Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Калі крыху пазней, калі Любка, распрамленая, цёплая i свежая пасля нядаўняга мыцця, ужо ў цемені i цішыні ляжала на яго руцэ i туліла голаў да ягонага плечука, з маладым трымценнем слухала, як яго другая рука пяшчотна блукае па яе сцёгнах, жываце i грудзях, нечакана ў дзверы лёгка пастукалі.
— Баярын,— пачуўся выбачальны Марылін голас.— Да цябе чалавек ад князя. Кажа, што з вельмі пільнай патрэбаю.
— Бачыш, краса ненаглядная,— ён запыніў далонь на яе тугіх i задзёртых угору грудзях,— быць баярынавай жонкай добра i нядобра. Могуць паклікаць мужа ад жонкі нават з сямейнага ложа! У любы час i надоўга!
— Калі трэба, дык трэба,— спакойна адказала яна.— Ты — пасаднік, дзяржаўны муж. Твае клопаты пра дзяржаву i ўдзень, i ўноч.
— Разумніца мая! — зноў зарадаваўся ён за Любчыну сталую не па ўзросце жаночую развагу, за яе, хоць i непісьменная, розум, пацалаваў яе і, накінуўшы на начную кашулю лёгкі i цёплы бухарскі чугай-халат (купецкі падарунак), падаўся са спальні.
За дзвярыма яго чакаў баярын Голуб — князеў старшы над усімі навагародскімі віжамі, засланымі ў чужыя землі (некалькіх чалавек накіравалі нават у далёкі i грозны Каракорум пад выглядам купца i яго слуг, хоць там уладны i фанабэрлівы вялікі каган ні перад кім не хавае сваёй вялікай задумы — намеру новага паходу на «вячэрнія краіны»). Голуб — пажылы, з пільным позіркам чарнявых вочак, амаль заўсёды маўклівы, у тым ліку i на Радах (калі гаворыць, дык мала, але важка, нібы сыпле золата), вусаты i барадаты, у сабаліным футры, з сабалінай шапкай у руцэ.
— Выбачай, пасаднік, што турбую ў такі адмысловы для цябе час,— схіліў галаву позні госць, які, як i ён, Усяслаў, можа заходзіць не толькі да баярынаў-радцаў, але i да князя ў любую часіну. Да слова, нядаўна, гэтаксама ўночы, той ужо завітваў сюды, перадаваў, што літоўскія набежнікі ўзялі мячом i сваімі грознымі дубінамі Тарапец i Таржок, шмат нахапалі лупаў, але наўгародскі князь Аляксандр даў ім цяжкі бой каля возера Жызца. Страціўшы ля дзесяці князёў i кінуўшы лупы, літоўцы мусілі ўцякаць, аляксандравыя дружыны імчалі за імі ўпагон ажно да полацкаменскіх зямель. Дык вось i цяпер Голуб зацікавіў: — Маю, Усяслаў, незвычайную навіну...
Пачуўшы гэта, Марыля шпарка пакінула ix удвух.
— Хадзем у грыдніцу,— запрасіў Усяслаў Голуба, заадно думаючы пачаставаць яго, паколькі той быў на вяселлі мала.
— Не варта,— затрымаўся i на знак ягонай рукі Голуб.— Я толькі скажу навіну i пакіну цябе.
— Што ж, гавары тут, дружа.
— Маю на руках тайнапіс нашага чалавека з Холма,— ціха прамовіў старшы віж.— Князю Данілу мангольскі ганец прывёз Батыгаву грамату.
Усяслаў наструніўся: Батыева грамата — гэта не проста сяброўскі ліст, гэта — пасланне магутнага мангольскага ўладара, перад якім трымціць Азія i Еўропа!
— У гэтай грамаце амаль адзін пералік Батыгавых пасад i тытулаў. А да яго ўсяго толькі два словы...
Усяслаў яшчэ болей напружыўся.
— Але гэтыя два словы, Усяслаў, ва ўсім мангольскія: «Аддай Галіч».
— Не два словы, а два валуны! — не ўтрымаўся, усклікнуў глыбока ўражаны Усяслаў, добра разумеючы, што «Аддай Галіч» — значыць «аддай усю Галіцка-Валынскую зямлю». А гэта ўжо сутыкае лоб у лоб з Батыем ix. Цяпер ужо не адседзішся...
Счакаўшы, запытаў:
— А што Даніла?
— Даніла, яго баяры ашаломленыя,— адказаў Голуб.— Вось усё, пасаднік, што магу пакуль сказаць табе пра навіну са сталіцы Галіцка-Валынскай зямлі. Вось такая яна, навіна...
— Навіна дык навіна!— яшчэ раз не стрымаў узрушэння Усяслаў.
— Вось які, Усяслаў, раблю табе вясельны «падарунак», змушаючы думаць не пра маладую жонку, а пра смяртэльную для нас усіх небяспеку.
Хмель, стома, сон — усё вылецела з Усяслававага цела i душы: ix выціснулі трывога i задумлівасць.
— Трэба дзякаваць табе, баярын, за такую свежую навіну, а не магу...— прызнаўся шчыра Голубу.
— Не трэба мне ніякай падзякі,— адказаў той.— Гэта — мая служба.
— Але за добрую службу трэба ўзнагародзіць. Хоць квартай медавухі.
— Часам, праўда, трэба выпіць, каб забыцца, але цяпер нам, Усяслаў, патрэбны ясныя галовы...— прамовіў той, паказваючы намер пакінуць яго сам-насам са сваімі думкамі.
— Добра кажаш, дружа,— сказаў Усяслаў, паціскаючы яму на развітанне руку.— Трэба добра падумаць, перамовіцца з князем, а потым параімся на Радзе. Ды новыя весткі з Холма павінны тое-сёе падказаць.
Вярнуўшыся да маладой жонкі, што чакала яго, Усяслаў зноў павандраваў далонню па яе пруткім целе, але, чуйна адчуўшы, што цяпер яго далонь не столькі пяшчотная ці поклічная, а шорсткая ды гладзіць перарывіста, Любка затрымала ягоную руку на сваіх грудзях i запытала занепакоена: