Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Мы ішлі па прывідных прысадах у тумане, падзеленым ліхтарамі на светлыя і цёмныя плямы, і размаўлялі, як і калісьці. Гэткая сустрэча даўніх, патрапаных жыццём сяброў, якая ні да чаго не абавязвае, не становіцца ні працягам, ні ўтварэннем новых адносінаў, а проста — прыемная настальгія, усё роўна як пагартаць запылены альбом з фотаздымкамі...
— Яна некалькі разоў была амаль вызваленая! — гэта Юрась расказваў пра Стэлу — пачаў сам, я, вядома, не пыталася. Відаць было, што ён увогуле пра свае праблемы не звык размаўляць. Таму я проста моўчкі слухала, апусціўшы вочы і баючыся спудзіць гэтак патрэбны яму момант шчырасці.
— Я не ведаю, адкуль яна брала тое дзярмо... Наркотыкі... Клялася, што — усё, больш ніколі... І сачыў я за ёй, нават замыкаў... А прыйду пасля працы — у яе ўжо вочы блішчаць гэткім вадзяністым, ненатуральным бляскам, і зрэнкі — з макавінку... А яна такая даверлівая, такая таленавітая... Вось — пакінуў яе адну, цяпер не магу... Хвалююся... Можа, варта было б паспрабаваць яе сюды прывезці? І грошы тэрмінова трэба — дамовіўся з адным лекарам, пакладзе яе на месяц у сваю клініку, нейкі новы апарат вынайшаў для ачышчэння крыві... Як усё далёка... Мае мары, глабальныя клопаты — пра лёс Беларусі, матчыну мову, ратаванне гістарычнай праўды... Госпадзе, а я ж гатовы быў жыццё аддаць за такія смешныя і непатрэбныя большасці рэчы, як мова — нібыта праз маю смерць людзі пачалі б разумець, што яна прыўкрасная і адзіная... Або каб Крыж Еўфрасінні Полацкай вярнуўся на Беларусь — сапраўдны, а не адноўлены... Нібыта невядома, што ён дзесьці ў сховішчах Расіі... А цяпер мяне хвалюе толькі адно — што я адказваю за чыюсьці бедную хворую душу, і не магу яе ўратаваць... Можа, маё «прыватнае» існаванне і правільнае? Чаго б я быў варты, калі б вёў да волі свой народ і забываўся, што мая любая жанчына застаецца рабыняй? Тым больш расчараваўся я ў палітычных гульнях, пабачыўшы зблізку... Прыгожыя лозунгі не гарантуюць сумлення. А калі я ратаваў старую рэч, вяртаў яе з часткай нашай гісторыі — гэта быў мой унёсак... Але занадта часта я адчуваю сябе здрайцам...
Калі мы наблізіліся да маёнтка, які ў прыцемку здаваўся пагрозліва змрочным, нібыта патрывожаны ад векавога сну зачараваны волат, Юрась раптам пацалаваў маю руку.
— Дзякуй...
— За што? — прашаптала я.
— За тое, што слухала. За тваё ўважлівае маўчанне — яно часам больш дарагое, чым пустыя словы шкадобы і парады. За тое, што пасля ўсяго, што я з табою зрабіў, ты яшчэ не ненавідзіш мяне...
І пайшоў у свой часовы пакой, няшчасны, трывожны, чужы... Госпадзе, ён усё яшчэ дакарае сябе за нашу юначую гульню ў шлюб... А я?..
— Ты звар’яцеў, лекар! — Лаўрын Рожа злосна расхаджваў па пакоі з белай ружай над уваходам.— Гэта, магчыма, у тваёй Фларэнцыі паненку можна прывалачы за валасы на свой ложак. Але ў нашай дзяржаве за гэта караюць горлам!
Бернацоні сядзеў у крэсле з высокай драўлянай спінкай, скрыжаваўшы на грудзях рукі, знізаныя каштоўнымі пярсцёнкамі, і спакойна пазіраў на новага войта.
— Я не зрабіў гэтай дзяўчыне нічога кепскага. Наадварот — выратаваў жыццё. Але яна была ў шалёным карагодзе, яе розум пашкоджаны. Магчыма, яна дасюль апантаная.
— Дык нашто яна табе? — выкрыкнуў Рожа, спыніўшыся проста перад італьянцам.— Зараз жа адышлі яе прэч, у кляштар!
Ад крыку Рожы, здавалася, усхадзілася нават вада ў шклянцы на стале. Але Бернацоні і брывом не зварухнуў.
— Гаспадар даў мне даручэнне... Ведаеш, якое... Прывесці гэты горад да пакоры. Любым спосабам! Любым! Разумееш, Рожа? Дзеля вялікай мэты, якую раскрыў перада мною Вялікі князь, можна пераступіць шмат. І я буду служыць яму, што б для гэтага ні спатрэбілася. Я бачыў сваю любую Італію, якая ляжыць на скрыжаванні свету, разбітая на дробныя аскалёпкі пыхай яе князёў. Кожны горад імкнецца да вольнасці, кожны князёк хоча стаць каралём... А ворагі прыходзяць і нішчаць краіну па частачках, не сустракаючы супраціву. Больш за тое — заўсёды знаходзяць памагатых у суседніх гарадах... Дзічэюць розумы, чарсцвеюць сэрцы... У Італіі пакуль няма вялікага чалавека, які аб’яднаў бы яе, змясіў, як цеста, у адзін кавалак, з якога атрымаецца хлеб — няхай спечаны на крыві і слязах. Вам, ліцвінам, пашанцавала.
— А пры чым тут Ляскевічава дзеўка? — Рожа наблізіўся да лекара ўшчыльную, перайшоў на даверлівы шэпт.— Ну паслухай... Мы адзін аднаго не першы год ведаем. Табе што, гэтак раптам закарцела жаночай плоці?