НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Стратэгія савецкага камандавання пакінуць немцам спаленую зямлю магла ў нейкай ступені ажыццявіцца толькі ва ўсходянй Беларусі. У першых днях вайны расіяне страцілі ўсялякі кантроль у заходніх абласцях Беларусі. Таксама аб’яўленая ў першы дзень вайны мабілізацыя ў Чырвоную Армію мужчын 1905–1918 гадоў нараджэння з прычыны сітуацыі на фронце магла праводзіцца толькі ва ўсходняй частцы рэспублікі. З заходніх абласцей эвакуіраваліся перш за ўсё работнікі партыйнага і дзяржаўнага апарату, якія апынуліся тут пасля 17 верасня 1939 г. У выніку як мабілізацыя, так і эвакуацыя маёмасці ахапіла толькі 4 з 10 абласцей БССР — Віцебскую, Магілёўскую, Гомельскую і Палескую. Ад канца чэрвеня да жніўня 1941 г. пад мабілізацыю папала амаль 500 тыс. мужчын з гэтых абласцей. Армія пераняла таксама 2,5 тыс. грузавікоў і 35 тыс. коней. Гэта толькі ў невялікай ступені кампенсавала страты, якія былі нанесены ў першыя дні ваенных дзеянняў у пагранічнай зоне.
У выніку аб’яўленай савецкімі ўладамі эвакуацыі з усходніх абласцей Беларусі вывезеных было 1,5 млн. чалавек. У гэты лік не ўключаны работнікі заводаў і прамысловых прадпрыемстваў ды дзяржаўных устаноў, якія эвакуіраваліся ў першую чаргу. Да жніўня 1941 г. вывезена было 20 % насельніцтва БССР, г. зн. кожны пяты жыхар рэспублікі. Улічыўшы, што перамяшчэнні закранулі ў асноўным усходнія вобласці, менавіта там страты насельніцтва былі значна большыя. Паводле савецкіх крыніц, з Гомельскай, Магілёўскай, Палескай і Віцебскай абласцей эвакуіравалася 35–37 % жыхароў. З гэтай жа тэрыторыі найбольш вывезена было прамысловага абсталявання (рухавікоў, трансфарматараў, турбагенератараў, станкоў), запасаў каляровых металаў, амаль усе вагоны і лакаматывы. У заходніх абласцях і на тэрыторыі Мінскай прамысловая структура ў ходзе ваенных дзеянняў не падвяргнулася дэзарганізацыі. Дробныя заводы і прадпрыемствы, якія там працавалі, не мелі істотнага значэння для ваеннай гаспадаркі.
Намнога больш цяжкімі для насельніцтва, якога не паспелі эвакуіраваць, аказаліся паслядоўнасці выканання дырэктывы ад 29 чэрвеня ў галіне сельскай гаспадаркі. Да канца жніўня з Беларусі вывезеных было больш за 700 тыс. штук свойскай жывёлы. З прычыны складанасцей у транспарце жывой жывёлы некалькі соцень тысяч штук быдла, свіней і авечак вывезена ў выглядзе мяса. Агулам з Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай і Палескай абласцей вывезлі больш за 26 % пагалоўя сельскагаспадарчай жывёлы і 54 % запасаў збожжа. Вялікая колькасць збожжа была спалена. Пачалося таксама знішчэнне збожжа на палях, але наступленне нямецкіх войскаў на ўсход абмежавала маштаб гэтай акцыі.
Стратэгія спаленай зямлі прадугледжвала таксама разбуранне жыллёвых і публічных будынкаў. Праводзілася яно знішчальнымі (истребительными) батальёнамі, якіх у Віцебскай вобласці сарганізавалася 26, у Гомельскай — 19, Палескай — 18, Магілёўскай — 14. У складзе батальёнаў былі камсамольцы і работнікі калгасных упраўленняў, а камандавалі імі работнікі НКУС або чальцы райкамаў партыі. Разбуранне жыллёвых будынкаў мела схіліць людзей да эвакуацыі. У выніку дзейнасці знішчальных батальёнаў гарады і пасёлкі пацярпелі намнога больш чым ад ваенных дзеянняў.
Акцыя эвакуацыі маёмасці, якая мела ўскладніць забеспячэнне нямецкай арміі і зрабіць немагчымым выкарыстанне ворагам прамысловага патэнцыялу Беларусі, у сапраўднасці пагоршыла толькі становішча насельніцтва ў акупаванай зоне. Немцы распараджаліся ўсялякімі магчымасцямі прыдбаць сабе неабходную колькасць прадуктаў, а мірнае насельніцтва, пазбаўленае харчоў і жылля, апынулася ў адчайным становішчы. Як піша Юры Туронак, гэтае становішча, выкліканае Сталіным, было прадвесцем бязлітаснай барацьбы, у якой не ўлічваліся інтарэсы насельніцтва.