Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Калі прыйшла дзяжурны доктар і нахілілася над ёю, у палаце прачнуліся ўсе, і назіралі за ўсім, што адбывалася… І адбівалася яна ад некага ці нечага, праклінаючы нейкага Сяргея, плакала...
– У рэанімацыю! – загадала некаму дзяжурны доктар Зінаіда Сіліч. – Тэрмінова!
У руцэ Ева трымала рэшткі таблетак...
За яе жыццё змагаліся доўга і настойліва. Ачысцілі страўнік, яе званітавала, але доўга яшчэ не ачуньвала.
Дактары радаваліся, што вярнулі яе да жыцця. Але тое не радавала Еву – не хацела яна вяртацца да свайго болю і крыўды, знявагі і граху...
Аднойчы раніцай, калі ўключылі святло, убачылі, што ложак Евы пуставаў. І быў ён акуратна засцелены.
– Збегла нашая Ева, – уздыхнула Верка, і са шкадаваннем дадала: – Сабе ж горш зрабіла...
З самае раніцы, як толькі Адам Мяжэвіч пераступіў парог свайго кабінета гарадской пракуратуры Гомеля, як распрануўся і павесіў у шафу паліто, але не паспеў яшчэ сесці за стол, як у дзверы нехта пастукаў, просячы дазволу зайсці.
Прачыніўшы дзверы, у кабінет зазірнуў міліцыянер Алесь Зінчукоў.
– Можна, Адам Паўлавіч?
– Чаму ж не? Заходзь...
Старшы лейтэнант міліцыі Зінчукоў паклаў перад ім на стол паперчыну.
– Вось... Прывёў... Злоснае ўхіленне ад лячэння венерычнага захворвання. Трэба, каб далі ход.
– Пакліч.
У кабінет зайшла жанчына гадоў пад пяцьдзесят, стала ў парозе. Глядзела пад ногі, старалася не сустракацца позіркам з пракурорам.
Мяжэвіч прабегся вачыма па паперцы, вывучыў хутка дакумент, даведаўся пра прозвішча, прамовіў:
– Ева Антонаўна Кароль. Скажыце, чаму вы ўхіляецеся ад лячэння? Вы ж парушаеце закон. Чаму ж вас павінна лавіць міліцыя, і прымусова вяртаць у бальніцу?
Жанчына маўчала, не падымаючы галавы...
– Не чую адказу, Кароль!..
– А што мне гаварыць? Збегла... Абрыдла там быць. Невыносна... Лепш на той свет, чым на гэтым заставацца...
Нешта тарганулася ў душы пракурора. Голас жанчыны напомніў пра нешта...
Ён падышоў да яе, стаў побач, як усё роўна загадаў, каб паглядзела на яго, здзіўлена спытаў:
– Ты?! Прынцэса?!?
Яна ўздыхнула, кіўнуўшы галавой:
– Так, гэта я, мой пракурор!..
Крыўда і горыч захліснулі яго. І – недаўменне.
Здзіўлена і роспачна папытаўся ў яе:
– Ева, ты ж тады, пятнаццаць гадоў назад, дала слова, і я паверыў табе. Тады ж ты была з трыхаманілёзам, а цяпер не лечыш сіфіліс... І наркаманкай стала?
– Вінаватая, не стрымала дадзенае слова, мой пракурор. І перад табой, і перад Госпадам я вінавата...
Мяжэвіч дастаў з сейфа штэмпель, прыклаў яго да паперкі. То быў прысуд. Тое азначала, што Еву адпраўляюць за краты...
Яна зразумела ўсё. Але ёй было ўсё роўна – ні крыўды, ні горычы яна не адчувала. Пайшла да дзвярэй, але, дакрануўшыся да дзвярной ручкі, азірнулася:
– Дзякуй, мой пракурор!
Мяжэвіч ужо не глядзеў у яе бок, праглядваў ранішнюю пошту.
Частка другая
“Ёшкін кот”
1.
Зінаіда Сіліч у бальніцы хімічнага завода працуе ўжо трэці год.
Накіравалі яе туды пасля сканчэння медычнага вучылішча ў Гомелі.
Стройны стан, гнуткая, з доўгай касой за плячыма, – не адарваць вачэй ад дзяўчыны. Кідалі на яе позіркі не толькі аднакурснікі, а і выкладчыкі.
У кожнага, хто сустракаўся з яе позіркам, “ёкала” і трымцела сэрца, бо пранізвала яна стрэчнага наскрозь сваім позіркам, прасвечала, бы рэнтгенам, душу хлапчыны ці жанаціка, – прымушала ўнутрана ўздрыгнуць соладка-патаемным жаданнем сустрэчы...
Валодала яна, няначай, ці то чароўнай сілай, ці то гіпнозам; ёй не схлусіш, не падманіш, бо бачыла, здавалася, кожнага наскрозь...
Зіна прыехала паступаць у вучылішча з далёкай паляшуцкай вёскі, з-пад Лельчыц, якая нідзе і на мапе не абазначана, і згубілася ў той мясціне, дзе певень, як казалі, на тры краіны спявае...
Вучылася добра, з ахвотаю, і атэстат атрымала без троек, – магла смела падаваць свае дакументы ў прэстыжны эканамічны, а то нават і тэатральны інстытут... У тэатральны таму, што ў школе ў драмгуртку займалася, а ў раённым аглядзе школьных талентаў іх “Паўлінку” вылучылі на рэспубліканскі агляд-конкурс... І ў Мінску занялі першае месца. Да яе падыходзілі невядомыя для яе людзі, слынныя ў сталіцы артысты, раілі паступаць у тэатральны, абяцалі сваю падтрымку... Нават у трупу пасля сканчэння школы абяцалі залічыць, і ад іх паступаць ужо...