Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Не спакусілася, не забілася соладка сэрца ад такіх прапаноў, – каб адчапіліся, паабяцала падумаць, і потым ужо даць адказ...
На сваёй мэце дзяўчына мела зусім іншае.
З дзяцінства запомнілася... Захварэла маці, ангіна скавала горла, што і шаптаць не магла. Кожны амаль год падчэплівала недзе тую ангіну, і сама не ведала, дзе... Ды калі хварэла? У самы разгар лета, калі спякота на вуліцы, калі і ноччу зямля не паспявала холадам набрыняць...
– Самая небяспечная хвароба, каварная, – тлумачыла вясковая доктарка з фельчарска-акушэрскага пункта – Рая Валошына, – калі не вылячыць яе, то можа “стрэліць” на іншыя органы...
“Стрэліла” ангіна, ды ў самае сэрца маці. І каля яе сядзела штоноч Рая, – у белым халаце, у накрахмаленай шапачцы...
Маці і жанчына ў белым халаце...
Вось той малюнак і застаўся ў яе памяці на ўсё жыццё.
“Буду і я, як Рая, медыкам, – чамусьці нарадзілася ў яе жаданне. – Няважна, якім медыкам, якім доктарам, але паслядоўнікам Гіпакрата...”
Гнуткая, як танклявая бяроза пад напорыстым ветрам, чуйная і ўважлівая... Што пачуе, ніколі са сваёй памяці не згубіць, не любіла, каб ёй паўтаралі просьбу двойчы...
У рэанімацыйным аддзяленні – самым адказным у бальніцы – Зіна працуе трэці год. Мо яе і сам Бог прызначыў для такой працы.
Да рукі хворага дакранецца – боль у таго знікае, цеплыня да сэрца падгортваецца, настрой добры вяртаецца... І тады чуе ад хворага словы падзякі і ўдзячнасці. А яна адмахнецца, усміхаючыся, адказвае, што не яна памагла, а Вышні, і далей па сваіх клопатах заспяшаецца, перакінуўшы ўжо сваю ўвагу і душэўную цеплыню на іншага, які знаходзіўся яшчэ больш у горшым стане...
– І дактары добра лечаць, але ты ім выдатны памочнік, – кажуць ёй услед жанчыны, радуючыся, што адступае ад іх нямогласць, – сэрца ў цябе, галуба, залатое, а тое і не кожнаму дадзена...
Але не чуе тых слоў медсястра, іншымі клопатамі занялася.
Чараўніца Зінаіда, няначай...
І – прыгажуня.
У вучылішчы косы насіла да пояса. Сядзе расчэсваць у пакоі інтэрната, перад люстэркам, – па падлозе сцелюцца. Сяброўкі газеты падсцілаюць, каб не забрудзіліся, хаця перад гэтым шаравалі маснічыны дзеркачом...
– Ніколі такіх не бачылі, – дзівіліся аднакурсніцы-сяброўкі, гледзячы на косы, дзіваваліся, і па-добраму зайздросцілі ёй. – Русалка ты, Зінка... Цябе хоць у кіно здымай...
Косы ў дзяўчыны і не чорныя, і не светлыя, – ці то колеру спелай пшаніцы ці жыта ў полі, а мо і перасушанай атавы з пахкіх лугоў. І косы пахкія, як той луг. Бо Зіна ніколі іх мылам не мыла, а прыгатаваным экстрактам, які рыхтавала ёй маці з лугавой травы і кветак... І дадавала туды святаяннік і арніку, корань адоніса... Ды бруснічнік, ды палын... І пах яе косаў нагадваў сунічную паляну.
Свайго шчасця і адметнасці Зіна не заўважала. Яна і не задумвалася над тым, чаму часцей за ўсіх яна прыцягвае да сябе позіркі хлопцаў, а то і жанчын... Адныя глядзелі на яе з замілаванасцю і пяшчотай, радуючыся, што Бог надзяліў дзяўчыну такой незямной прыгажосцю, а другія – з унутранай чорнай зайздрасцю...
Але яе не краналі ні першыя, ні другія, – глухая яна і да пахвалы, і да людской зайздрасці. Не па гадах сур‘ёзная, адказная ў сваёй справе.
Загадчыца рэанімацыйнага аддзялення Лілія Ўласаўна нарадавацца не магла ўвішнасцю сваёй работніцы... Калі складалася цяжкая сітуацыя, то заўжды прасіла застацца Зіну і ў другую змену, а то і выклікала яе з інтэрната...
2.
Яго прывезлі па абедзе.
Пасля агляду адразу адправілі ў рэанімацыю. Калі перакладвалі з качалкі на ложак, зморшчыўся, але не застагнаў...
– Зіна, тэрмінова кропельніцу! – падаў ёй доктар Літошын гісторыю хваробы з усімі прызначэннямі, – падазрэнне на панкрыятыт ці гепатыт, цяжкая форма...
– Зразумела, Ігар, – адказвае медсястра, яшчэ раз зірнуўшы ў гісторыю хваробы...
Спешна атрымала ў старшай медсястры раствор, перавярнула бутэльку, папрасіла хворага – маладога мужчыну – даць ёй руку. Перад гэтым у вочы зірнула. Твар малады, гожы... На шчоках шчэцце перарастала ў бараду.
– Як у вас з венамі?
– Паглядзіце...
Намацала вену адразу, папрасіла:
– Сцісніце руку ў кулак, і потым распраміце.
Вены харошыя, цвёрдыя. Увяла іголку, прымацавала лейкапластырам, падставіла падкладку пад локаць. Адрэгулявала хуткасць падання кропель, пацікавілася:
– Як пачуваеце сябе? Не кружыцца галава?
– Здаецца, нічога, дзякую.
Голас у хворага ціхі, нейкі працяжны. Такога голасу яна ніколі не чула. Такім голасам не валодалі ні ў дыктары радыё, ні акторы, але ён, голас, меў адмысловую мембраму, тэмбр, – пачуўшы яго, адчуваеш адразу душэўны дадатны ўплыў...