Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Вось бачыце, — усміхнуўся ён, калі яны прайшлі міма заспанага вартаўніка, — нягледзячы ні на што, я ўсё ж буду ў вас.
— Прашу цішэй, — адказала Аліцыя, упускаючы яго ў вітальню. — Здыміце футра.
Яна ўключыла святло і заўважыла, які бледы яго твар.
— Што з вамі? — спужалася яна.
— Не, нічога. Толькі… можа, вы б дапамаглі мне зняць… што-небудзь з шыі. Мне цяжка левай рукой…
— Зараз.
Аліцыя асцярожна сцягнула з яго футра. Усё ўнутры было заліта крывёй. Над левым плячом нож прабіў фрак, і адтуль яна сачылася.
Трэба было зняць фрак, каўнерык, камізэльку і кашулю. Гаспадыня правяла госця ў ванную, дапамагла распрануцца, прынесла бінт і ёд.
На шчасце, рана не была надта глыбокая, але шырокая і балючая.
Намнога больш Аліцыя непакоілася пра гэтую, над скронню. Тут скура была здзёртая ад удару на некалькі сантыментаў, але мог быць пашкоджаны і чэрап.
— Тут баліць? — пыталася яна, націскаючы каля раны кончыкамі пальцаў. — А тут?.. А тут?..
— Не, не баліць. Крыху шуміць у вобласці лба, але з галавой усё ў парадку.
— Я вам перавяжу галаву.
— Не. Дзякуй. Кроў не ідзе — і добра.
— Можа, кілішак каньяку?
— Барані божа!
Аліцыя хвіліну ўвіхалася, прыбіраючы акрываўленыя кавалкі ваты і мыючы рукі. Потым яна села насупраць Друцкага на край ванны. Толькі цяпер да яе дайшло, што вось ён тут, з перабінтаваным торсам, з мускулістымі плячыма, што хвіліну таму яна кранала яго голую скуру, бронзавую, гладкую і бліскучую. Якія ж зграбныя ў яго грудзі!.. І шыя прыгожая, а моцная, як дуб…
Вочы ў Друцкага былі прыкрытыя, а на вуснах паўусмешка.
І чаму, чаму… ён зараз не скажа ёй: «Я лягу, а ты мяне даглядай, кленч ля ложка… застануся тут з табой і толькі для цябе… толькі…»
У незаслоненае акно ўдарыў першы ружававата-жаўтаваты прамень.
Друцкі расплюшчыў вочы і ўстаў:
— Прашу прабачэння. Я апрануся.
— Я вам дапамагу.
— Дзякуй! Я спраўлюся. Вялікі дзякуй!
— Што ж, зноў вы, відаць, саромеецеся?
— Саромеюся, — адказаў ён з усмешкай.
— Не хвалюйцеся. Я ўсяго толькі самарыцянка.
Аліцыя дапамагла Друцкаму апрануць кашулю, якая якраз прасохла, аднак урэшце павінна была пакінуць яго аднаго, калі і ніжнюю частку кашулі трэба было заправіць у адпаведнае месца.
У гэты час яна некалькімі шпількамі прымацавала каўнер да футра.
— Вы абавязкова павінны выклікаць доктара, — сказала яна, калі Друцкі выйшаў у вітальню.
— Добра. Але я вас таксама аб нечым папрашу. Пакіньце званок у паліцыю на маю адказнасць. Я не хацеў бы, каб ваша прозвішча было замяшана ў гэтым.
— Але чаму?
— Улічваючы ваша становішча і пару, у якую на нас напалі.
— Як хочаце.
— Дык згода? Дзякуй вам і да пабачэння, да заўтра.
— Не.
— Калі б я гэтаму «не» павінен быў паверыць, то не выйшаў бы адсюль увогуле.
— Паверыце тады, калі ўжо выйдзеце.
Друцкі пахітаў галавой, сыкнуў ад болю, рассмяяўся, пацалаваў Аліцыю ў руку і выйшаў.
Аліцыя абаперлася плячом аб дзверы і сціснула кулакі. Яна чула яго крокі на лесвіцы. Чаму ён не вяртаецца?! Божа, чаму не вяртаецца?!
Яе рука сама ледзь не пацягнулася да дзвярной ручкі, каб выбегчы за ім, каб крыкнуць…
Стрымалася. Аліцыя раптам успомніла адну недарэчную сцэну з фільма, дзе наіўная дзяўчына стаіць ля дзвярэй, прыслухоўваючыся да крокаў сыходзячага.
Гэтага было дастаткова, каб апрытомнець.
Аліцыя накінула ланцужок і патушыла святло. Класціся спаць ужо было позна.
Яна прыняла ванну, апранулася ў рабочую сукенку і ўзялася праглядаць акт справы Шэрмана аб кантрабандзе тытуню.
Так яе і заспела Юзэфова, якая прыйшла са снеданнем.
— Панну Юльку ўжо разбудзілі? — спыталася Аліцыя.
— Яна ўжо мыецца, пані.
— Добра.
Паснедалі разам.
— Ты сёння дрэнна выглядаеш, Аля, — казала Юлька, — ты бледная, і ў цябе сумныя вочы.
— Нічога страшнага, дарагая. Ну, затое цяпер я маю час на цябе. Я адвязу цябе ў школу.
Юлька вельмі хацела спытаць, што з доктарам, але інтуіцыя ёй падказвала, што лепей гэтую тэму не кранаць.
Аліцыя адвезла яе на таксі ў гімназію і ў восем пятнаццаць ужо была ў судзе. У гэты дзень у яе было шмат работы і ў дадатак нарада ў пракурора Мартыновіча. Акрамя таго, яна не магла пазбавіцца ад думак пра Вінклера.
«Прыйдзецца, аднак, пацікавіцца яго здароўем».
Урэшце бліжэй да чацвёртай гадзіны яна пазваніла ў «Аргенціну». Нейкі мужчынскі голас праінфармаваў яе, што пана дырэктара ў такі час ніколі не бывае, затое, магчыма, ён у сябе, у «Брысталі».
Там ёй сказалі, што так, пан Вінклер у сваім пакоі, і злучылі іх.