За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Гэты месяц Алекса таксама заномніў назаўсёды. Запомніў, як назаўтра, калі прачнуўся, выйшаў на тэрасу і, нацягваючыся, паглядзеў навокал, нязвыклае пачуццё сваёй мізэрнасці перад велічнымі гарамі i адначасна радасці ад таго, што ён жыве i бачыць такое хараство, ізноў ахапіла яго. Ліловыя цені ў цяснінах, фіялетавыя i зялёныя плямы расліннасці i траў, вяршаліны магутных платанаў былі афарбаваны ружова-залацістым святлом, яно імкліва прыбывала, як прыбывала вада ў паводку — i раптам сонца ўстала з-за белых шапак гор, заліло гліняны ўтаптаны дворык, сточаныя часам калоны дома, цьмяна-жоўты дувал... Алексу захацелася ўстаць на калені, каб маліцца сонцу i ўсяму наўкол, i нешта падступіла да яго вачэй шчымлівае, пякучае. Халаднаватадухмянае паветра, што запоўніла грудзі, як бы выцясніла ўсе ўспаміны аб тым, што з ім было, настройвала на тое, што яшчэ будзе...
A ў далёкім Полацаку, хутаючыся ў старую адзежыну, пазіраючы на халодны дождж, што, не перастаючы, уперамешку са снегам сыпаўся i шаргацеў па сценах келлі, выводзіў начыста летапісец, чарнарызец Нікан, слова за словам, перапісваючы шчэ з лета напісанае з бяросты на пергамент, што захаваецца навечна:
«У се жа лета памрэ Брачыслаў, сын Ізяслаў, унук Валадзімер, i Усяслаў, сын яго, сядзе на стале яго. Яго ж нарадзі маці ад валхвавання: мацеры бо нарадзішы яго, бысць яму язва на галаве яго. I сказалі валхвы маці яго: «се язвенно навяжы на яго, насіць е да жывата свайго». I носіць яго Усяслаў да сённяшняга дня».
Тое ж пісаў i кіеўскі летапісец Нестар, толькі дадаў у канцы: «Таму нелітасцівы ёсць на кровапраліцце...»
Памерла ўдава Катуніха, таму што не даваў ёй нячысцік, які ўсяліўся ў яе, ніякага продыху. Мучыў i мучыў жаласцю да згінуўшай дачкі, тачыў i тачыў сэрца. А сэрца чалавечае — яно мацнейшым бывае за валун, a i слабейшым за кацяня, якое легка прыдушыць пальцам... Раілі добрыя людзі ўдаве пайсці на далёкае капішча Перуна, што завялі выгнаныя з Полацака валхвы далека ў лясах, называлі падзейныя людзі тое месца, але не слухала нікога жанчына, глядзела тусклымі вачыма i маўчала. I перасталі людзі да яе хадзіць, таму што калі не можа сама яна пазбавіцца хваробы i нечысці, ці ж можа дапамагаць іншым? Да таго ж закінула ўдава ўсю сваю няхітрую гаспадарку, карова зімою пала з галадухі, a ўраджай жа пшаніцы ў тым годзе моцна выпекла гарачыня. І згасла кабета ў сваёй курнай чорнай хаце, a знайшлі яе праз доўгі час i хутчэй пахавалі — так страшна мучыў бедную жанчыну нячысцік. Доўга яшчэ хадзілі па вуліцы чуткі, што разгулялася нячыстая сіла не на жарт, i ўсё прылятае душа Катуніхі на старое месца, шукае, а хто ж разнёс пасля па бярвенцы яе хатку. Скуголіць па начах каля двароў... Хрысціліся людзі, каяліся, што паквапіліся на тое бярвенца, бо давялося-такі ставіць свечкі ў царкве за ўпакой душы, a свечкі, як вядома, каштуюць грошы. А дзе возьмеш лішняе? Ну a ўсё-ткі, відаць, адмалілі душу — перастала лётаць па людзях дый па селішчы. Можа, стамілася i на тым свеце...
Ды пра гэта чарнарызец не напісаў. Каму цікава пра чорную чадзь ведаць? Каму патрэбна?
Ішлі тыдні, i кожны з ix адкрываў для Алексы нешта новае. Ён навучыўся караскацца па кручах, якія здаваліся зусім непадступнымі, вісець над халоднай i непрыветнай цяснінай, трымаючыся чэпкімі i гнуткімі пальцамі за выступы скалы, а другой рукой зразаючы галінкі кустоўя, якое прасіў яго прынесці Нармурад. Навучыўся знаходзіць у пячорах горны воск, па колькасці i колеры траў, што раслі вакол пячоры, вызначаць, якія хваробы лечыць той воск. Ішлі месяцы, спачатку снежны i галаднаваты дэй, калі завеі глуха выюць цэлымі днямі i замятаюць тэрасу да самых вокнаў, падточваюць агромністыя скалы i дапамагаюць злым духам нізрынуць процьму снегу i камення ўніз, ад чаго па гарах доўга ідуць гул i трасяніна. У такія дні Алекса ўспамінаў, як расказваў яму дзед пра Лядашчыка — злога духа, што насылае на людзей хваробу i псуту. Мусіць, злыя духі тут был i свае, тутэйшыя, бо хвароба ні разу не кранула Алексу, наадварот — ён пачуваў сябе як ніколі добра. Ныла часам рука, адклікалася на змену надвор'я плячо, але затое цяпер ён спаў на падлозе, нячуйны да холаду, i цела яго нібы задубянела, бо колькі разоў выходзіў ён за дровамі для ачага басанож у той час, як пякучы мароз прыганяў да двара нават дзікіх жывёлін. Аднойчы да ix на падворак зайшла аленіха. Пярэдняя нага ў яе была скрываўленая, залаціста-рыжая поўсць на спіне звалялася i вісела збітымі пасмамі, як каўтун. Алекса, убачыўшы яе, страпянуўся — у ім ажыў паляўнічы, але Нармурад, коратка зірнуўшы на яго, падышоў да аленіхі, павёў яе ў зацішнае месца, напаіў, пасля ўмела перавязаў нагу доўгай пасмай кары, змочанай горным воскам.