Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Адказаў вясёлы жаночы голас. Можа, гэта памылка?
— Гэта нумар пана дырэктара Вінклера?
— Так, — адказваў голас, — папрасіць яго?
І, не чакаючы адказу, голас закрычаў:
— Цябе нейкая жанчына…
Аліцыя хутка адклала трубку, адсунула апарат, паправіла каўнер сукенкі і адкрыла наступную папку з актамі.
— Ага… Справа Фабіяна і Марыяны, мужа і жонкі Ячкаў, пра крадзеж векселяў…
Стала цёмна, і трэба было ўключыць лямпу.
Раздзел 9
Прафесар Бруніцкі з меншай, чым звычайна, увагай слухаў справаздачы доктара Кунокі. Ён падзякаваў калегу і зачыніўся ў сваім кабінеце.
Доўга шукаў нешта ў даўно не чапаных шуфлядах стала, доўга гартаў старыя календары і нататкі, супастаўляў даты розных здарэнняў і ўрэшце запісаў на лістку: «З 25 жніўня па 3 верасня».
Потым загадаў падаць машыну і паехаў ва ўніверсітэцкую бібліятэку.
Памочнік бібліятэкара вельмі здзівіўся, калі прафесар папрасіў адшукаць для яго падшыўкі жоўтай прэсы за пятнаццаць гадоў.
— Пан прафесар, вам «Голас вуліцы»?
— Так. «Голас вуліцы», жнівеньскі і вераснёўскі.
Праз некалькі хвілін кур’ер паклаў перад ім на стол дзве толькі што працертыя ад пылу падшыўкі пажоўклай паперы.
Прафесар шукаў даволі доўга, урэшце знайшоў. Загаловак гучаў так: «Злачынства вырадка». А ніжэй — «Згвалтаваў чатырнаццацігадовую пансіянерку і збег».
Пачаў чытаць:
«Учора ў восем гадзін вечара вучаніца 6-га класа гімназіі пані Вжэцяноўскай, Марыя Аліцыя Жэр…ая заўважыла, што за ёй сочыць нейкі нецвярозы тып у паліто жаўтаватага колеру і ў капелюшы „Панама“.
Гэты тып ішоў за ёй па вуліцы Кракаўскае Прадмесце аж да дома па вуліцы Смольнай, 17, дзе жыве панна Ж. са сваім бацькам, гарадскім служачым па прафесіі. Не падазраючы нічога дрэннага, дзяўчына ўвайшла на лесвічную клетку і адчыніла сваім ключом дзверы кватэры. У гэты момант згаданы праследнік штурхнуў яе ўнутр і, замкнуўшы за сабой дзверы на ключ, згвалтаваў безабаронную.
Крыкі няшчаснай і гучны шум, што стварала мэбля, паваленая беднай дзяўчынкай, якая абараняла свой гонар, звярнулі на сябе ўвагу суседзяў, і яны пачалі ламацца ў дзверы. Калі нарэшце дзверы выламалі, то заспелі ахвяру, якая плакала ад роспачы ў падраным адзенні. Адчыненае акно ўказвала на дарогу, якой уцякаў вырадак-злачынец: ён выскачыў, рызыкуючы жыццём, са значнай вышыні другога паверха на брук і, пэўна, нічога сабе не пашкодзіў, бо, карыстаючыся цёмнай парой, збег.
Адразу ж выкліканая паліцыя знайшла згубленыя злачынцам, відаць, у мітусні барацьбы з ахвярай рэчавыя доказы, лісты і да таго падобнае, якія бясспрэчна сведчаць, што вінаватым у жудасным гвалце з’яўляецца (неверагодна) малады інжынер гандлёвага флоту і слухач марской акадэміі Багдан Друцкі…»
Бруніцкі працёр лоб і стаў чытаць далей:
«…сын вядомай і шанаванай сям’і землеўладальнікаў з Падолля. Паліцыя адразу ж накіравалася ў яго кватэру, але аказалася, што злачынец ужо здолеў знікнуць. Верагодней за ўсё, Друцкі збег за мяжу. Ён аб’яўлены ў вышук.
Бедны бацька ахвяры, пан З. Жэраньскі, даведаўшыся пра няшчасце, якое адбылося з дачушкай, страціў прытомнасць. У шырокіх колах вышэйшага грамадства, дзе Багдан Друцкі быў частым госцем, запанавала зразумелае абурэнне».
Прафесар закрыў падшыўку і выйшаў.
Цяпер у яго не было ніякіх сумненняў. Яго мучыла пытанне, ці ўсведамляюць яны, або хтосьці адзін, што іх некалі звязвала?
Таму ён паехаў прама ў «Брысталь». Тут ён Друцкага не заспеў, аднак даведаўся, што пэўна «на досвітку дырэктара Вінклера дома не будзе».
Тады прафесар вярнуўся дадому, апрануў смокінг і паехаў у «Аргенціну».
Друцкага ён заспеў у выдатным, як заўсёды, настроі. На лбе над скронню ў яго быў шырокі шрам, заклеены англійскім пластырам.
— Што гэта, — запытаўся прафесар, указваючы на рану, — у цябе зноў на адну дзірку ў скуры прыбыло?
— А, так, — засмяяўся Друцкі, — я зноў уліп у маленькую авантурку. Відаць, у гэтым і ёсць таямніца майго прызначэння. Мне не трэба шукаць дзве рэчы: авантуры і жанчын.
Да яго дайшло, што гэтага не трэба было гаварыць, і ён прадбачыў прыкрасць на твары Бруніцкага, але той сказаў, паціскаючы плячыма:
— А што ты хочаш. Ты любіш і адно, і другое.
— Можа, і люблю. Я кіруюся тым, што мне прызначана лёсам.
Бруніцкі на гэты раз заняў ложу і папрасіў Друцкага:
— Слухай, ты мог бы прысвяціць мне адзін вечар і пасядзець тут са мной.
— Табе надакучыла донна Фіямета? — не стрымаў смех Друцкі.
— А чаму ты здзіўляешся? Зрэшты, гаворыць яна ўсё пра цябе. Гэтая тэма ёй, відаць, вельмі блізкая. Я, аднак, лічу за лепшае размаўляць з табой, а не пра цябе.