Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Зінаіда адчувала людскія душы. Але душа гэтага юнака была для яе загадкай, прыемнай загадкай. І ёй захацелася разгадаць яе. Але найперш адчула, што сустрэлася з нечым таямнічым і глыбінным, і, каб разгадаць яе, адчуць, далучыцца да яго поля, ёй неабходна спачатку “настроіцца” на яго хвалю, на яго дыяпазон... Сэрцам адчувала, яе чакае цікавае адкрыццё, цікавая нечаканка... Бо ад чалавека, які мае такі голас, такое выпраменьванне дабрыні і лагоднасці, не можа сыходзіць нічога лядайкага і благога...
– А цяпер будзем знаёміцца, – яна села на табурэцік, які паставіла перад гэтым, каб сесці і пагаварыць з ім, – мяне завуць Зінаіда, дзяжурная медсястра...
– А мяне – айцец Уладзімер.
– Як?
– Айцец Уладзімер. Протаіярэй Пятра-Паўлаўскага храма...
Яна ўзняла бровы ўверх, паглядзела яму ў вочы:
– Вось яно што... У нас яшчэ ніколі не было святароў. Праўда, за час маёй працы. Я думала, што людзі ад Бога ніколі не хварэюць...
– Чаму ж? – ён зірнуў на яе, і голас яго ліўся быццам раўчук з гары. – Мы ж усе пад Богам ходзім. І ўсё залежыць ад Госпада. І таму Ён пасылае кожнаму з нас выпрабаванне і спакушэнне. Бог не насылае хваробы, гэта ўсё ад д‘ябла...
– Дык тады, выходзіць, што д‘ябал мацней, чым Бог?
– Бог – Непераможны. А д‘ябал заўсёды хоча ўмяшацца ў Боскую міласэрнасць, і то ўжо ад чалавека залежыць, наколькі тыя мацкі пранікаюць у чалавечую душу...
– І ў вашую душу пранік той д‘ябал?
– Ды не, проста на мяне найшло спакушэнне, і мяне правярае Гасподзь, наколькі я моцны ў сваім служэнні Яму...
Зінаіда паправіла прыклейку, паглядзела, як цякуць кроплі, зноў паглядзела на яго.
– Цікава вы гаворыце, айцец Уладзімер. Мы зможам з вамі пазней прадоўжыць гутарку на гэтыя тэмы? Бо вам цяпер адпачываць трэба, набірацца сіл...
– Добра, прадоўжым. І нам будзе пра што пагаварыць. Ведаю, што ў вас шмат пытанняў будзе да мяне, ці не так?
– Так, айцец Уладзімер. Адпачывайце...
Ён прымружыў вочы, як усё роўна паслухаўся яе загаду, павярнуўся да блакітнай сцяны.
Праз дзве гадзіны яна зноў паставіла новую бутэльку – з іншым растворам.
– Так добра?
Ён кіўнуў галавой. Яна не адыходзіла ад яго ўсю ноч. Бачыла, што адчуваў сябе блага, але не гаварыў пра тое.
Больш не гаварылі ні пра што, толькі позіркам перакідваліся, каб не пабудзіць астатніх – яшчэ восем ложкаў стаялі па ўсім пакоі...
Калі ж святар заснуў, прылегла на канапу. Але драмала чуйна, пільна рэагуючы на кожны падазроны гук...
Ранічкай, ставячы чарговую кропельніцу, прамовіла, гледзячы яму ў вочы:
– Мая змена скончылася, айцец Уладзімер. Прыду толькі на трэція суткі. Хай у вас усё будзе добра.
– Хай беражэ вас Бог, Зінаіда!
– І вас!
І лёгкай птушкай паляцела да шафаў з адзеннем, абцасікі яе туфляў выбівалі нейкую адмысловую мелодыю. На душы – радасць, добры настрой. Добра прайшла змена, без здарэнняў. Удалося хоць на гадзінку звесці вокам – дужа цяжкіх хворых не было... Айцец Уладзімер... Падумала пра яго – і светла стала на душы. Непрыкметна ён унёс у яе душу цёплы подых духоўнасці, прымусіў задумацца, па-новаму асэнсаваць сваё жыццё... Хаця ж і не было нейкай глыбокай і духоўнай размовы, але святар крануў у яе душы нябачныя струны, як зрабіў масток ці кладку праклаў да будучай, такой неабходнай для яе, размовы.
Ніколі не гаварыла са святаром вось так, адзін на адзін, нават і не ўяўляла, як і пра што можна у такім выпадку гаварыць... А тут атрымалася натуральна і непрымусова, лёгка і проста. Аж дзіўна...
3.
Вечарам у інтэрнат пазваніў Ігар Літошын.
Вахцёрка, пажылая жанчына – Ганна Львоўна, паклікала яе да тэлефона.
– Хто? – пацікавілася ў яе Зіна.
– Не ведаю, хлапец нейкі...
– Ало, слухаю.
– Зіна, гэта я – Ігар... Мо адарваў ад якіх клопатаў, то выбачай...
– Ды не, ляжала, адпачывала...
– Слухай, такое пытанне: заўтра, у нядзельку, чым думаеш заняцца? Дадому, у вёску, не едзеш?
– Не. Ездзіла на мінулым тыдні... А што ты прапаноўваеш?
– Цудоўная пара стаіць цяпер. Ці не маглі б мы з табою заўтра выбрацца на прыроду? Я вазьму фотаапарат, пейзажаў наздымаем... Доўга не будзем – гадзінкі дзве.
Яна задумалася, асэнсоўвала Ігараву прапанову.
– На лыжах?
– Ды не, рукзак на плечы, ды пешшу. Тралейбусам даедзем да канечнай, а там пройдземся з кіламетр.
Зінаіда, крыху падумаўшы, згадзілася:
– Добра, Ігар. Толькі давай да абеда, бо вечарам у сяброўкі дзень нараджэння. Паабяцала, што прыеду да яе. У колькі мы ўбачымся?