Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:

Двухтомнік славутай дачкі беларускай зямлі Ларысы Геніюш пабачыў свет у стагоддзе з дня яе нараджэння. Публікацыя ўвабрала ў сябе не толькі паэзію, але таксама прозу. Уключае зборнік і эпісталярную спадчыну паэткі. Другі том юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш складаецца з двух раздзелаў – “Проза” і “З эпісталярнай спадчыны (1943-1983)”. У празаічны раздзел увайшлі аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрца”, які ў кніжных выданнях не друкаваўся, і дакументальная аповесць “Споведзь”. У эпісталярным раздзеле друкуюцца 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка з іх – упершыню. З лістоў Ларысы Геніюш можна даведацца вельмі шмат таго, чаго нельга прачытаць у кнігах, у літаратурных і гістарычных даследаваннях, ва ўспамінах. Гэтыя лісты каштоўныя дэталямі, якія звычайна губляюцца ў памяці, каштоўныя эмоцыямі паэткі...
1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 263
Перейти на страницу:

Я была такой, якою мяне выхавалі ўдома, а Алег Лашчанка цвердзіў: «Шчо б вас, Ларісо Антонівно, знав Гітлер, він бы нэ міг буты такім жостокім та крывавым». Ну, але той нехрыст не ведаў беларускай натуры й шпарыў па-свояму, робячы навечны ўстыд старой нямецкай культуры, а на нас наганяючы страх без глуздымі загадамі. Калі быў на яго атэнтат, дык не было чалавека, які не жадаў бы яму прадчаснай канчыны. Але, на жаль, лёс трымаў яго на гора яго собскага народу й на няшчасце ўсіх тых, кудэмі кацілася без літасная вайна і ўставалі новыя, пасляваенныя здзекі.

Я зноў вельмі непакоілася за Янку. Нашае супружжа было як сон, як нерэальнасць. Усё нас лёс разлучае: то пасля вяселля на колькі месяцаў, то пасля нарадзінаў Юры на два гады, то на Беларусь, то цяпер на Мараву.

На століку ля майго ложка Евангелле, якое чытаю вечарам, а малы Юра прытуліцца да мяне й слухае, слухае. Яму заўсёды мала майго таварыства: «Мама, няхай сяння будзе мой дзень, і мы будзем толькі з табою, будзем маляваць, чытаць, расказваць». Як нам тады добра, мы, як два сябры, як аднагодкі, цешымся тым самым, і калі я яму чытаю ўрыўкі са свае «Рагнеды»[144], яму здаецца, што ён малы Ізяслаў[145]...

Даўніна наша раскіданая й па пражскіх архівах, і жаль, няма яе адкрывацеля доктара Грыба, няма дзядзькі Васіля з яго працаю над гісторыяй Беларусі. А іначай жывем мы сянняшнім днём трывожным за лёс Бацькаўшчыны й за лёс найбліжэйшых. Недзе ўжо падзялілі Еўропу, куды самыя хацелі далучылі цэлыя народы, не папытаўшыся згоды на гэта ў тых, хто праліваў кроў...

Ізноў парадкі чужыя, ламанне на іншы манер ужо ломанага-пераломанага, замена багоў і адвечнае праўды людзей і зямлі, на якой гэтыя людзі жывуць з вякоў вечных. Так, не было болей сонца, яно прыходзіць з благаславенствам, а не з грубаю сілаю, якая ўводзіць у душы людскія законы недарэчных адзінак. Эксперымент. Гэта тое, што нас чакала пасля ўсіх жудасцяў мінулай вайны. Мір не бальзам на душы, а мір, як новыя раны, якім не відно канца. Вайна не скончана, яшчэ вярэдзяць душы, і караюць, і выклікаюць за вернасць старому Богу... А Ён глядзіць з вышыні свайго ўкрыжавання, дазваляе блудзіць і ў пошуках розных праўдаў вяртацца ў рэшце рэшт да адвечнае, мудрае: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе». Бо на гэтым толькі можа будавацца шчасце й мір на зямлі. Ідэю любові да людзей Ісус з Назарэту прыпячатаў дабравольнай смерцю на крыжы. Не, Ён не гнаў мільёнаў адборнай моладзьі на загубу, каб сілаю ўмацаваць свае ідэі, а на смерць пайшоў сам. Ускрашаў памершых, сцаляў хворых, загадваў кахаць сябе людзям узаемна, быць справядлівымі, не прагнуць чужога, знача, і чужое зямлі. Навучаў. Дванаццаць апосталаў, простых людзей, умацавалі Яго праўду трывальней і мудрэй, чымсьці сяння гэта робяць тысячы газетаў, радыё й тэлебачанне свету! Мудрасць крылатая, яна, як насенне дуба, ляціць і ўкараняецца ўжо на вечнасць. Проста й мудра, велічна й вечна!

А пакуль што збіраюцца ў Празе няшчасныя ўласаўцы, якім лёс дазволіў яшчэ крыху пажыць, бо, падведзеныя Сталіным, адданыя на міласць-няміласць ворагу, яны ўжо даўно гнаілі б зямлю, каб не ратаваліся ў арміі РОА[146]. Хто канаў ад голаду й масавага здзеку над людзьмі, той іх асудзіць не можа. Трагічны іх лёс выклікае слёзы. Зноў тут паняцце двух тыраніяў і ніякае трэцяй магчымасці, каб ратавацца. А калі б хоць капелька разумення людзей, жалю над імі! Самыя разумныя тут будуць гнаныя, як бараны на рэзню, бо розум ні тым, ні другім непатрэбны. Сіла, тупая сіла, але багнэты ніколі не зацвітуць дрэвамі, танкі не ўзаруць пад хлеб зямлі, бомбы — не забаўкі й аэрапланы — не птушкі...

Напэўна, і ў хрысціянаў быў бы прагрэс, але ён меў бы гуманныя мэты.

Уцякаюць з Прагі масава немцы. Не немцы бягуць у страшную Нямеччыну да недабіткаў у разбураныя гарады, у голад. «Там з кожным днём будзе лепей,— казала мне Ольга Пэтрыўна, сястра Лесі Украінкі,— а там, дзе вы хочаце застацца, ніколі добра не будзе, ніколі...» Як часта я цяпер яе ўспамінаю, але ратунку няма. Мой «сацыяліст» быў шчаслівы, што ўсе паехалі й мая асоба ў яго праўным, супружаскім распараджэнні, а рэшта не мае значэння. Толькі паэты, як птушкі, адчуваюць будучае й церпяць ужо авансам. Здаецца мне — ступаю па нажах і крывавяць мне ступні.

Нехта прынёс нам з чэхаў кусок мяса, парадзілі купіць у запас хлеба. Вечарам маладыя чэхі ходзяць, зрываюць нямецкія напісы на вуліцах і разбіваюць іх аб брук. У нас Вялікдзень, якраз Вялікая Пятніца. Прыйшоў да нас інж. Лось. Ён вельмі разумны ўкраінец, жанаты з чэшкаю, але цяпер другое зарысоўваецца на палітычным гарызонце, і чэшка памалу яго выганяе, ёсць дзеці. Калі б украінка, дык яна пайшла б з ім ахвотна далей на змаганне — чэшцы патрэбныя толькі выгоды й люксус у жыцці, а на гэтае — перспектываў ніякіх...

вернуться

144

«Рагнеда» — паэма Л. Геніюш, надрукаваная ў газеце «Раніца» за 30 траўня і 20 чэрвеня 1941 г.

вернуться

145

Ізяслаў Уладзіміравіч (?–1001) — князь полацкі (988–1001), сын Уладзіміра Святаславіча і Рагнеды Рагвалодаўны. З яго імем звязана аднаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў і палітычнай самастойнасці Полацкага княства.

вернуться

146

РОА — Руская вызваленчая (освободительная) армія, створаная немцамі з рускіх палонных падчас Другой сусветнай вайны.

1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 263
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)