НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Пачатак калектывізацыі абазначаў з’яўленне чарговай групы асоб, прыгавораных на дэпартацыю. Датычыла гэта галоўным чынам сялян, якіх маёмасны статус або, напрыклад, выгляд дома вылучаўся ад іншых. На 22 чэрвеня планавалася дэпартацыя некалькіх дзесяткаў кулакоў і іх сем’яў, але выбух нямецка-савецкай вайны перашкодзіў ажыццяўленню гэтай дэпартацыі. Ваенныя дзеянні не спынілі, аднак, эшалонаў з сасланымі 19 чэрвеня 1941 г. Машына НКУС скрупулёзна выконвала загады свайго цэнтра.
Паводле вызначэнняў беларускага гісторыка Аляксандра Хацкевіча, да 20 чэрвеня 1941 г. з заходніх абласцей Беларусі вывезена было ў Сібір або Казахстан звыш 120 тыс. чалавек. У гэты лік не ўключаны звыш 14 тыс. польскіх афіцэраў, якіх пераняў НКУС з чырвонаармейскіх лагераў для ваеннапалонных, ні арыштаваных і асуджаных перад высяленнем за гаспадарчыя і крымінальныя злачынствы.
РАЗДЗЕЛ 6
НЯМЕЦКАЯ АКУПАЦЫЯ БЕЛАРУСІ
Адступленне Чырвонай Арміі
22 чэрвеня 1941 г. нямецкае войска перасякло межы СССР, выклікаючы сярод камандзіраў пагранічных гарнізонаў вялікую збянтэжанасць. Такі варыянт ходу падзей у штабах Чырвонай Арміі не разглядаўся. Хаця па абодвух баках мяжы, перад 22 чэрвеня 1941 г., была сабрана падобная колькасць салдат і ваеннай тэхнікі, у тым ліку танкаў, самалётаў, артылерыі, элемент неспадзяванасці прадрашыў аб поўнай перамозе Вермахта над Чырвонай Арміяй у першых днях вайны. Канцэнтрацыя савецкіх узброеных сіл у пагранічнай зоне была б абгрунтаванай у выпадку наступлення, аднак зусім непрыгоднай аказалася ў ходзе абарончых дзеянняў, асабліва ў сутыкненні з нямецкай тактыкай клінападобных удараў танкавых войск.
У першы дзень ваенных дзеянняў толькі на тэрыторыі Беларусі Чырвоная Армія страціла 738 самалётаў, у тым ліку 528 на аэрадромах. У сувязі з адсутнасцю якіх-небудзь планаў дзеяння на выпадак адступлення, большасць бронетанкавых войскаў і артылерыя аказаліся непрыдатнымі, а пакінутая ваенная тэхніка папоўніла запасы нямецкага ўзбраення.
На працягу некалькіх дзён змаганняў немцы захапілі ўсе землі, якія калісьці ўваходзілі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай. 28 чэрвеня занялі яны сталіцу Беларусі Мінск. У ліпені большасць тэрыторыі рэспублікі апынулася пад іх кантролем. Толькі на паўднёва-ўсходніх акраінах, у наваколлі Гомеля і Мазыра, да 22 жніўня знаходзілася савецкае войска.
Многае паказвае на тое, што пачатак вайны спаралізаваў дзейнасць вярхоўных структур кіраўніцтва СССР. Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі працаваў паводле раней распрацаваных інструкцый на выпадак вайны з якой-небудзь капіталістычнай краінай. 23 чэрвеня 1941 г. выдаў ён дырэктыву партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей па арганізацыі барацьбы з дыверсантамі і парашутыстамі. ЦК КП(б)Б загадаў, між іншым, арганізаваць кругласутачныя назіранні ваколіцы пешымі патрулямі і коннымі раз’ездамі, якія мелі складаць калгаснікі ды жыхары вёсак і мястэчак. Мелі яны ахоўваць масты, чыгуначныя пуці, тэлеграфныя і тэлефонныя станцыі. У адпаведнасці з дырэктывай ЦК, у выпадку прыкмячэння нямецкіх салдат патруль абавязаны быў паведаміць самую блізкую савецкую ваенную часць і, не чакаючы чырвонаармейцаў, пачаць ліквідацыю ворага пры дамапозе ўсялякай даступнай зброі — вілаў, тапароў, палак, шабляў. Злоўленых дыверсантаў калгаснікі мелі дастаўляць у ваенныя часці для допытаў. Змест згаданай дырэктывы з’яўляецца доказам няведання савецкім кіраўніцтвам Беларусі ваеннай рэчаіснасці. Кожная спроба выканаць загады ЦК КП(б)Б прыгаворвала б жыхароў рэспублікі на бессэнсоўную смерць. 28 чэрвеня Савецкае інфармбюро паведаміла, што калгаснікі высачылі і ліквідавалі каля энскай вёскі ў Беларусі атрад парашутыстаў з 50 чалавек, з ліку якіх 32 салдаты былі забіты, а астатнія былі ўзяты ў палон. Не падобнае на праўду, што такое здарылася ў ходзе нямецка-савецкай вайны ў чэрвені 1941 г. Відаць, гэты ўзор паводзін савецкага чалавека быў створаны прапагандай у крытычнай сітуацыі, калі сацыялістычная айчына апынулася пад пагрозай. Адыход ад такога тыпу паводзін успрымаўся як здрада. Маланкавае наступленне нямецкіх войск і поўная дэзарганізацыя жыцця ў прыфрантавой зоне давялі да таго, што выкананне савецкіх ваенных законаў, асабліва ў заходніх абласцях, стала немагчымым.
28 чэрвеня Савет Народных Камісараў СССР і ЦК ВКП(б) выдалі дырэктыву да ўсіх партыйных камітэтаў і органаў выканаўчай улады ў прыфрантавой зоне, у якой паведамлялася, што нягледзячы на страту заходняй Беларусі і Украіны ды Літвы і Латвіі Чырвоная Армія змагаецца за кожную пядзю савецкай зямлі. Урад і партыя заклікалі камуністаў прымаць усялякія меры, якія маглі б аслабіць сілы ворага. Рэкамендавалася весці змаганне за кожныя горад, вёску, дом усімі даступнымі сродкамі. Дырэктыва абавязвала ўсе органы савецкай улады забяспечваць і ахоўваць шляхі зносін і транспарт для эвакуацыі людзей і маёмасці на тылы фронту. У выпадку «вымушанага адступлення» Чырвонай Арміі патрабавалася ў першую чаргу эвакуіраваць сродкі чыгуначнага транспарту — лакаматывы, вагоны, а потым знішчыць усё, што мела б якую-небудзь вартасць. «Не пакінуць ворагу ні кілаграма хлеба, ні літра паліва», — пісалася ў дырэктыве. Калгаснікі павінны былі перадаць жывёлу і збожжа органам дзяржаўнай улады для вывазу на тылы фронту. Дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б) на камуністаў, якія прабывалі на захопленай немцамі тэрыторыі, ускладала абавязак арганізаваць на месцы партызанскія атрады, дыверсійныя групы ды весці барацьбу з вайсковымі падраздзяленнямі ворага «ўсюды і заўсёды». У акупіраваных раёнах загадвалася ствараць невыносныя ўмовы для «ворага і яго паплечнікаў», «праследаваць і зніштажаць іх на кожным кроку», а таксама «перадаваць ваенным судам усіх тых, што са страху не садзейнічаюць справе абароны, не зважаючы на тое, кім яны з’яўляюцца».