Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Раптам за дзвярыма пачуліся крокі. Нехта набліжаўся да дзвярэй пакоя, у якім была замкнутая Анэта. Нечакана сагнуты ў крук незнаёмец спрытна падскочыў, як каціны цар Варгун, прыладкаваўся на невялікім выступе над скляпеністымі дзвярыма, нібыта пачварная скульптура, і прыклаў да тонкіх вуснаў палец на знак маўчання. Анэта лягла на ложак і заплюшчыла вочы. У дзвярах павярнуўся ключ... Марцэля прынесла сняданак. Анэта не зварухнулася, пакуль тая ставіла на стол прынесенае. Імгненні, пакуль рыкуння чагосьці чакала — магчыма, хацела ўпэўніцца, што дзяўчына спіць,— падаліся вечнасцю... Нарэшце Марцэля нешта прасіпела скрозь зубы і выйшла. Зноў бразнуў замок. Незнаёмец лёгка саскочыў на падлогу, абапершыся аб яе рукамі, нібыта сапраўды каціны цар.
— Хе-хе-хе... Ну і кабета... Яна падобная да Марэны... Яе варта, як пудзіла Марэны-смертухны, утапіць у першай лужыне за вёскай. А ты, паненка, падобная да Ядзеркі... Чула — ёсць такія марскія каралеўны, з залатымі валасамі, ідуць — перад імі коціцца дыяментавая раса. Мая дзяўчына таксама была падобная да Ядзеркі. І таксама замест расы былі слёзы.
— Ляскевічы не плачуць! — прамовіла Анэта. Але прыхадзень працягваў, як не чуючы.
— Калісьці мая спіна не была сагнутая ў кола, паненка. І мяне кахала самая лепшая дзяўчына ў свеце. Але ў яе мелася сямёра братоў. А спадчына на ўсіх — адна! Па законе сястры вылучаецца чацвёртая частка спадчыны ў пасаг, незалежна ад таго, колькі братоў. Уяўляеш, як пабяднелі б яны? Агата мусіла заставацца старой дзеўкай... Але каб не здрада пахолка — мы з’ехалі б, і нас абвянчалі б, і... Хе-хе-хе! Маю спіну ламалі цэлы год, паненка... Цэлы год я штохвілі маліў аб смерці. Цяпер магу сказаць, што і я танчыў з кашчавай. Чаму яна выпусціла маю руку? Не ведаю... Але мне ўсё яшчэ часам здаецца, што я скачу ў яе карагодзе.
— Ты дапаможаш мне? — з надзеяй спытала Анэта.
Дзіўны госць толькі ашчэрыўся ў вар’яцкай усмешцы:
— Як можна дапамагчы таму, хто так блізка пазнаёміўся са смерцю? Ты просіш волі... А ты ведаеш, што такое воля? Сабака, які ліжа сляды свайго гаспадара, лічыць сябе вольным... І пакусае кожнага, хто вызваліць яго ад гаспадаровай палкі... Дзе твая воля, паненка? Цябе няма.
Госць дастаў нейкую прыладу, спрытна павярнуў у замку і — выслізнуў з пакоя. Анэта глядзела на зноў зачыненыя дзверы, і роспач сціскала яе ў сваіх халодных абдоймах.
— Адпусціце мяне! Адчыніце!
Анэта стукала ў дзверы, не чуючы ўласнага крыку.
— Я хачу дадому!
* * *
— Я хачу дадому!
Пранізлівы жаночы крык змусіў мяне падскочыць на ложку.
Нейкі час я здранцвела сядзела, прыслухоўваючыся да шуму ў калідоры. Нарэшце падышла да дзвярэй, асцярожна прыадчыніла... Прыгажуня з чорнымі валасамі, раскіданымі, нібыта ў іх жыў ветрык, раздражнёна тузала Юрася за рукаў швэдара. Твар мужчыны не быў ані ўгневаны, ані раззлаваны... Проста сумны і безнадзейны, як водбліск ліхтара ў восеньскай лужыне.
— Ну што ты маўчыш, як стод!
Ён усё-ткі прывёз сюды жонку...
Я зачыніла дзверы і прытулілася да іх. Што я мушу рабіць? Выйсці, мірыць, суцяшаць? Ніколі не лезу ў чужыя справы. Але Юрася было так шкада...
— Пані, я магу вам дапамагчы? — голас Макса гучэў і жыццярадасна, і спачувальна, і даверліва... Я з палёгкай уздыхнула. Няхай прафесіяналы займаюцца сваёй справай. А я магу зноў застацца ў сваёй ракавінцы.
Але падчас сняданку аніхто не сказаў бы, што з кабетай вытанчанай прыгажосці нешта не так. Кармілі нас цяпер не ў шыкоўнай гаспадарскай гасцёўні, а ў пакоі для абслугі на першым паверсе, за шэрымі пластыкавымі столікамі. Я апынулася побач са Стэлай і Юрасём. Гаворка за сталом лунала, як матылёк. Стэла ветліва ўсміхалася, дасціпна падавала рэплікі... Яна была бездакорнай... Напачатку я мімаволі кідала пагляд на доўгія рукавы ейнай чорнай сукенкі, элегантна-артыстычнай, і з жахам уяўляла на белай, далікатнай скуры сляды ўколаў... Але хутка я на гэтыя асацыяцыі забылася. Ёсць людзі, якіх мне лёгка прызнаць больш значнымі за сябе. Яны, не заўважаючы, ператвараюць прастору ў мільёны тоненькіх павуцінак, што сыходзяцца на іх. Талент, якім я не валодаю. А Стэла — валодала напоўніцу. Калі яна глядзела на мяне, у яе вачах не было і ценю злосці або паблажлівасці... Можа, хіба трохі адчуджанасці. Я гадала, ці ведае яна, што Юрась калісьці называўся маім мужам...
А пасля я ішла калідорам і пачула, як нехта весела смяецца. Перад адным з эркерных вокнаў мелася невялікая круглая гасцёўня, нібыта альтанка — шырокая канапа, часопісны столік, пальмы. Добрае месца для спатканняў... Юрась і Стэла стаялі на канапе на каленях, Юрась быў распрануты да пояса, а жонка старанна малявала на яго целе складаны тонкі ўзор. Рэстаўратар перашкаджаў, намагаючыся пацалаваць руку, што трымала пэндзлік. Бесклапотны смех нібыта ахутваў пару празрыстым павуціннем пяшчоты. Я застыла, схаваная прыцемкам калідору, і маё сэрца нечакана для мяне разбівалася на маленькія аскалёпкі, нібыта тонкі лёд, па якім цяжка крочыць мінак. Няўжо я такая зайздросная да чужога шчасця? Тым больш ведаю, наколькі яно ў гэтых людзей крохкае і хвіліннае, як жыццё заблукалай у хату сняжынкі.