Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Гэта ўжо хуліганства! Ты мяне ў снезе хочаш утапіць? Я скардзіцца буду галоўнаму ўрачу...
– А дзеду Марозу?
– Яму не.
– Чаму?
– Ён адпачывае цяпер, і яго нельга турбаваць... Нават і Снягурцы
А сам не адрываецца ад дзяўчыны, раз за разам клацае затворам “Зеніта”, радуецца, што знаходзіць патрэбныя ракурсы, што Зінаіда згадзілася пазіраваць...
Ёй і самой падабаецца падстаўляць пад аб’ектыў твар, і таму дурэе, жартуе, язык рэпарцёру паказвае, усмешку белазубую дэманструе, а то хітрым позіркам зіркае на яго, то злой прыкідваецца...
– У цябе ж і плёнкі ў фотаапараце няма, і аб‘ектыў заштораны...
– Ну і няхай, і без плёнкі добра атрымаецца...
Здаволіўся, наталіў свой азарт фотарэпарцёра, на шыю за вочапку павесіў. Падышоў да яе, атрос снег з шапкі, з плячэй...
– Пайшлі да агню, а то змерзнеш, – клапатліва прамовіў, прапусціў паперад сябе, каб выйшла на сцежку.
– Сапраўды стала холадна, – сцепанулася яна, – бярэцца на марозік...
З рукзака дастаў пляшку сухога віна – “Алігатэ” – разліў па пластмасавых шкаліках.
– Гэта як ганарар за пазіраванне, – патлумачыў ён, падаючы віно, – і вып‘ем за сённяшні цудоўны дзень...
Зінаіда адпіла колькі глыткоў, аддала яму рэшту назад. Ён падаў ёй бутэрброд з сырам і каўбасой.
Ён усё рабіў спакваля і грунтоўна, разважліва і спакойна, як быццам быў нашмат старэйшы за яе.
Прыехаў хлопец у Гомель з Віцебшчыны. Бацькі яго працавалі медыкамі. У бальніцы – маці, а бацька выкладаў у інстытуце. Пра гэта ён і расказаў ёй пад час першых сустрэч...
Сінічка зноў напомніла пра сябе. Яна пераскоквала з галінкі на галінку, неспакойна пырхала крыльцамі, да Зінаіды блізка падлятала, ціліўкала ёй пра нешта...
– Што хочаш сказаць мне, сінічка? – папыталася ў яе дзяўчына. – Радаснае ці сумнае? Пра нешта сумнае... Мне бабуля казала, калі птушачка прылятае блізка да чалавека, то сказаць яму пра нешта хоча. Але сказ яе сумны, а то і трагічны...
– Ну, выдумаеш, – не падтрымаў яе Ігар. – Ці мала сінічак па лесе лётае...
– Лётае шмат, але вось адна з іх толькі хвалюецца.
Ён паціснуў плячыма, не стаў больш гаварыць на гэтую тэму.
– Ці не пара нам ужо збірацца? – спытаў клопатна.
Зірнула на гадзіннічак, адказала:
– Не. Яшчэ ў нас паўгадзінкі ёсць.
– То і добра.
Зноў падстаўлялі пад агеньчык сала, елі з хлебам, запівалі віном. Агонь разгарэўся яшчэ большы, і ад яго зыходзіла цеплыня.
Зінаіда адсунулася далей, у яе заружовіліся шчокі...
– А да каго ты едзеш на імяніны?
– Да сяброўкі – разам вучыліся. Яна ў абласной бальніцы працуе, у кардыялогіі.
– Далёка ехаць?
– Ды не, куды і мы прыехалі. І прайсці з сотню метраў...
– Дапазна не гуляй. А мо сустрэць цябе прыехаць, скажы ў колькі?
– Навошта? Я доўга не буду.
– Ну, глядзі, а то сустрэў бы...
– Дзякую, не трэба.
Дажавалі хлеб, дапілі віно.
Пачалі збірацца. Ігар затушыў кастрышча, засыпаў снегам. Нічога не пакінулі пасля сябе.
Як ішлі да аўтобуснага прыпынку, сінічка не адставала ад іх, ціліўкала, пералятаючы з галінкі на галінку, уздрыгвала, як быццам атрасала з сябе мароз.
А яшчэ праз нейкі час падышоў аўтобус.
З добрым настроем ехала Зінаіда ў інтэрнат.
На развітанне шапнула Ігару на вуха:
– Дзякую табе за лес.
– І табе дзякую, Зіна. Пастараюся зрабіць фоткі да наступнага дзяжурства.
Яна кіўнула галавой, усміхнулася на развітанне.
4.
Інтэрнат для маладых спецыялістаў абласной бальніцы пабудавалі на ўскраіне горада, за апошнім прыпынкам. Бальніца ў адным канцы, а інтэрнат на процілеглым. З хімзаводам усё наадварот: бальніца знаходзіцца за горадам, у лесе, у так званым медгарадку, а інтэрнат – у цэнтры горада. Няхай не новы, стары, але да яго зручна дабірацца з любога канца горада...
Трошкі прыпазнілася Зінаіда з выездам да сяброўкі. Прылегла адпачыць пасля лясной прагулкі, надыхалася свежага паветра, а як прытуліла галаву да падушкі, у сон правалілася...
Сказаць, каб і доўга драмала, дык не, з гадзіну, але час прыспешваў збірацца. Ларыса Кандратава, з якой вучылася ў адной групе, лічылася за лепшую сяброўку. З імі і Кацярына Кур‘яновіч. Вось такім неразлучным трыа і правучыліся тры гады...
Яны абодва і жылі ў інтэрнаце, у пакойчыку на траіх.
Цяпер жа жыллё ў сябровак на сёмым паверсе, вуглавое, з відарысам на сасновы бор... І ціхі раён, машын не чуваць, аўтобусы не вуркочуць, куродыму не наганяюць...