Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
— Ну, гэта ж ты ў ранішняй карчомцы за півам з маракамі засядзеўся, вось і парушылі планы.
— Маракі цікава распавядалі, пан-бацька, — заступіўся чарнавокі юнак. — Пра Новую Зеландыю. Яны туды з капітанам Кукам плавалі, там сапраўдныя цмокі жывуць, толькі маленькія. Лішнія паўгадзіны нічога б не змянілі.
— Тады і наяўнасць пацукоў хай вас не бянтэжыць, — прабуркатаў старэйшы. — Усё роўна гарадскую браму ўжо замкнулі — і чаго так рана? Галоўнае — каб эпідэміі тут якой не назіралася. Дзе паганыя гэтыя пацукі — там і пошасць, і гразюка.
— Пацукі не паганыя, — тут жа азваўся юнак, быццам яго самога пакрыўдзілі. — Яны дужа разумныя, вельмі цікавыя істоты.
«Ну каму ж ведаць, як не малодшаму Лёдніку», — хмыкнуў пра сябе Пранціш. Помніцца, калі жылі ў Ліёне, шкаляр Аляксандр у шкляной скрынцы цэлае пацучынае сямейства год трымаў. Пакуль прыслуга нібыта выпадкова гэтую клятую скрыню не пабіла.
Але ў гатэлі з трыма залатымі жалудамі на шыльдзе, калі і былі пацукі, гразюкі не відаць. Зусім наадварот: усё такое чысценькае, нашараванае, адпрасаванае, як на вяселле. Ці паховіны. Парцалянавыя кубачкі з пастушкамі, фіранкі з коцікамі (а жывых катоў нідзе тут не бачылі, як і сабак!). На сценах талеркі з прыгожа намаляванымі казачнымі домікамі. І твары гаспадара і гаспадыні нібыта вымытыя і адпрасаваныя: круглыя, белыя і ўсмешлівыя. Праўда, усмешкі здаваліся прыклеенымі, бо вадзяніста-блакітныя вочы гаспадароў, вядома, іх звалі Ганс і Грэтхен, нагадвалі здохлую рыбу. Кожнаму госцю прапанавалі асобны пакой, з печкай, аблямаванай вясёлай белай кафляй з сінімі караблікамі, ложак з пуховай пярынай і балдахінам, з якога прыдзірлівы Баўтрамей Лёднік так і не вытрас ніводнага клапа. Гасціннасць была зразумелая: трое ліцвінаў апынуліся адзінымі пастаяльцамі ў «Трох жалудах».
Пранціш напяваў, сумуючы па шляхецкай вясёлай кампаніі, сардэчнай ліцвінскай музыцы і мілай радзіме, чаго тут не мелася. Замест піва ім прапанавалі гарачае чырвонае віно з цынамонам. І каўбаскі. Аж сквірчэлі тыя каўбаскі на парцалянавых бялюткіх талерках, прыспешваючы: «З’еш мяне, галодны падарожны!» І залацістыя, яшчэ цёплыя крэндзелі, пасыпаныя дробнымі зернейкамі чароўнай расліны «сезам».
А Баўтрамей усё занудна разважаў, што вось, трэба ліцвінскія корчмы зрабіць такімі ж чыстымі, абавязаць гаспадароў мыць посуд і падлогу, мяняць бялізну, труціць блох і клапоў. І як бы стварыць па ўзоры Адукацыйнай якую Медычную камісію, якая б сачыла за гігіенай народа. Можна падумаць, не выгнаннік, абылганы злачынца, а па-ранейшаму чалец каралеўскай рады. Некаторыя людзі і на пласе будуць свет да лепшага перарабляць.
Не, каб проста радаваўся віну і каўбаскам, і што ўдасца пераначаваць у цяпле і спакоі.
Але спакойна выспацца не ўдалося.
Пасярод ночы гасцей пабудзіў адчайны дзіцячы плач. Дзіця крычала, задыхалася. А вось і ўстрывожана-роспачныя галасы дарослых на першым паверсе.
Пранціш вызірнуў у калідор: Лёднік са сваёй валізкай збягаў па драўлянай лесвіцы, засцеленай доўгім вязаным дыванком.
Калі Пранціш і Алесь далучыліся да Бутрыма, той стаяў перад Гансам. Нямчук у памятай кашулі і скураной камізэльцы загароджваў дзверы. Цяпер круглы твар гаспадара быў не проста абыякавы, а безнадзейны. Але пускаць гасцей туды, дзе чуўся дзіцячы крык і жаночы плач, гатэльшчык адмаўляўся вельмі рашуча. Нават злосна.
Дарэмна Лёднік на добрай нямецкай мове тлумачыў, што ён — доктар, дэманстраваў лекарскія інструменты з валізкі. Дэкляраваў, што не возьме грошай за лячэнне хворага.
Пры поглядзе на ланцэты і трубкі на абліччы немца з’явілася праўдзівая нянавісць з дамешкам жаху. Плач дзіцяці ўсё слабеў, перарываўся. Твар гаспадара рабіўся ўсё больш адчайны, а адносіны да гасцей — усё больш зласлівымі. Калі Лёднік, страціўшы цярпенне, паспрабаваў прабіцца да хворага гвалтам, Ганс наставіў на доктара доўгі нож, а ў дзвярах за ягонай спінай адразу ж паказалася двое, што скіравалі на гасцей даўжэзныя старасвецкія стрэльбы з пашыранымі на канцах рулямі.
Што ж, лекараў часцяком прымаюць за нячыстую сілу. Пранціш, які засвоіў нямецкую мову яшчэ ў Слуцкім замку, дзе яны з Бутрымам выдавалі сябе за замежнікаў, пачаў: яны добрыя хрысціяне, вось крыж на грудзях.
Але нічога не дапамагала. Плач дзіцяці ўсё цішэў, пасля пачаў аддаляцца, грукнулі дзверы. Падобна, хворага некуды панеслі. Твары ў тубыльцаў зрабіліся зусім ужо адчайныя, у Ганса нават слёзы паліліся. Але ён настойліва прапанаваў гасцям жэстам рукі, у якой усё сціскаў востры мясніцкі нож, падняцца ў свае пакоі.