Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
— Гэта не ваша справа, панове. Не ўмешвайцеся. Усё ў волі Божай.
Вядома, пра тое, каб улегчыся ў ложкі, гаворка не йшла. Пранціш і Алесь занадта добра ведалі Чорнага Доктара. Бутрым нервова хадзіў ад сцяны да сцяны, стрымліваючы лаянку. Не першы раз яго не пускалі лекаваць з-за дурных забабонаў, альбо чужой хцівасці. А ўсведамленне, што мог бы выратаваць нечае жыццё, ды не даюць, даводзіла Бутрыма да шаленства.
— Кляты горад. Клятыя бюргеры.
— Пан-бацька, вам лепш гэта пабачыць.
Голас Алеся, які застыў перад акном, упрыгожаным фіранкамі з коцікамі, быў такі напружаны, што Пранціш і Баўтрамей зараз жа наблізіліся.
Ледзяныя мурашы прабеглі ў Вырвіча па спіне.
Па бліскучай мокрай брукаванцы, між цёмнымі пачварамі дамоў, у цьмяным святле ліхтароў і паходняў ішлі дзеці. З дзясятак, рознага ўзросту. Самаму малому, можа, годзікі чатыры. Ішлі ціха, няўклюдныя ў зімовых каптанчыках і задоўгіх футрачках, панурыўшы галовы. Перад сумнай кавалькадай ехаў вершнік на чорным кані, захутаны ў плашч з вастраверхім каптуром, і высока ўздымаў зыркую паходню. Такія ж вершнікі ехалі за дзецьмі. Пранцішу падалося, што ў цёмных прагалах вокнаў, не зачыненых шыбамі, мільгаюць белыя плямы спалоханых твараў.
Працэсія рушыла некуды ўверх, у цэнтр горада, дзе ўразаўся чорнай крыгай у неба гмах галоўнага храма і свяціліся чырванню і смарагдам вузкія вітражныя вокны высокага палаца з вежамі.
— Што гэта? — непаслухмянымі вуснамі прамовіў Алесь. — Таемны рытуал? Злачынства? Гандаль дзецьмі?
Пранціш не мог адарваць вачэй ад жудасных агнёў, што паўзлі па вуліцы.
— Вы ўпэўненыя, што гэты горад называецца не Гамельн?
Бутрым недаўменна зірнуў на сябра.
— Не, Гамельн — у Саксоніі, а мы ў Баварыі. У Норнбергу. А гэта ты да чаго?
Вырвіч нервова фыркнуў, не адрываючы вачэй ад маленькіх фігурак, што знікалі ў начы.
— Адразу відаць, што акрамя сваіх колбаў нічым не цікавішся. Літаратуру трэба чытаць, доктар. Легенда такая ёсць — у горадзе Гамельне развялося пацукоў. У магістрат з’явіўся падазроны малойца, падобны з выгляду да цябе, Бутрым. Дэкляраваў знішчыць пацукоў за добрую аплату. І знішчыў. Зайграў на дудачцы, і ўсе пацукі рушылі за ім. Завёў жывёлак у мора. А людзі яму не заплацілі. Пацукалоў пагразіўся адпомсціцца. І з дапамогай сваёй дудачкі звёў з горада ўсіх дзяцей. Іх ніколі больш не бачылі.
— Глупства. — прамармытаў доктар, учапіўшыся рукой за падаконне.
Добра, што з імі няма малой гарэзніцы Рэгінкі. А то яшчэ ў якуюсь страшную гісторыю ўлезла б, не ўсачылі б.
— Пан-бацька, мы пойдзем ратаваць гэтых дзяцей? — з надзеяй спытаў Алесь.
Бутрым, прыкусіўшы губу, пакруціў галавою.
— Месцічы ясна заявілі, гэта не наша справа. Мы ж не ведаем, што насамрэч адбываецца. Няхай яно мне вельмі не падабаецца. Па няведанні можна нарабіць большай бяды.
Уздыхнуў цяжка.
— Ну вось што ты, Алесь, будзеш рабіць, калі пабачыш, што хтосьці ўганяе ў горла мне ці пану Пранцішу шыла?
— Заб’ю нягодніка! — рашуча адказаў Аляксандр.
— Вось і мяне аднойчы так… Ледзь не забілі.
Баўтрамей тужліва глядзеў услед жудкай працэсіі.
— Рабіў трахеатамію дзіцяці, якое задыхалася — належала ўставіць металёвую трубачку ў гартань. Бацька хворага вырашыў, што я таго забіваю. Не даў правесці аперацыю. Гэта было ў альпійскай вёсцы. Мясцовага дыялекту я не ведаў, мяне таксама не разумелі. Я ацалеў. Дзіця памерла. Што назаўсёды пазбавіла мяне ад звычкі судзіць па першым поглядзе. Самі бачыце — на дапамогу ніхто не кліча. Ну, і дудачкі чароўнай не чуваць.
Рэшту ночы ўсё-ткі падрамалі. Вырвічу сніліся вялізныя пацукі. Шчэрылі пашчы з вострымі металёвымі зубамі. Зубы шчоўкалі.
А не, гэта не зубы. Разбуджаны святлом бляклай раніцы, што прабілася скрозь фіранкі і намаляваных коцікаў, Пранціш усвядоміў: пастуквае на варыўні песцік у ступцы альбо малаток, якім адбіваюць мяса. У Баварыі добра ўмеюць смажыць мяса. Нават пах далятае спакусны. І тое, што ўбачылася ў цемры, здаецца блёкатам.
І гаспадары «Трох жалудоў» усё гэтак жа прыклеена ўсміхаюцца. Каб не пачырванелыя вочы ў абаіх сужэнцаў, можна паверыць у сон. Ды фраў не ў бялюткім каптуры, як учора, а ў юлёвым.
Сняданак падалі сытны, а на пытанні адказваць адмаўляліся. І самі гаспадары, і прыслуга — дзябёлая дзявіца з косамі-абаранкамі, і змрочны руды мужык з вадзяністымі запалымі вачыма. Гэта ж ён ноччу настаўляў на гасцей стрэльбу, паскуднік!