Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Ежы ўдзельнічаў у з’ездах, прымаў актыўны ўдзел у абмеркаванні самых розных пытанняў – пачынаючы ад крэдытных, сельскагаспадарчых да гандлёвых, – вельмі неабходных, як лічылі многія, для ўстаноў края.
Амаль у кожнай вёсцы ствараліся школы для сялянскіх дзяцей. Пачалася асветніцкая праца, настаўнікі даводзілі хлопчыкам і дзяўчынкам, што ў іх ёсць радзіма, што яе павінны любіць, і не толькі любіць, а і рабіць усё, каб яна мацнела, прыгажэла, а людзі павінны быць вольнымі і шчаслівымі. Вяліся гаворкі і пра паўстанне, якое павінна неўзабаве ўспыхнуць, казалі, хто павінен у гэтым удзельнічаць…
Але Ежы быў перакананы, што ўсё тое не робіцца адразу, патрэбен час. А яшчэ ж не загоіліся раны і крыўды прыгонных і памешчыкаў, – паміж імі вялікі роў… Бачна, што людзі, слухаючы агітацыйныя прамовы, аніяк не рэагавалі на іх – дзяцей у школы пасылалі неахвотна…
Ежы яшчэ больш зблізіўся з Залескім, іх стасункі перараслі ў дружбу. Маглі нечакана прыехаць адзін да аднаго і потым адправіцца падарожнічаць за Нёман. Маглі начаваць у лесе, распаліўшы касцёр, спаць каля яго амаль на голай зямлі. На тых прывалах прыемна было гаварыць, спрачацца, адстойваць свае погляды, але дыспуты праходзілі спакойна і добразычліва.
І ў адну з такіх начовак Ежы дастаў са скураной сумкі папку з паперамі, адшукаў у ёй адну і падаў Антонію.
– Прачытай, братка, – хачу ведаць твае адносіны да тэкста…
– Што гэта?
– Зварот рэвалюцыйнага камітэта да люду нашага краю…
Залескі ўпіўся вачыма ў тэкст. Прачытаўшы, выдыхнуў з сябе паветра, як быццам нёс перад гэтым на сваіх плячах цяжкую ношку, толькі потым паглядзеў на субяседніка.
– Як гэта здорава, Ежы! Як гэта разумна!
Ежы нават здзівіўся рэакцыі Антонія Залескага, не чакаў ад яго такой зацікаўленасці і адабрэння.
– Ты ўваходзіш у гэты камітэт?
– Так. І мая задача далучаць як найбольш людзей да рэвалюцыйнай справы.
– І мне можна?
Ён павярнуўся да Ежы, але твару яго амаль не бачыў. Бо агонь згасаў і толькі жоўтыя сполахі скакалі па грудзях і шыі. Недзе ў кустах пракігікала начная птушка, у Нёмане баўтануў пляскатым хвастом лянівы сом ці шчупак.
– Можна, Антоній.
– Тады я ўсёй душой з вамі! Даўно хацеў падключыцца да сапраўднай працы.
У душы Ежы не падзяляў пафасу Антонія Залескага, чакаў, што Залескі не так горача аднясецца да Звароту.
– А сам ты верыш у перамогу, шаноўны мой сусед? – папытаў Антоній.
Ежы нейкі момант маўчаў, папраўляючы галавешкі ў касцярку:
– Веру, братка, але толькі пры адной умове.
– Пры якой?
– Калі рэвалюцыйная арганізацыя будзе строга прытрымлівацца той першай праграмы, якая намячала выкарыстанне ўсіх сродкаў, перш чым наш рух дойдзе да прамой барацьбы. І нам трэба будзе адстойваць прынцыпы той праграмы, патрабаваць, каб яна выконвалася бездакорна.
– Ад каго патрабаваць?
– Ад тых, хто захоча збочыць, выбраць больш лягчэйшую, таму і паразную дарогу... А такія знойдуцца.
Так, ён верыў у самаахвярнасць, у апантаную гатоўнасць уступіць у актыўную барацьбу тых, хто ўзначаліў рэвалюцыйны рух, сам пагатоў быў прыняць удзел. Але… Але нейкае ўнутранае супярэчлівае пачуццё падказвала яму, што, валодаючы стойкасцю і перакананасцю ў галоўным, не адступаючы ад іх, верачы, што “паўстанне будзе мець поспех”, – але пад час барацьбы, пацярпеўшы, не дай Бог, паразу, гэтая адданасць пройдзе, ахалоне, і ўсё вернецца “на кругі свае”…
У ім жылі два чалавекі і два чалавекі змагаліся паміж сабой. І невядома, хто з іх абодвух мацнейшы, духоўна ўстойлівы і загартаваны. Ведаў, што адзін можа быць здраднікам, пахіснуцца пад цяжарам нечаканых абставінаў, і таму нічога з сабой парабіць не мог – баяўся нават услых выказваць такія сумненні, бо разумеў: людзі, якія гатовы ахвяраваць сваім жыццём, гэта людзі святыя і магутныя Асобы, бо яны кіруюцца ў сваім жыцці толькі шляхам праўды і веры ў святую справу! Ці ёсць у ім такая вера і апантанасць?
Антоній больш ні пра што не пытаўся, маўчаў. Паклаў на чырвоныя галавешкі некалькі сухіх галінак, і яны адразу загарэліся, успыхнулі, асвяціўшы твары дваіх начлежнікаў, якія задумліва глядзелі на полымя касцярка…
... Праз колькі дзён яны разам вярнуліся ў Вільню.
Кожны з іх атрымаў выклік для ўдзелу ў вялікім паседжанні рэвалюцыйнага камітэта, бо выкліканы былі прадстаўнікі іншых ваяводстваў.
Зацвердзілі парадак дня, у якім адным з пунктаў належала абмеркаваць свае адносіны да рэвалюцыйнага камітэта, створанага ў Варшаве. Паседжанне праходзіла ў доме Даўкшы на Дамініканскай вуліцы, і ішло яно бурна і таму зацягнулася на некалькі дзён.