Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Грамавержац (ням.).
І Рэгенсбург яна ўбачыла, узабраўшыся на высокі пагорак, спярша як востры шпіль найвялікшага з усіх бачаных ёю дасюль храмаў, што аб'яўляў аб сабе за многія вёрсты ўсім падарожным. Пасля, прыгледзеўшыся, яна прыкмеціла нашмат ніжэйшую спіцу ратушы, што выблісквала з-за зеляніны, а пад'ехаўшы бліжэй, разгледзела славуты каменны мост цераз раку Данаў, пра які ёй апавядаў яшчэ Паўль.
Гарадской варце яна сказала, што прыехала здаля, каб убачыць, як будуюць Залатую вежу, вышыня якой павінна здзівіць сучаснікаў. Вартаўнікі задаволена расказалі ёй, што сапраўды сярод Патрыцыянскага квартала расце такая вежа, але яна недабудаваная, як і дамініканская царква святога Блазіуса, як і магутны дом святога Пятра. Жменя манет развязала ім языкі настолькі, што адзін з іх нават правёў яе да вуліцы, што кіравала проста да ратушы, каб разам з канём не заблудзілася яна ў вузкіх вулачках гэтага вялікага, багатага горада — некалі фарпоста рымскіх легіянераў, ад якіх застаўся Патрыцыянскі квартал і стадыён, амаль ужо разбураны. Там, ля ратушы, месцілася лепшая ў Рэгенсбургу гасцініца, адкуль зручней за ўсё было пачынаць пошукі сям'і Бамбергаў.
Каля ратушы Жывена прастаяла доўга, зачараваная не бачаным ёю раней сонечным гадзіннікам, а таксама высокімі каменнымі дамамі з дахамі паўкруглымі, выступчастымі, узорыстымі, дзе прыляпіліся каваныя металічныя балкончыкі з пакручастымі ўзорамі. Падняўшыся трохі вышэй да гасцініцы, яна разгледзела паміж дамамі даліну — сіняватая смуга стаяла над бясконцымі ляснымі вершалінамі, залітымі вясёлым сонцам. Там, у даліне, калі яна на досвітку ўставала да акна і, ціха варушачы вуснамі, узносіла гімны Ашвінам, ёй здавалася, што словы яе, магчыма, далятаюць да светланосных братоў, якія нясуцца высока над зямлёю ў сваёй калясніцы. Але тут, у каменным чатырохпавярховым будынку з вежамі па краях, над якім узвышаюцца хрысціянскія храмы, — ці змогуць яе словы набраць вышыню?
З гэтымі думкамі яна заплаціла грошы за пакой і за месца Росу ў стайні, дазволіла занесці наверх цяжкую скураную сумку і прысела ля стала ў невялікай акуратнай зале, дзе гарэў ачаг і сквірчэла на пожагу курыца. Праз нейкі час да яе падышла пульхная красуня ў зялёнай сукні, аблямаванай чорнай атласнай стужкай, з высока зачэсанымі валасамі.
— Bier, Wein?* — загаварыла яна, а калі Жывена адмовілася і папрасіла садавіны і салаты, служанка трохі зняважліва адгукнулася «Gut» і хутка падала алавяную талерку з зялёнай салатай і хлеб з белай мукі. Пасля, не звяртаючы на яе ўвагі, пайшла да суседняга стала, дзе, нахіліўшыся над мужчынам у пацёртым аксамітавым каптане, так што грудзі яе амаль краналіся ягонага пляча, стала пра нешта пытацца. Мабыць, ён не стаў адмаўляцца ні ад віна, ні ад піва, таму што красуня неўзабаве прынесла яму і тое, і другое. Ён наліў піва ў кубак і азірнуўся навокал, але акрамя маладога танклявага юнака не ўбачыў нікога і таму, падняўшы кубак, крыкнуў яму: «На здароўе!» — і хутка выпіў. Наліваючы зноў, ён нешта коратка сказаў служанцы, і тая хуценька паставіла перад Жывенай яшчэ адзін кубак. Незнаёмы мужчына падышоў да Жывены і, не пытаючыся, наліў ёй піва. Круглы малады твар яго быў вясёлы і бесклапотны, як у чалавека, які заўсёды радуецца жыццю і чакае ад яго толькі дабра. Жывена змушаная была ўзняць кубак і хаця б трохі адпіць. Піва было свежае, прыемнае, яно спатоліла прагу, якая стала навальвацца на яе пасля ўсяго гэтага клапотнага, неспакойнага ранку, трывогі за тое, што павінна прыйсці да яе з братам Відэвута. Ці жывы ён увогуле, гэты брат, чыё імя выплыла да яе, як быццам у іншым жыцці, у Новагародскім храме Ашвінаў, і паклікала ў дарогу — спачатку супраць волі, затым — неадольна панесла, як нясе веснавая вада падталую льдзіну? Не, да мёртвага яе не панесла б. Хіба каб сказаць нешта тою моваю, якою любяць размаўляць са смяротнымі багі — можа, толькі для таго, каб прымусіць іх думаць? А можа, каб падражніць прывідам магутнасці і ўлады?