Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Ежы пераглядваўся маўкліва з Залескім, як усё роўна пытаўся ў яго: “А я што казаў, пра што папярэджваў? Бачыш, колькі людзей, столькі ж і думак пра метады барацьбы...”
У адказ Антоній, разумеючы яго, ледзь прыкметна хітаў галавой.
Ад Вільні на паседжанні прысутнічаў Эдмунд Вярыга і Зыгмунт Чаховіч. Антоній Залескі і Ежы Ігнацый Кучэўскі-Порай прадстаўлялі Віленскае ваяводства.
Канстанцін Каліноўскі і Заблоцкі з’яўляліся прадстаўнікамі Гараднянскага ваяводства. Доктар Пётра Чакатоўскі ад Мінскага, а Баляслаў Сволькен, які прыбыў праз дзень, – ад Коўна.
На трэці дзень напружанасць і накал спрэчак дасягнулі свайго апагею.
Канстанцін нерваўся, пакусваў губы, паціраў пальцамі пакаты лоб. Не вытрымаў, слухаючы розныя бакі спрэчкі, Ежы. Папрасіў слова.
– Я пра што хацеў сказаць шаноўным удзельнікам нашага паседжання... – пачаў Ежы, – Барацьба – гэтая наша святая справа. Але давайце ўсе разам прызнаемся, што мы з самага пачатку нашага руху бачым, што нашы рэсурсы і магчымасці барацьбы вельмі абмежаваны, што мы не маем адной згуртаванай сілы, а разыходзімся ў шмат якіх пытаннях...
– Гэта ваш асабісты погляд, Ежы... – перабіў яго Каліноўскі
– Так, мая асабістая думка, але ўсё ж... Мы па рознаму разумеем цяжкае жыццё нашага краю. Мы разбіліся на фракцыі і групы. Фракцыя легалістаў выказвае нецярплівасць, і яе кіраўнікі – Гейштар, Далеўскі і Аскерка – не дбаюць аб канспірацыі. Працуюць, стоячы на адным месцы, выгляд робяць, што працуюць. Нават і сам камітэт, які кіруе гэтай фракцыяй, і які складаецца з прадстаўнікоў сялянства, гарадской управы, кзяндзоў, так сябе паводзіць. У іх няма ні паўстанцкіх кадраў, ні неабходных матэрыялаў, ні сілы. Няма грошай. Раней камітэтчыкі карысталіся павагай у людзей, і мелі матэрыяльныя сродкі, але ўсё пагублялі. Пагублялі з-за таго, што адарваліся ад народа, не маючы сёння ні рашучасці, ні цвёрдасці характару...
Канстанцін зноў не вытрымаў, далікатна ўставіў сваю заўвагу:
– Таварыш Ежы, пра гэта мы добра ведаем і ўчора яшчэ асудзілі іх пазіцыю, і з-за іх мы яшчэ будзем мець непрыемнасці. Але ў нас абмеркаванне трошкі іншых пытанняў. Адкажыце тады канкрэтна – вы за тое, каб падняць заўтра паўстанне, ці лічыце, што гэта рабіць зарана?
– Адкажу. Лічу, што мы не выкарысталі ўсе магчымасці падрыхтоўкі да паўстання. Мы не ведаем, колькі народу падтрымлівае нас, а колькі не, колькі ўвальецца ў шэрагі паўстанцаў, а колькі будзе супраць... Мы не ведаем, колькі будуць ісці з намі вылучэнцы з царскіх войскаў. Для таго, каб выступіць супраць царызму, неабходна некалькі год падрыхтоўкі...
– Але ж за гэты час у некалькі разоў узмоцняць свае сілы жандармерыя і войскі...
– Можа быць і так, але яблык падае тады, калі ён выспявае...
Канстанцін Каліноўскі не вытрымаў, падняўся з-за стала. Кідаў позіркі на кожнага прысутнага, быццам хацеў убачыць у іх вачах падтрымку словам Ежы ці асуджэнне. Не ўбачыў ні таго, ні другога.
– Мне здаецца, што мы так не прыдзем да ўзаемазгоды, – выказаў са шкадаваннем сваё меркаванне Каліноўскі.
– Канстанцін, – звярнуўся да яго Ежы, – у мяне ёсць прапанова. Мы павінны асобна дамовіцца між сабою, а потым выказаць на паседжанні агульную думку. Мы трацім шмат часу на абмеркаванне. Мы павінны прыйсці на наступнае паседжанне з гатовым рашэннем ці прапановай. Перад гэтым усё ўзважыўшы і ацаніўшы.
– Я згодзен, Ежы.
Каліноўскі пакінуў паседжанне, спаслаўшыся на кепскі стан.
Размова далей пайшла не так напружана, але больш бязладна.
– Я за неадкладнае паўстанне! – пачуўся голас з кутка пакоя. – Адкладваць нельга, падрыхтоўка праведзена даволі вялікая...
– Неабходна правесці рэвізію сваіх радоў, накапіць сілы, раставіць вопытных кіраўнікоў паўстання... Інсургенты трыццатых гадоў згодны аказаць нам дапамогу, навучыць правілам барацьбы, каб не паўтараць іх памылак...
Гэта словы Ежы, ён настойліва стаяў на сваім.
– А памылак было ў іх шмат. Нелагічна нам гаварыць аб накапленні сілаў, бо як жа распачынаць паўстанне без людзей. Давайце задамося такім пытаннем: дык якое мы хочам зрабіць паўстанне? Дваранска-мяшчанскае? Я разумею Каліноўскага, які заўсёды з народам, ён як ніхто бліжэйшы да простага люду і давярае яму, і гатовы аддаць за яго жыццё, але... Трэба прытрымлівацца строга праграмы Рэвалюцыйнага камітэта, у якой надавалася галоўнае значэнне ўсёй нацыі. Таму мы з Каліноўскім прынцыпова блізкія гэтай пазіцыі, разыходзімся толькі адносна сродкаў. Наша сіла ў прапагандзе нацыянальнага духу, у мацаванні нацыянальных інтарэсаў, у пераконванні сялянства ў неабходнасці паўстання, якое дасць ім тыя альбо іншыя выгады – духоўныя, эканамічныя і сацыяльныя. А для Кастуся падыходзіць любы сацыяльны стымул, галоўнае падштурхнуць да хваляванняў, давесці сялянства да выбуху, не клапоцячыся пра тое, якімі будуць вынікі...