Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:

Аўтар разглядае гісторыю беларускай нацыі ад канца XIX стагоддзя да нашых дзён. Ён сцісла перадае асаблівасці кожнага з этапаў гістарычнага шляху, які прайшлі беларусы за гэты час, шукае адказ на пытанне, чаму лес народа стаўся менавіта такім, а не інакшым.
1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 110
Перейти на страницу:

«Агульны тадышні настрой сярод польскага насельніцтва — гэта радасць з выпадку вызвалення з-пад бальшавіцкага тэрору і далучэння да рэшты краю. У першых месяцах акупацыі людзі да немцаў ставіліся бадай што з сімпатыяй, наогул паводзячы сябе стрымана і не прымаючы ўдзелу ў палітычнай дзейнасці. Здараліся аднак выпадкі, асабліва на Беласточчыне, на беларускай тэрыторыі, што частка моладзі фашысцкіх поглядаў, а нават многія колішнія чальцы незалежніцкіх арганізацый пайшлі на нямецкую службу, ствараючы атрады паліцыі. (…) Цяпер амаль усе адміністрацыйныя пастарункі, за выключэннем кіраўнічых, на якія прызначаліся немцы, апынуліся ў руках палякаў, паколькі акупант зыходзіў з такога пункту гледжання, што трэба вярнуць на працу тых людзей, якія працавалі ў дадзеных установах да 1939 г. Зрэшты, адсутнасць беларускіх спецыялістаў прымусіў акупанта абаперціся на польскі элемент. (…) Служба бяспекі даручана была Грэнцшуцу, які сваіх салдат дыслацыраваў у асноўным на граніцы акругі, а нагляд за парадкам даручыў мясцовай паліцыі, сарганізаванай амаль выключна з колішніх польскіх паліцыянтаў».

Падобная сітуацыя панавала на ўсёй тэрыторыі заходняй Беларусі.

Рапарты Дэлегатуры ўрада на край і Хаўруса ўзброенай барацьбы паведамлялі аб пагромах яўрэйскага насельніцтва ў розных гарадах Беласточчыны, Гродзеншчыны і Навагрудчыны ды многіх выпадках даносаў на беларусаў, якія рабіліся людзьмі з новастворанай адміністрацыі і дапаможнай паліцыі. Часта ў выніку даносаў немцы расстрэльвалі як камуністаў арганізатараў беларускага культурнага ці асветнага жыцця да 1939 г. Гінулі перш за ўсё тыя, што ў нейкі спосаб адобрылі савецкую ўладу ў 1939–1941 гадах.

У свае маёнткі ў Беларусі вярталіся з Літвы і Генеральнай губерні (акупаванай цэнтральнай Польшчы) былыя памешчыкі. Некаторыя з іх прыязджалі пад аховай нямецкай паліцыі, прагныя помсты за ўсе крыўды 1939 года і жадання вярнуць маёмасць, перададзеную савецкімі ўладамі мясцовым сялянам. Імкненні памешчыкаў падтрымоўваліся мясцовай адміністрацыяй, якая знаходзілася ў польскіх руках. Такім чынам ствараліся новыя абшары нацыянальных канфліктаў, якія ўмела распальваліся акупацыйнымі ўладамі.

Для польскага насельніцтва першыя месяцы нямецкай акупацыі ў Беларусі былі перыядам вяртання некаторым яго прадстаўнікам страчанага пасля 17 верасня 1939 г. эканамічнага, грамадскага і палітычнага значэння. Актыўны ўдзел у стварэнні адміністрацыі і паліцыі даваў палякам шанц адбудаваць знішчаныя ў перыяд савецкай улады кадры, а ў далейшай перспектыве садзейнічаў узнікненню структур польскай падпольнай дзяржавы. У нямецкай адміністрацыі, апрача асоб, якія шукалі працы выключна дзеля заробку, працавалі таксама людзі, які хацелі ўплываць на ход падзей на гэтай тэрыторыі. Таму неўзабаве змаганне за чыноўніцкія пасады паміж палякамі і беларусамі стане для прадстаўнікоў гэтых абодвух грамадскасцей элементам рэалізацыі ўласных нацыянальных мэт.

Аднак пачатак нямецкай акупацыі беларусамі ўспрымаўся па-рознаму. У заходняй Беларусі сярод асоб, якія раней працавалі ў савецкіх асветных і культурных установах ды мясцовай адміністрацыі, панавалі настроі няўпэўненасці і чакання. Работнікамі гэтых устаноў пераважна былі мясцовыя людзі, якія не эвакуіраваліся ў чэрвені 1941 г., так як зрабілі гэта прыбылыя з усходу прадстаўнікі савецкага апарату ўлады. Гэтым грамадска-прафесійным групоўкам нанесены былі найбольшыя страты ў выніку ліквідацыі камуністычных элементаў на тылах нямецкай арміі, якая праводзілася атрадамі Эйнзатцгрупы. Гэтае асяроддзе найбольш пацярпела таксама ад даносаў прадстаўнікоў ствараемай адміністрацыі і дапаможнай паліцыі. Беларускія сяляне ў заходніх абласцях змену палітычнай сітуацыі скарысталі для роспуску калгасаў і вяртання да аднаасобніцтва, аднак многія з іх былі таксама ўладальнікамі зямлі і інвентару, якія раней належалі польскім памешчыкам. У выніку апынуліся яны сярод падазроных у спрыянні савецкай уладзе.

З-за адсутнасці вопыту і традыцыі працы ў дзяржаўных структурах і горшай, у параўнанні з палякамі, адукацыі, сярод беларусаў не было адпаведных людскіх рэсурсаў, якія маглі б быць скарыстаны немцамі пры стварэнні новага парадку на акупаванай тэрыторыі. Перш за ўсё на беларускім баку не было групавой матывіроўкі да супрацоўніцтва з немцамі.

Беспаспяховай аказалася таксама спроба згуртаваных вакол старшыні Беларускага камітэта ў Варшаве Міколы Шчорса дзеячаў стварыць адміністрацыйны корпус з эмігрантаў, якія апынуліся ў Генеральнай губерні і Нямеччыне. Іх дзеянні падтрымоўваліся нямецкай палітычнай паліцыяй. Планавалася паслаць у Беларусь сотні чыноўнікаў, але завербаваць удалося толькі некалькі дзесяткаў чалавек, якія былі ўладкаваны на працу ў Мінску і гарадах усходняй Беларусі. Многія з іх атрымалі прэстыжныя пасады ў адміністрацыі і паліцыі.

1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 110
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)