў усё тут прамоўленае ўзважыць...
Хаця ўзважваць не было чаго. Навошта мне цягнуцца некуды яшчэ, калі ў "Культуры" я маю ўсё, пра што раней і марыць не мог.
***
Дарэчы, праца яшчэ і ў "ЛіМе" лішне не задоўжылася. Разам з тым згадалася, што менавіта тут у розныя гады я надрукаваў ці не найбольш знакавых для сябе матэрыялаў (раўнуючы з іншымі перыёдыкамі). Адзін з іх, адсланіўшыся на момант ад "Крыніцы", і хачу паказаць.
Здараюцца шчаслівыя тэксты, якія ў справе назапашвання сімвалічнага капіталу адыгрываюць для аўтара не меншую ролю, чым некаторыя кнігі. У маёй гісторыі менавіта так яно некалькі разоў і здаралася. Першым сярод падобных выпадкаў сталася эсэ "Вялікая Айчынная ці Другая сусветная? (ЛіМ, 1992 г.)". Разумею, што яно будзе вытыркацца з тут-кантэкста. Але паколькі мне шмат што з таго эсэ ўсё яшчэ бачыцца актуальным, то я адшкадую дзеля асобных фрагментаў з яго трохі месца.
"У размовах пра партызанку падчас апошняй вайны звычайна застаюцца ўбаку ці ўзгадваюцца адно ўскосна прынцыповыя пытанні гэтай падзеі і найперш наступнае: масавы партызанскі рух - штучна створаны прэцэдэнт ці натуральна абумоўлены гісторыяй Беларусі факт? Паколькі гэтае пытанне ўтрымлівае ў сабе шмат аспектаў, паспрабуем вылучыць у ім галоўнае. Нашы вясковыя дзядзькі самахоць пацягнуліся ў лясы, ці наўмысна створаная сітуацыя справакавала іх хавацца ў гушчарах і часам хапацца за стрэльбы. І яшчэ больш канкрэтна: партызанская вайна была нязмушаным памкненнем вольналюбівых і мужных беларусаў да вызвалення ад акупацыі ці такі выраз ёй надалі, зыходзячы з пэўных палітычных інтарэсаў?
Асабіста я схільны лічыць, што ідэя змагання з акупантамі небеларускага паходжання. Як на маё разумение, дык у праекцыі на беларусаў яна не мае гістарычна пацверджанага генезісу, прынамсі не мела на той час, бо традыцыя барацьбы з іншаземцамі была перарваная для беларусаў у апакаліптычных войнах з маскоўцамі ў другой палове XVII стагоддзя (...).
Ды і ўвогуле, гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова негераічны. Масавы збройны гераізм - гэта аксюмарон. Калі б гэтая з’ява існавала папраўдзе, а не была толькі ідэалагічнай фігурай, то народы ўжо даўно павыбівалі б адзін аднаго ўшчэнт.
Масавы гераізм з’ява больш небяспечная, чым адсутнасць гераізму ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом смяртэльнай хваробы, за якой страта народам важнейшага з інстынктаў - інстынкту самазахавання.
Невыпадкова ў мове беларусаў няма слова, якое б казала пра гэтую з’яву. Больш таго, нават яе паасобныя праявы не абапіраюцца на ўстойлівыя лексемы, а кніжнае, з ідэалагічнай лексікі "герой" у жывым вымаўленні гучыць не інакш як скептычна (...).
Вернемся да вылучанай раней тэзы: ідэя ўзброенага змагання з нямецкімі акупантамі небеларускага паходжання.
Яшчэ да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, вынішчаная войнамі з маскоўцамі, наша Бацькаўшчына ўжо была, у нейкім сэнсе, акупаваная Польшчай. А далей пацягнулася суцэльная эпоха перманентных акупацый: шведы, французы, немцы, палякі, зноў немцы, а напачатку, у прамежках і потым - расейцы, расейцы, расейцы. Паднявольны стан, стан акупацыі зрабіўся натуральным для нас, і з цягам часу беларускі народ ужыўся з прыгнётам, як ужываецца чалавек з ціскам атмасферы.
Зноў жа звернем увагу, як сітуацыя бесперапыннага прыгнёту адбілася ў мове. Вызначаючы час той ці іншай падзеі, яны звычайна кажуць: за палякамі, за немцамі, за саветамі. Мова народа ўжо не ўтрымлівае катэгорыі самастойнага існавання на сваёй зямлі. (...)