Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Кліч роднага звона - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Кліч роднага звона

Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:

Чытач трымае ў руках кнігу вядомага празаіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Генрыха Далідовіча: тут i раман «Кліч роднага звона» — пра першыя самастойныя крокі, узвышэнне Навагародка як горада, княства i цэнтра будучай дзяржавы ў далёкім XIII стагоддзі, i новыя апавяданні з цыкла «Жар кахання», i развагі сталага ўжо творцы пра жыццё i літаратуру. Як i ранейшыя, новыя творы пісьменніка вызначаюцца навізной, заглыбленым псіхалагізмам, яркасцю мастацкіх карцін i сакавітай беларускай мовай.
1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 187
Перейти на страницу:

Усяславу прыходзілася быць не толькі ў храме, але i ў царкоўнай рызніцы, у склепе ды ў падвале (у рызніцы былі царкоўнае начынне i Кірылавы ўборы, у склепе — княскія ракі-дамавіны, а далей, у падвале,— сховы на выпадак пажару ці варожай аблогі, а таксама бочкі з ежай i крамянёвай, заўсёды пітной вадою. Тут, у падвале, ён нават ведаў тайны ход наверх, за дзядзінец); цяпер Кірыла, замкнуўшы царкву знутры i ўзяўшы запаленую свечачку, павёў яго па знаёмых сходках у вымураваны i абкладзены гладкімі камянямі цёмны падвал, куды ніколі не даходзілі ні нябеснае святло, ні зямныя гукі, дзе панавала падземная цішыня, у якой былі вельмі гулкія чалавечыя крокі i нават шэпт, востра адчуваўся водар сырога пяску, вапны, камянёў, павуціння i дрэва ад паліц i бочак.

У праходзе — доўгім, таямнічым i нават трошкі страшнаватым, — каля сцяны з найбольш вялізнымі камянямі, перад спратам, Кірыла нечакана запыніўся.

— Запомніў, колькі крокаў прайшоў? — усміхнуўся.

— Не,— шчыра прызнаўся ён, хоць ведаў, колькі трэба ісці да спрата.

— Трэба будзе, дружа мой, добра запомніць. Якраз тут — патаемныя дзверы ў камору, дзе княскі скарб. Паспрабуй сам разгадаць таямніцу.

Усяслаў узяў пададзеную свечачку, падышоў з ёю спачатку да левай сцяны, пасля — да правай, прыгледжваўся да выцэментаваных пазоў паміж камянямі, стукаў па ix, прыкладаў вуха, намагаючыся адчуць, дзе глухі, а дзе больш гучны гук, нагінаўся, укленчваў, абмацваў выкладзены плінфай дол, стукаючы i па ім, але дарма, ніякага сакрэту адгадаць не змог.

— Каб гэтая тайніца была далей у нашым спраце, дык яе лягчэй было б знайсці i якому нашаму ліхадзею, i прышламу ворагу,— прамовіў Кірыла, супакойваючы яго за няўдачу.— Там бы запыніліся i шныпарылі б. I ўрэшце апаролі б. Тут жа, у праходзе, усе будуць ісці далей i чакаць, што там, наперадзе. Глядзі, вось куды трэба націснуць...

Той нагнуўся, упёрся адной рукой на верх, а другой знізу на, здавалася, звычайны камень — той разам з некалькімі камянямі падаўся ў сцяну, паказваючы няроўную, па форме камянёў, нішу, а потым гэтая цяжкая глыба лёгка пасунулася па жолабе ўлева, агаляючы краты з тоўстых, амаль у мужчынскае запясце, жалезных пераплеценых калоў, за якімі была прасторная камора.

Кірыла прасунуў знізу праз адтуліну ў кратах руку, мабыць, націснуў там на штосьці на адным з перакрыжаванняў, бо вось ужо лёгка пасунуў браму, але ўправа ўжо, у выемку, што была між дзвюма тоўстымі сценамі.

— Тут — i сховы для княскай сям'і ды радцаў, i княскі скарб ды яшчэ адзін спрат ежы,-пітва,— сказаў Кірыла, прапускаючы яго, сапраўды, у вялікую вымураваную камору, дзе стаяла нямала акаваных бліскучым, нержавейным жалезам драўляных скрыняў, бочак, было нямала тапчаноў i сталоў, паліц з пасудай i свечкамі.— Тут — i яшчэ адзін патаемны ход за дзядзінец, у тое месца, дзе ты, ваявода, павінен у ліхую часіну трымаць напагатове коней, вояў i запас ежы ў далёкую дарогу...

Сапраўды, ёсць далека за дзядзінцам адна непрыкметная мясціна сярод даўняга, заросла га кустоўем i дрэвамі кургана-могільніка, дзе па княскім загадзе ён мусіць тады, кал i вораг здолее ўварвацца ў дзядзінец, мець свежую конную дружыну там, за крэпасцю. Значыць, ён, гэты тайны ход, быў ужо i раней, перш чым пачалі будаваць тут царкву. Яго, мабыць, употай выкапалі па волі яшчэ Князевых прадзедаў, хоць, дзякуй Богу, ім яшчэ не было патрэбы пакарыстацца. Іначай ягоны бацька-ваявода, перадаючы яму навагародскія таямніцы, сказаў бы i пра гэта. Ці той не мог даверыць усяго нават яму, сыну? Можа, i так: прыйдзе час — уведаеш тое, што трэба табе знаць.

— Вось тут, Усяслаў,— Кірыла перапыніў яго думы i паказаў рукой на драўляныя скрыні,— наша золата, срэбра ў злітках i замежных манетах, бурштын, іншыя каштоўныя камяні, бранзалеты i пярсцёнкі тонкай работы. Усяго гэтага хопіць не толькі на задуманую табой мураваную вежу-браму, але i на большае, што можа спатрэбіцца Навагародскай зямлі. Дзе яно дастаецца i якімі сцежкамі-дарожкамі сюды трапляе, пра гэта ведае мала хто: князь i некалькі купцоў старэйшыны Богуша. Цяпер будзеш ведаць усё i ты. Але тут не ўвесь навагародскі скарб. Ёсць ён i ў Богуша ды ў яго купцоў, у старэйшыны залатнікоў Вежы, у гарадзенскага, ваўкавыескага, у слонімскага князёў, купцоў i залатнікоў. Ты, пасаднік, будзеш мусіць траціць нямала на патрэбы Навагародскай зямлі, але будзеш павінен i дбаць, каб вялікакняская казна не толькі не пусцела, a папаўнялася. А гэта значыць, што будзеш не толькі чэрпаць адсюль, але i браць ад тых, каго я толькі што назваў. Яны могуць крактаць, нават плакаць, што абяднелі, не могуць шмат даць нават на патрэбы ўсёй Навагародскай зямлі, але ты павінен будзеш быць цвёрдым i ўмець настояць ды прыціснуць тых, хто мусіць папаўняць казну, але хто намагаецца праз гэта весці сваю палітыку, нават князя спажываць для сваіх інтарэсаў...

1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 187
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)