Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Яшчэ не бралася на прыцемкі, таму дайшлі хутка. Дом ляснічага стаяў збоч дарогі, у цяністых прысадах, сярод высокіх ліп. Бралася на дождж, бо днём дужа прыпарвала.
Корава расчыніў перад ім дзверы, і яны зайшлі ў прасторную залу.
За сталом сядзеў юнак і чытаў нейкую кнігу. Падаў руку, назваўся:
– Нестар Дзюлеран.
– Я вас памятаю – па Варшаве, – сказаў Ежы.
Калі селі за стол, паспыталі пахкай гарбаты, Нестар прыступіў да галоўнага.
– Я прыбыў з Вільні, каб паведаміць, што стралялі ў вялікага князя Канстанціна. Але непрыемнасць заключаецца ў тым, што паліцыя ўзмоцнена адшуквае тыя рэвальверы, якія былі прададзены ў Варшаве афіцэрам. Рэвальверы сістэмы Бекера. Менавіта з іх і стралялі ў князя.
Ежы недаўменна паглядзеў на юнака, нахмурыў бровы:
– Ну што з таго? Стралялі, якое я маю да гэтага дачыненне?
Дзюлеран кісла ўсміхнуўся:
– Правільна, ніякага… Але… Трэба зрабіць так, каб яны ўсе былі на руках у паліцыі. Усе да аднаго.
– Ну і…
– Адзін з гэтых рэвальвераў пакінуў у вас Корава. Дзе цяпер знаходзіцца той рэвальвер?
Позірк у Дзюлерана праніклівы, так і свідруе Ежы, у таго аж мурашы пабеглі, халодны пот па спіне.
– Ён у мяне… І належыць ён, як я зразумеў, афіцэру Генеральнага штаба Людвіку Звяждоўскаму. Значыць, падазрэнне падае і на яго, так?
– Вось іменна.
Корава ўздыхнуў, сашчапіўшы пальцы на стале:
– Што будзем рабіць?
Нестар маўчаў, абдумваў становішча. Устаў, пахадзіў па хаце, зноў сеў.
– Выхад, сябры мае, адзін – трэба, не губляючы ніводнай хвіліны, тэрмінова адправіцца ў вёску, узяць той рэвальвер і гэтак жа тэрмінова даставіць яго ў Вільню. – Ці ёсць які іншы план?
Ежы ўсё зразумеў. Таму адказаў цвёрда і ўпэўнена:
– Няма іншага плана і выйсця. З кім мне ехаць?
– Паедзе Корава, – прыняў рашэнне Нестар Дзюлеран. – Я застануся ў яго.
“Жадаў знайсці сур’ёзную справу, а яна сама мяне знайшла, – падумаў з горкай іроніяй Ежы. – Ад яе выканання залежыць жыццё чалавека… Вось і першае выпрабаванне для мяне…”
Корава падрыхтаваў каня, накінуў на яго збрую, пераапрануўся ў зручнае адзенне.
Ужо добра змерклася, але ў клубнай зале гамана толькі набірала сваю моц. Ежы адшукаў позіркам Залескага, папрасіў выйсці яго разам з ім на вуліцу.
– Мне тэрмінова трэба ў маю сядзібу, пан Антоній. Пагэтаму я прашу дараваць, што я пакідаю вас.
– Здарылася што, Ежы?
– Ды не, але мне трэба як найхутчэй быць дома.
– На ноч гледзячы? Мо да раніцы клопат пачакае?
– Не. Прама цяпер паскачам – галопам. Перадайце мае прабачэнні астатнім вашым гасцям. Усё у вас было добра. Прыязджайце і вы да мяне.
– Добра, пан Ежы! Цяпер мы з вамі сябры, не толькі суседзі.
– Так, мяне гэта радуе.
Залескі паціснуў за плячо, прамовіў:
– Поспехаў! А справіцеся, прыязджайце да нас.
Праз хвіліну Ежы і Кораву паглынула кароткая ліпеньская ноч. Адзін аднаго не бачылі ў цемры, толькі чулі, як б’юць капыты аб мяккую волглую зямлю…
Праз гадзіну яны былі ўжо на месцы.
А праз паўгадзіны выправіліся ўжо ў адваротны шлях – на Вільню.
Прыбылі туды пад абед. Людвіка Звяждоўскага заспелі дома.
Ён, убачыўшы свой рэвальвер, здзіўлена і абрадавана абняў іх:
– Сябры мае! Вы так мяне выручылі! Цяпер ад мяне адпадзе падазрэнне, што я страляў у князя Канстанціна. Дзякуй вам вялікі!
Расчыніліся дзверы, што вялі на кухню, і адтуль выйшаў юнак, трымаючы ў руцэ аркуш паперы. Гадоў яму было за дваццаць пяць, строгі выгляд, вусны сціснутыя, таўсматыя.
– О, Клеты! Добра, што ты зазірнуў, пабачыцца хацеў. А з табою хто?
– Ежы Кучэўскі-Порай. Ён далучаны да нашай арганізацыі. А потым ён і свайго суседа-памешчыка Антонія Залескага далучыў да нашай справы.
– Выдатна! Мы ведаем Антонія – харошы і надзейны чалавек!
Ён падышоў да Коравы, падаў і паціснуў руку, а потым, гледзячы ў вочы Ежы, назваўся:
– Канстанцін.
– Вы зрабілі добрую справу, дзякуем! І за аператўнысць дзякуем. Вось так бы нам усе рабіць справы.
Калі паселі, калі перагаварылі пра дробязныя клопаты, Вікенцій Канстанцін спытаўся пра галоўнае:
– Клеты, раскажы, як ідзе стварэнне паўстанцкіх атрадаў? Што ўдалося зрабіць, што яшчэ не?
Корава ўздыхнуў, набраўшы паветра, павольна адказаў:
– Большасць атрадаў створана, абраны камандзіры і намеснікі. Са зброяй пакуль цяжкавата, але ў бліжэйшы час абяцалі прывезці...
– Прывязуць. З-пад Масквы і Смаленска выехалі падводы. У хуткім часе з’явяцца.
– Які настрой у людзей? Ці вераць яны ў тое, да чаго спрычыніліся?