Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Затрымлівацца ў непрыветным месцы не хацелася ні на хвілю. Коней, на шчасце, дагледзелі добра, хоць Пранціш чакаў якой падлянкі, кшталту сырога сена і падрэзанай вупражы. І вось тры вершнікі ад’ехаліся ад «Трох жалудоў» у тым самым напрамку, у якім ноччу рушыла прывідная кавалькада. На вуліцах там-сям паказваліся людзі, насустрач праехаў воз, гружаны вуглем. Але зноў — ні дзяцей, ні сабак, ні котак. Толькі шэрыя цені мільгаюць у падваротнях, ды белыя плямы абліччаў у вокнах.
Вароты аднаго з дамоў, падобнага да іншых, як пернік да астатніх пернікаў на каляднай ёлцы, з жаласным рыпам расчыніліся. Двое мужчын моўчкі вынеслі скрыню з накінутай на яе прасціной, узвалілі на калёсы.
— Ды калі ж гэта скончыцца! Божа, пакарай герцага Рутгера!
Жаночы крык з расчыненай брамы, і адтуль жа — задыхлівы плач дзіцяці. Лёднік не вытрымаў, саскочыў з каня:
— Панове, я — доктар. Мяне завуць Баўтрамей Лёднік. Я неаднойчы дапамагаў падчас пошасці. Дазвольце дапамагчы і цяпер.
Пранціш не паспеў затрымаць Баўтрамея, што вечна ўлазіў у непрыемнасці, і зараз мог толькі насцярожана паглядаць па баках, не выпускаючы дзяржальна шаблі. Старэйшы мужчына ў скураной шапцы, насунутай на лоб, са змрочным, зарослым шчэццем тварам, моўчкі зіркнуў на няпрошанага памагатага. Але выбегла кабета, з-пад каптура выбіваліся неахайна светлыя пасмы.
— Міхель, гэта трэба спыніць! Калі гер доктар хоча дапамагчы.
— Магда, замаўчы! Ты ведаеш, што зробіць герцаг Рутгер… — з пакутай прамовіў мужык, відаць, ейны сужэнец, прымацоўваючы вяроўкамі скрыню да калёс.
— Ды хай хоць заб’е! Лепш, чым цярпець! Пацукі гэтыя, начныя набегі па дзяцей. — вызверылася жанчына. — Вы тут, у гэтым гарадку паміж гор, будзеце сядзець у рондалі, пакуль вада не згатуецца, і з-пад накрыўкі нос не высунеце. А я — са Славакіі, са Святога Юра, мае землякі могуць у нос любому герцагу даць.
У гаворцы кабеты і праўда адчуваўся нетутэйшы акцэнт.
— А што толку, калі мы ўсё адно праклятыя. — тужліва прамармытаў маладзейшы месціч, відаць, брат старэйшага: аднолькавыя квадратныя лбы, густыя насупленыя бровы, скошанае падбароддзе. — Усе мы рукі пацукам падстаўлялі.
Лёднік, скарыстаўшыся тым, што мужчыны ля калёс завагаліся, рашуча ссунуў прасціну са скрыні:
— Дазвольце мне зірнуць. Я вызначу хваробу.
Жанчына кіўнула. Яе худы бледны твар быў такі ўладны, што старэйшы мужчына прыўзняў накрыўку скрыні. Пранціш здагадваўся, што там убачыць, таму адвярнуўся. Алесь толькі коратка глянуў. Лёднік праз нейкую хвілю вынес вердыкт:
— Воспа. Але нейкая нетыповая. Можна мне агледзець таго, хто хворы? У вас жа нехта яшчэ захварэў у доме, так?
Браты перазірнуліся, замармыталі неўразумелае:
— Нам забаронена. Герцаг Рутгер кажа, гэта цяпер не хвароба. Гэта выпрабаванне. Ён выратаваў нас ад пошасці з дапамогай жалезнага пацука. Гасподзь забірае тых, хто не вытрымаў… Гэта неабходныя ахвяры. Калі не ўмешвацца, Анхель можа ачуняць… Пачні лекаваць, памрэ…
Фраў Магда нецярпліва прыкрыкнула:
— Сціхніце. Толькі здольныя паўтараць чужыя словы, — перавяла запалыя вочы на Лёдніка. — Тут, у труне, падмайстрык, Гюнтэр. Небарака-сіротка, хай анёлы яго праводзяць у самае лепшае месца… І наш сын, Анхель, захварэў. Не ўбераглі. Казала — трэба адправіць дзетак з горада. А іх абодвух да жалезнага пацука павялі. Знак ставіць.
Што да чаго?
Жанчына павагалася і адцягнула рукаў на левай руцэ. На перадплеччы вылучаліся чырвоныя прыпухлыя шнары, сапраўды, як ад двух зубоў.
— У нас ва ўсіх у горадзе такі знак. Хто не хацеў прымаць — тых войскі герцага з горада выганялі. А выгнанцы амаль усе паміралі ад заразы.
Вось чаму тут так пуста.
Лёднік нахіліўся, уважліва пакратаў шнар. Прыкусіў губу… Павярнуўся да Пранціша і Алеся:
— Вось што, не варта вам са мной у дом заходзіць. З пошасцю не жартуюць. Заставайцеся тут, на вуліцы.
І рушыў у дзверы са сваёй валізай і сужэнцамі-гаспадарамі. Алесь хацеў быў з упартасці адправіцца за бацькам, але Пранціш, пералавіўшы ўмольны позірк Бутрыма, утрымаў юнака. І на вуліцы вусцішна. Маленькая труна на калёсах, змрочны ціхі гарадок, згублены паміж гор, страшная хвароба, злавесны герцаг, пацукі.
А вось, дарэчы, і яны. Бягуць па вуліцы шэрай гайнёй, быццам цячэ штосьці агіднае, атрутнае. Коні зафыркалі, шарахнуліся. Добра, Алесь спрытна перахапіў цуглі, супакоіў. Маладзейшы месціч, які застаўся ля калёсаў, ажно збялеў і пачаў нешта мармытаць, прыціснуўшы рукі да грудзей. Вырвіч прыслухаўся:
— Гер Рутгер, мы не хацелі… Гер Рутгер, прабачце… Гэта ўсё яны. Чужынцы.