Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Яна зашаптала замову супраць Лядашчыка, які насылае немачы праз успаміны, і гаспадыня абмякла, яе вочы сталі заплюшчвацца. Хельга ўжо з непрыхаванай варожасцю глядзела на іх.
— Якой сілай ты лечыш, хлопец? Ці не д'ябальскай? Ты не хрысціўся, ты распытваеш пра нейкіх людзей. Я прынясу на цябе скаргу бурмістру.
— Няўжо ён будзе займацца тым, чаму ад маіх слоў фраў стала лепей? Я распытваю не дзеля таго, каб прынесці ў ваш дом зло. А лячу… Свет такі агромністы, і ўсё ў ім зразумець мы пакуль не здольныя.
Таўстуха незадаволена хмурылася.
— Я думала, ты сёння пойдзеш у карчму, там будуць танцаваць і піць піва. А ты гаворыш нешта незразумелае, як студзіозусы, што прыязджаюць на канікулы з дамініканскай школы і збіраюцца стаць манахамі.
— Я паспрабую знайсці цябе ў наступны раз, калі захачу пайсці ў карчму.
— Праўда? — недаверліва перапытала тая. — Калі мая гаспадыня ачуняе, магчыма, яна аддасць грошы, і я куплю сабе новую спадніцу…
Але Жывена, кінуўшы позірк на паружавелы твар гаспадыні, лёгка збегла па чысценькіх прыступках ганка, подбегам заспяшалася па вуліцы.
Багі падалі ёй знак, і яна пазнала яго. Так, гэтыя знакі раскіданыя па нашым жыцці, аднак бачыць і пазнаваць іх умеюць нямногія. Рэгенсбург — дзе гэта, блізка ці далёка? Адно яна ведала цвёрда — паедзе туды, нягледзячы ні на што, таму што нічога выпадковага не бывае, а ёй так ясна, так выразліва далі пачуць імя, што вырваў з глыбінных сутарэнняў памяці вярхоўны жрэц у Новагародку!
Узорыстая торба, прытарочаная да сядла, трохі пацяжэла, але Рос не адчуваў таго. Ён лёгка нёс яе па дарозе да Рэгенсбурга, а тая то адгукалася шэлестам ссохлых лістоў, то ўздымала пыл да самых вяршынь ганарыстых клёнаў. Жывена купіла тутэйшае адзенне, і цяпер на ёй былі скураныя штаны і камізэлька, чорны суконны плашч ніжэй за калена, чорная суконная шапка на залацістых валасах. Як хлопцу ехаць было зручней. І хаця днём на дарогах было спакойна, аднак жа не перапыняліся сутычкі паміж незаконным сынам Фрыдрыха і ганарлівымі нямецкімі баронамі, якія не хацелі падпарадкоўвацца ні яму, ні тым, хто мог прэтэндаваць на імператарскую карону — Рычарду карнвальскаму альбо Вільгельму. А адзінокі спадарожнік мог патрапіць якому-небудзь ваяўнічаму атраду, якіх таксама хапала на дарогах. У мястэчку яна пачула шмат песень і балад пра колішні Ругіланд, пра люцічаў і іх браніборгскага валадара Прыбіслава, чыёй спадчынай завалодаў Альбрэхт Мядзведзь. Ёй успаміналіся размовы пра Саксонію, Цюрынгію і Баварыю, якія вялі між сабою баяры, што прыехалі разам з Раманам Данілавічам да новагародскага княжага стала. Галіцкія князі былі здаўна звязаныя з гэтымі землямі праз шлюбы, і цяпер дзяўчыне мроіліся балады, якія спявалі галіцкія спевакі аб падзеях гэтага стагоддзя, калі да маркграфства Брандэнбургскага, дзе раней жылі люцічы, далучыліся і землі шпрэвян. Помніцца, нават Раман спяваў пра тое, як саксонскі герцаг Генрых Леў пайшоў вайной на абдрыцкага князя Ніклота*. У той раз перамогі дабіцца яму не ўдалося. Але калі князь захварэў, яго сын не ўтрымаў бацькоўскіх уладанняў. Так узнікла герцагства Мекленбургскае.
* Гэта было ў 1147 г.
У дарозе Жывена раздумвала пра далейшы лёс Новагародскай зямлі, княства, якое, нягледзячы ні на што, пашырала свае межы і набывала ўсё большую вагу. Што дае моцы княствам, герцагствам, вялікім каралеўскім дзяржавам? Сіла навакольнай зямлі ці магутны штуршок духу, пажадлівасць да валадарства ці ўзнёслае імкненне даць навакольным людзям абарону і спакой? І нашто даецца чалавеку княжая кроў — дзеля большай адказнасці яго за іншых ці дзеля выпрабавання яго самога? Прывабная, як салодкі мёд для казюрак, улада гэтая бывае горкай і невыноснай для чалавека, яна забірае ўсяго яго ў палон і кіруе ім так, як хочуць таго багі ці сама яна, улада…
Яна на ноч спынялася ў карчомках — нізкія бэлькі старажытных будынкаў былі цёмна-бліскучыя, як спіны хрушчоў, якіх яна любіла некалі ў дзяцінстве страсаць з бяроз, але сцены ўсюды пабеленыя і дарожкі выкладзеныя з акуратна адпаліраваных шэрых гранітных аскабалкаў. У драўляных кадках раслі незнаёмыя кветкі, гаспадыні старанна палівалі іх з вялікіх металічных конавак; вецер лагодна гайдаў на вяроўках белыя абрусы з фальбонамі.
Жывена ўглядалася ў акуратныя мураваныя дамкі з нязвыклымі чырвонымі дахамі, прыгожыя роўныя вуліцы, дзе з яркай зеляніны вытыркаліся вострыя шпілі хрысціянскіх храмаў з высокімі авальнымі вокнамі і суровымі каменнымі сценамі. Старыя багі былі адвергнутыя тут, у гэтых землях, але яны яшчэ канчаткова не пакінулі ладныя дубовыя гаі, шапаткія затокі, рачныя віры — іх галасы чуліся тут і там, і не раз у вірлівых струменях вады дзяўчына бачыла доўгія валасы русалак, а за кустом — калматую галаву лесавіка. Але ў гарадах іх ужо не было — доўгія вуліцы з дамамі-мураванкамі былі маўклівыя і ганарліва-паныла глядзелі на чужога. Раз-пораз у харчэўнях пастаялых двароў яна чула імя Бяртольда — францысканскага манаха з Рэгенсбурга, які з нечуваным поспехам змагаецца з рэшткамі паганства, так што нават старому салдату, які сварыўся «Донэргот* цябе пабяры!» перасталі прадаваць хлеб, пакуль ён не стаў прытрымліваць язык. Некаторыя гаварылі пра той выпадак з гонарам, але той-сёй крыў манаха як мае быць, хаця хрысціянскія храмы стаялі на ўсіх галоўных плошчах гарадкоў.