За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
— Аль-Іса, выпі са мной!
У руках яго быў вузкагорлы металічны гляк, у кішэні абадранага каптана звінелі піялы.
— Тут хворае дзіця, а вы...— з дакорам сказаў Нармурад.
— Ну i што — хворае дзіця! Яшчэ невядома, дзе ёй лепш, тут альбо там,— ён паказаў на неба.— A, i ты тут, воран смерці! — ён павітаўся ca Спітагдам.— Усё каркаеш?
— Змеі цябе абвіваюць. Змеі похаці i парокаў! — Спітагд працягнуў руку наперад, уткнуўся кашчавым пальцам у Ашавазду.
— Змеі? Дзе гэта? — Ашавазда дзелавіта абгледзеў сябе, але вочы яго смяяліся. Ён падышоў да варята, працягнуў яму крысо адзення:
— Дык на, абтрасі ix. Ты ж у нас святы, пра гэта сам дастур казаў.
Спітагд баязліва адсунуўся, глядзеў на Ашавазду, які наліў віна ў адну з піял, працягнуў Алексу:
— Выпі, лягчэй будзе!
Алекса разгубіўся, паглядзеў на Нармурада, вышў некалькі глыткоў.
— Вось i добра! Будзе лягчэй! — узрадаваўся Ашавазда.
I ён пайшоў з пакоя, напяваючы:
Я п’ю таму, што свет напоўнены журбою,
Я п'ю, i мне здаецца — мілая ca мною...
— Зараз яго «мілая» добра агрэе яго! саркастычна заўважыў Нармурад.Усе ягоныя жонкі збягалі ад п’яніцы, i ён стаў бедным, як апошні бядняк, таму што плаціў жончынай радні вялікія грошы. Засталася апошпяя — але яна такая, што мне хочацца падчас папрасіць у яе атруты, у гэтай змяі!
Погляд яго ўпаў на Апак, i ён зноў нахмурыўся.
Устаў, папрасіў:
— Перанясі яе ў цёмны пакой. Бываюць хваробы, якія не любяць святла. Паглядзім, паназіраем за ёю. А ты мне паможаш. Пара табе ўжо вучыцца большаму. Час. Але баюся, што мы не дапаможам. Я глядзеў, што ёй наканавана. Лес у яе нядобры, бо нарадзілася яна пад зоркай Дзенеб, а гэта заўсёды абяцае няшчасце...
Алекса бачыў, што стары лекар часта глядзіць на неба. I перад тым як паправіць сцяну, што асела ад моцнага падземнага штуршка, i перад дарогай. Ён бачыў таксама, што на даху ix стаіць вялікая труба на калёсах i гаспадар у асабліва ясныя ночы сядзіць там аж да раніцы. Упершыню ўглядзеўшы, як глядзіць на неба праз тую трубу Нармурад, жахнуўся — ці не чарадзей той? Але ж людзі вакол не здзіўляюцца i не баяцца таго, але самі вечна таўкуцца ў доме, каб спытацца пра лес блізкіх, пра добры i нядобры час для пачынання спраў. Ды Нармурад, які ахвотна дапамагаў хворым, нехаця гаварыў пра будучае.
— Майго жыцця на гэта не хапіла,— сказаў ён неяк,— я магу нямногае. Я так мала ведаю, што адчай ахінае маю галаву! Але ты... калі ты захочаш, твайго жыцця павінна хапіць на ўсё тое, што не зроблена мною.
Алекса тады няпэўна паціснуў плячыма — ён i хацеў бы даведацца, што там робіць на даху Нармурад, i разам з тым яго не цягнула да сядзення ўначы пад зоркамі. Ён знаходзіў супакаенне толькі тады, калі ішоў далека ў горы, шукаў карнявішчы i травы, здабываў паліва для ix сціплага ачага. А Нармурад не настойваў, відаць, чакаў свае пары.
Яны лячылі дзяўчынку ўдвух, i ніколі яшчэ не хадзіў па травы Алекса ў такім нецярпенні, ніколі яшчэ не сачыў ён з такім шкадаваннем i надзеяй за самымі малымі зменамі ў чалавечым твары. Кожная жылка на гэтым бледным, худзенькім дзіцячым тварыку напаўняла душу любасцю i спадзяваннем, i ён упершыню зразумеў усю велізарную цану жыцця. Прыходзіла сталасць. Думаў, што мог бы сам мець такую вось дачку... мог бы. А можа, нават i сына наслала б багіня Мокаш, якая дапамагае парадзіхам, ці лепей бы адразу i сына, i дачку? І Алекса глядзеў за дзяўчынкай, як глядзела б толькі хіба клапатлівая маці Нават у сне слухаў яе соннае дыханне, на памяць вывучыў слабенькі пульс, які праз колькі тыдняў трывогі стаў напаўняцца жыццёвай сілай. Спачатку быў як тонкая нітка, гатовая вось-вось абарвацца, у апошнія дні нагадваў маленькую, ледзь прыкметную ў густой лясной траве крынічку, якая ціха, але настойліва б'ецца на паверхні з»млі.
Апак па-сапраўднаму ачуняла пазней, не ведаючы, што, каб не яе хвароба, ніколі б не зацікавіўся лекарствам малады воін. Зрэшты, не пакідаў Алекса i сваіх заняткаў па мове. Ён ужо трохі ведаў i арабскую — мову заваёўнікаў. Дапамагаў стары таўстун Ашавазда, які шмат паездзіў па свеце, пабываў i буддыстам, i мусульманінам, а цяпер вось зноў вярнуўся да веры сваіх бацькоў. Ашавазда меў у хаце некалькі рукапісаў. Гэта было вялікае багацце, але ляжалі кнігі ў старым сундуку з пашарпанымі бакамі.
Выпадкова Алекса наткнуўся на ix. Ён здзівіўся, папрасіў вучыць яго чытаць па-арабску. Ашавазда спачатку адмовіўся, а пасля як загарэўся:
— Чытай! Чытай ix, дарагі, папаўняй сваю галаву чужым розумам. Я ix прачытаў неаднойчы, але мая галава — як сіта, усё працякае скрозь. Дый стары я ўжо, нямоглы... А ты... Ты цярплівы i цягавіты, як... як вярблюд!