Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Піва, віна? (ням.).
Незнаёмец не адыходзіў ад Жывены, як быццам чакаў яшчэ нейкіх слоў, апроч падзякі. А можа, яму проста спадабаўся маўклівы юнак, што сядзеў адзінока ў харчэўні гасцініцы і думаў пра нешта сваё?
— Ніколі не бачыў такіх прыгожых пёраў слонкі, - Жывена паказала на тры калыхлівыя рудыя пёркі, што ўпрыгожвалі капялюш яе нечаканага субяседніка.
— О! Ты, юнгэ, разбіраешся ў пародах птушак? Я больш за ўсё люблю слухаць якраз слонку, а ты?
— Харошая птушка. Яна так упрыгожвае вясновы лес.
— Так, так! Калі сядзіш з лукам у засадзе, каб упаляваць такога прыгажуна, здаецца, увесь лес табе дапамагае! Ух ты!
— Ты, мабыць, выдатны паляўнічы!
— Яно так і ёсць, але адкуль гэта ведаеш ты? Можа, ты ўжо чуў пра паляўнічага Альбрэхта — гэта значыць пра мяне?
— Пра гэта гавораць нават сцены… І твой дарагі калчан, хаця і без стрэлаў.
Альбрэхт не зразумеў іроніі, ён аж засвяціўся.
— Ух ты! Ты харошы і ветлівы юнгэ! Але, я бачу, чужаземец. Адкуль і навошта прыехаў да нас?
— Хачу паслухаць вашага славутага прапаведніка, брата Бяртольда.
Твар паляўнічага затуманіўся.
— Дык ты да гэтага чарнахвостага… Які трасе сутанай перад дурнымі жанчынамі і абяцае ім заўтра ж царства нябеснае. Ён запалохаў ледзь не ўвесь горад.
— Няўжо?
— Жанчыны па ім млеюць, значыць, іхнія сыны пойдуць на казань. А мужы таксама мусяць прыслухоўвацца. Эх, лепей пайшоў бы ты са мной увечары на ўскраек лесу. Сядзеш і бачыш — паляцелі, галубочкі, над дрэвамі, то вышэй, то ніжэй. Але нельга страляць у першую: гэта самка. Лепей у трэцюю — у яе чамусьці найтлусцейшае мяса. І смак… куды гэтым курыцам! — ён зняважліва паказаў на пожаг. — Я часцяком прыношу сюды слонак, таму сюды любяць прыходзіць багатыя гараджане і нават сеньёры.
- І якія ж сеньёры любяць сюды прыходзіць?
— Фон Хэсены — бацька і сын. Нордліген, нават часам сам бургамістр Гунвальд. Ух ты!
— А малады фон Бамберг? Кажуць, ён вельмі набажны, — як бы пусціла наўздагад стралу маладая дзяўчына. Альбрэхт задумаўся.
— Фон Бамберг? Не прыгадваю…
— Танклявы, з пукатым ілбом. Вочы вузкаватыя, шэрыя, попельныя валасы, — Жывена малявала партрэт Відэвута, спадзеючыся, што блізнец-брат падобны да гэтага, ніколі не бачанага ёю. І, мабыць, страла трапіла куды трэба.
— А-а, гэты! — успомніў Альбрэхт. — Іх дом на самай ускраіне. Калісьці быў багаты род, амаль першы ў горадзе. Але старэйшы брат пасварыўся з герцагам, замак разрабавалі. Малодшая галіна роду жыве каля прытоку Нааба. А іхні спадчыннік… уяві сабе, юнгэ, ён не палюе, як іншыя знатныя сеньёры, не шукае шчасця пры двары герцага, нават не спрабуе задзіраць спадніцы харошанькім гараджанкам!
— Чым жа ён займаецца?
— Уяві сабе, юнгэ, ён малюе! Нібы які рамеснік! Думаю, што з-за гэтага ён не знойдзе сабе пару. Якой знатнай даме захочацца шлюбіцца з такім? Ды што пра яго? Давай вып'ем, юнгэ!
Жывена паклікала прыслужніцу, загадала ёй прынесці віна. Наліваючы кубак, яна толькі падносіла яго да вуснаў, але не дакраналася да рубінавай вадкасці. А Альбрэхт, наадварот, уваходзіў у смак — яго круглы твар наліўся чырванню, ільсніўся, як намазаны маслам. І гаварыў ён бесперапынку.
— Кажуць, грэшнікаў чакае пекла. Калі тое будзе! А зараз… Смачнае мяса, добрае віно, прыгожая жанчына, — ён шчыпануў кабету ў зялёным. — Ух ты! Гэта і ёсць сапраўднае жыццё!
Ад віна ў кубку пахла гарачым поўднем, сонцам, што млява кладзецца адпачыць на схіле гары, сярод разнатраўя, перад тым прагрэўшы зямлю да самых каранёў вялікіх вінаградных лозаў, так што рудыя яе камякі ляжаць на паверхні і не разбіваюцца пад капытамі каня. Яна ўжо ехала па такой дарозе, яна бачыла і іншыя — зарослыя кустоўем, збітыя капытамі кароў, забрукаваныя — і ўсе яны вялі сюды, у вялікі і багаты горад, дзе ўсё ж знайшоўся Брутэн, брат ейнага Відэвута. Хаця… А раптам гэта простае супадзенне? І ёй стала страшна, захацелася як мага хутчэй убачыць маладога фон Бамберга.
— Я хацеў бы заказаць гэтаму маладому мастаку партрэт брата Бяртольда, — сама здзівіўшыся таму, што знайшла добрую прычыну пазнаёміцца з Брутэнам, прагаварыла яна. — Ці не змог бы ты нейкім чынам прывесці фон Бамберга на казань да манаха?
— Я?! — здзівіўся той. — Але як?
— Ты вясёлы і лёгкі чалавек. І калі ты прынясеш у той дом сваіх качак, ты лёгка дамовішся з маладым гаспадаром. Калі ж ён не захоча слухаць казань, то я сам пайду да яго з такою просьбай. Але мне хацелася б спачатку паглядзець на яго, можа, і пасябраваць.