Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
Артур Клінаў: Я ўспрымаю праблему «Аўтар і Плошча» як дзве метафары: Аўтар - гэта культура, а Плошча - гэта соцыум. На Беларусі існуе дзве Плошчы і два Аўтары: ёсць Плошча дзён горада, карнавалаў, за якой стаіць адзін аўтар і адна культура, а ёсць Плошча, якая была ўвесну гэтага года, за якой стаяў іншы аўтар з іншай культуры. У мяне ёсць такая правакацыйная думка: тыя, хто выйшлі на Плошчу, былі людзьмі, якія пачулі голас той, іншай, свабоднай культуры. Гэтыя людзі не палітыкі, гэта людзі менавіта свабоднай культуры.
В.А.: Калі б вы, Артур, не скарысталі тэрмін «культура», дык я б з вамі цалкам пагадзіўся, але... Рэч у тым, што культура не можа мець аўтара, яго мае толькі мастацкі артэфакт. Культура - гэта пэўная сума адсарбаваных і трывала зафіксаваных элементаў жыццядзейнасці чалавека (у тым ліку і "мастацкай" жыццядзейнасці). А ўласна мастацтва ёсць заўсёды бунтам, і перадусім - супраць культуры, якая па азначэнні нерухоміць усе несістэмныя парыванні. Культура - жорстка дэтэрмінаваная сістэма, з якой можна патрапіць у дыскурс свабоды толькі праз мастацкі ці змагарны акт.
М.Ж.: Тады варта запытацца: ці «скончылася» сакавіцкая Плошча як месца паўставання новага Аўтара разам са скасаваннем намётавага лагера?
В.А.: Ніякі спектакль не можа доўжыцца вечна. Але зусім не істотна, што ён так хутка скончыўся. Істотна, што ён быў і што ён быў прыгожым. Колькі можна ўсё ў змаганні за свабоду вымяраць адно канкрэтным палітычным вынікам?! Сакавіцкая Плошча падарыла нам такую прыгажосць, якая (прынамсі, асабіста для мяне) мае вартасць большую за якую лакальную палітычную перамогу. Памыляецца той, хто лічыць, быццам усе праблемы сучаснай Беларусі завязаныя на аўтарытарнай ўладзе. Як на мае глузды, дык асноўная праблема палягае зусім у іншым, а менавіта ў тым, што Беларусь яшчэ для шмат каго не настолькі прыгожая і адметная, каб яе можна было палюбіць і праз гэтую любоў змагацца за яе. Мяркую, сакавіцкія падзеі многіх умацавалі ў іхняй любові да сваёй краіны.
P.S. Ужо за межамі нашай дыскусіі дадам, што сярод гэтых многіх быў эмігрант, будучы лаўрэат прэміі Гедройца Макс Шчур. Ён шмат год жыве ў Чэхіі і, паводле ягоных словаў, за некалькі гадзінаў да разгрому намётавага лагера напісаў верш, які канцавала наступная страфа:
Вы, пэўна б, з мяне смяяліся,
каб бачыць мяне маглі.
Ды гэта праз вас я, памятайце,
магу глядзець без нянавісці
на мапу сваёй зямлі.
Даробак-4
Яшчэ не пачаўшы сваю пісаніну, я ўжо наперад ведаў, што ні пра каго персанальна не буду пісаць дрэнна. Няма ў маёй натуры паклікання ганіць людзей, ды і месца лепей ашчаджаць на добрыя словы.
Не зусім да месца, аднак чамусьці якраз тут прычапілася і не адпускае адна эўрыстыка Жыля Дэлёза. Ён інтэрпрэтаваў шалёную ідэю Фрыдрыха Ніцшэ пра "вечнае вяртанне" наступным чынам. Маўляў, вечнае вяртанне - выбарачнае. Не ўсялякая праява волі да панавання замацоўвае сябе ў быцці настолькі трывала, каб зноў адбыцца пры новым вяртанні гэтага быцця, бо негатыўныя сілы схільныя да самаадмаўлення.
З чаго атрымліваецца, што негатыўнае не вяртаецца і, такім чынам, аднойчы з’явіўшыся, потым назаўжды знікае з быцця. Адно толькі станоўчае як праява існага - існуе заўсёды. Відаць, тут не лішне будзе яшчэ зацеміць, што яно існуе не як тоеснасць, а толькі як рознасць, што і ўтварае магчымасць станаўлення ды адбывання быцця.
Простымі словамі кажучы, усялякае паскудства і да яго падобнае мае кароткі век. Дык чаго на такое звяртаць увагу? Мы ж гадуем вечнае.
Разам з тым, калі ты звяртаешся да мінулага, то перад табой раз-пораз паўстаюць сітуацыйныя калізіі, якія і не зразумела як развязаць?
Звычайна ў розныя свае гады чалавек бывае моцна розным. А часам і зусім іншым чалавекам у параўнанні з тым, з кім ты сябраваў ці плённа супрацоўнічаў доўгі час.
Дык у чым тут праблема? А ў тым, што, апісваючы пару прыязнага суладдзя з пэўным чалавекам, ты ўжо ведаеш, якім ён станецца для цябе потым. І як ты да яго будзеш ставіцца. Можа, і не надта каб добра. Ці яшчэ горай.
Карацей, для мяне гэта зусім не шараговая праблема - адрадзіць і ўтрымаць тадышнюю пазітыўныю эмоцыю. Бо акрамя твайго героя ты ж таксама ўжо радыкальна перайначыўся. Не кажучы пра тое, што за прамінулыя гады ад твайго некалі ўсеахопнага чалавекалюбства ўжо ўвогуле не так і шмат засталося.