За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
I можа, суджана яму назаўсёды застацца тут i калісьці разам з гэтымі дамкамі зляцець у бездань. А можа суджана нешта іншае, чаго ён не знае i знаць не хоча? Не хоча, нягледзячы на тое, што душа яго паціху як бы аджывала — зусім патроху, i маладосць, відаць, не хацела мірыцца з тым, што наканавана на гэтым свеце толькі бяда...
Зблізку гліняныя з прывычнымі ўжо для Алексы тоўстымі сценамі дамы не здаваліся такімі маленькімі i ненадзейнымі. А хата Нармурада з плоскім дахам, на якім можна было, як аказалася пасля, спаць i ўлетку, з каменнымі калонамі, што падтрымлівалі дах i ўтваралі за домам як бы крытую тэраску, i ўвогуле здалася Алексу прасторнай — можа, адтаго, што ў пакоях, апроч вялікай скрыні ды нішаў для лыжак i посуду, нічога не было. Не паспелі яны зайсці ў дом, як дворык напоўніўся людзьмі. I па тым, як віталіся немаладыя ўжо людзі з Нармурадам, як пачціва кланяліся яму сталага ўжо веку мужчыны, Алекса зразумеў, што прыход лекара — радасць для жыхароў. У ix адразу ж забралі асла, каб накарміць. У некалькі імгненняў накрылі на падлозе дастархан — чыстую белую тканіну, заставілі глінянымі блюдамі, на якіх ляжалі арэхі, сухі вінаград, сушаныя — відаць, ужо з сёлетняга ўраджаю — дыні i кавуны, а таксама кіслае малако i яшчэ нябачаныя Алексам белыя шарыкі. Калі ж, памыўшыся з дарогі i прайшоўшы ачышчэнне свяшчэнным агнём, спецыяльна прынесеным некалі з далёкага храма ў вялікай глінянай місе, напоўненай аліўкавым маслам, яны селі паабапал стала разам ca старэйшымі мужчынамі — маладзейшыя да стала дапушчаны не былі — Алекса пасмакаваў шарыкі i адчуў, што яны салёна-кіслыя.
— Еш! — строга сказаў яму Нармурад, заўважыўшы, што Алекса ледзь не выплюнуў назад i спрабуе неўпрыкмет выкінуць шарык.— Еш, гэта ачышчае кроў i асвяжае з далёкай дарогі.
Хлопец мусіў раскусіць шарык i ca здзіўленнем адчуў, што смак трохі знаёмы. Ці не такі ж смак быў у кіслага малака, што падносіла яму маці ў высокім, таксама глшяным глечыку, толькі там i глечык быў іншы, i паліу у яго зусім не падобны да таго, што нанесены на тутэйшыя збаны i чашы? Такія чашы — шырокія, без ручак, якія трымаюць на далонях, Алекса ўжо бачыў, але яшчэ не прызвычаіўся да ix. Ці ж параўнаць ix з кружкай, за якую ўчэпішся ўсімі пальцамі i ўтрымаеш; гэтую кружку падае маці — твар яе заклапочаны, але вось, злавіўшы сынаў позірк, яна ўсміхаецца, i вочы яе святлеюць, наліваюцца шчырасцю i адданасцю...
Чужым, адрачоным нозіркам паглядзеў на прысутных Алекса. Хацеў ён падняцца i пайсці прэч ад стала, за якім нясцерпна забалела душа ўспамінам пра родны дом, але стрымаўся — нядобра так будзе.
— Можаш ісці, сынок,— усміхнуўся яму Нармурад, i ўсе старыя, з сівымі бародамі i высокімі белымі, накручанымі вакол галоў цурбанамі паглядзелі на яго. У вачах старых была цікаўнасць, але ж Алекса ведаў ужо мясцовы звычай — ніколі не пытацца першаму ў госця, што да чаго. I нічога не пыталіся ў Нармурада — адкуль i чаму прывёў ён сюды, у далёкі горны кішлак, маладога іншаземца. Алекса адчуў удзячнасць — як жа разумев яго лекар, як без асаблівай цяжкасці чытае самае, здавалася б, патаемнае! Можа, i боль па маці адчуў, бо так ласкава ды спагадна ўсміхнуўся. Але ж нічым не памогуць гэтыя спагада ды дабрыня — толькі трохі дадуць спатолі набалеламу сэрцу... I ён застаўся ля стала. Неўзабаве з двара пацягнула спакуслівым пахам свежых ляпёшак — ix, відаць, пяклі на суседнім двары i хутка прынеслі ў пакой, дзе сядзелі госці.
Алекса еў свежае, з незнаемым пахам вострых зярнятак печыва, глядзеў на агеньчык, што слаба трапятаўся ў глінянай чашы, асвятляючы яе чырвонымі каснічкамі, уцягваў у сябе водар, што наплываў ад духмяных зёлак, якія па сцяблінцы падкідвала ў чашу маленькая, у дранай кашульцы дзяўчынка. У дзяўчынкі былі вялізныя блакітныя вочы, а валасы белыя, як лён, i Алекса нарэшце загледзеўся на яе — каб не мноства танюткіх, па мышыным хвосціку, косак, яна была б амаль да драбніц падобная да полацкіх дзяўчатак. Адкуль тут, сярод смуглявых, чорнавалосых, з абветранай вятрамі скурай людзей гэтае дзеўчанё? Яно трымалася ўпэўнена, відаць, было, што малой звыкла сядзець у гэтым дамку, хадзіць па глінянай падлозе, шукаць на паліцы зёлкі... Загледзеўшыся на светлы, з бруднаватымі плямамі на ружовых шчоках тварык дзяўчынкі, што так нечакана — у другі раз за сённяшняе сядзенне! — напомніў радзіму, Алекса не пачуў, як яму падалі празрысты жбан з нейкім жаўтаватым пітвом. Ён ачомаўся, азірнуўся — усе мужчыны трымалі ў руках сасуды i глядзелі на яго, нібы чакалі нечага.