Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Прысутныя схілілі ў знак ветлівасці галовы.
– А цяпер я вам прадстаўлю нашую кампанію – з усіх канцоў Літвы. Ежы Ляскарыс – выдатны паэт, любіць і апявае наш край. Ён пражывае пастаянна ў маім маёнтку Касцюшышкі. Побач з ім – мастак Міхал Эльвіра Андрыёні… Таксама ў мяне жыве, разам з ім ствараем нашы бессмяротныя творы… Спявак Банольдзі – будзем слухаць ягоныя спевы. Уладыслаў Дмахоўскі – марыць быць рэвалюцыянерам, каб скінуць ненавісны царскі прынёт над краем Літвы і Беларусі… Але ён яшчэ жывапісец-жанрыст і графік. Ён сын Вікенція Дмахоўскага – пейзажыста і тэатральнага дэкаратара, яшчэ – выдатнага ілюстратара. Якія выдатныя малюнкі зрабіў Вікенцій да “Пана Тадэвуша”! Цуд! Таксама да мяне наведваецца.
Антоній абходзіў вакол стала і называў кожнага, хто сядзеў за ім.
– Генрык Дмахоўскі – псеўданім у яго Генры Д.Сандэрс… Барада ў яго магутная, капялюх як у мексіканца. Удзельнік паўстання 1830-31 гадоў. Скульптар. Жыў у Францыі, ды не так даўно вярнуўся на радзіму. У Амерыцы, як жыў там, стварыў бюст Тадэвуша Касцюшкі і Тэда Джэферсана для Кангрэсу ў Вашынгтоне. Ён стваральнік медаля “Апафеоз Касцюшкі” і бюста нашага праслаўленага вясковага лірніка – Уладыслава Сырыкомлі. Хутка пад’едуць і яшчэ госці… А цяпер прашу садзіцца….
Ежы адразу адчуў сябе сваім сярод гасцей і сяброў Залескага. З першых слоў завязалася размова з роспытамі і аповядамі, з жартамі і гумарам. Гаспадар распарадзіўся адвесці брычку на двор, каля канюшні, пакарміць каня.
– А мы тут, пане Ежы, стратэгіяй займаемся, – падвёў Ежы да другога стала Міхал Андрыёні. Мы ўсе сталі генераламі і будзем праводзіць тактычныя вучэнні па перасячэнні мясцовасці. Жартую, васпане!..
Міхал разгарнуў перад ім мапу. На ёй былі стрэлкі, нейкія крыжыкі.
– Раніцай мы збіраемся адправіцца на экскурсію на Бірштанскія мінеральныя воды. Верхам на конях. Вы ўмеце скакаць на конях? – паглядзеў мастак на Ежы.
– Умею, як жа без гэтага.
– Гэтая мясціна знаходзіцца на беразе Нёмана. Ад нас да яе больш як дзесяць міль… Жадаеце далучыцца да нас, пан Ежы?
– З радасцю!
Ад кубка вішнёвай наліўкі яшчэ больш падняўся настрой Ежы, і ўсе прысутныя падаліся яму мілымі і харошымі людзьмі, спакойнымі і разважлівымі, у меру гаваркімі, з якімі было лёгка і проста.
“Але гэта павярхоўнае ўражанне, – гаварыў сам сабе Ежы, – хаця і яно рэдка калі бывае памылковым… А што ў іх у душы, чым яны жывуць штодзённа, што іх хвалюе?”
Вячэрняя гутарка развеяла ўсе пытанні Ежы. Ніхто не прытвараўся, гаварылі пра тое, аб чым думалі, што непакоіла. Радавала, што ў дваранскі сход, які сабраўся ў Залескага, уваходзілі людзі таленавітыя, адукаваныя. Але ж, але ж… З першага вечара нельга выказваць яму свае думкі, агітаваць іх за рэвалюцыйныя ідэі, – яны даўно ўжо з’агітаваныя, як той жа Генрык Дмахоўскі, які змагаўся са зброяй у руках супраць царызму, і зноў возьме яе ў рукі, калі пакліча горан у паход …
…Выехалі на цямочку, калі яшчэ не абудзіў лясное наваколле птушыны гоман.
Перайшло ўжо на другую палову ліпеня, але першая палова шляху прыпала па волгласці, па расе. Кавалькада з чалавек дваццаці рушыла ўбок віленскага тракта.
Па дарозе спыняліся то ў адной вёсцы, то ў другой.
Залескага тут добра ведалі, – куды ні заязджаў, сустракалі хлебам-соллю, выносілі гладышкі укіслага бярозавіка, настоенага на васчыне і дзічках-грушах. Квас з пограба, з лядоўні, і толькі крактала дваранства, зрабіўшы колькі доўгіх глыткоў, выціраючы мокрыя вусы.
У Бірштанах таксама весела бавілі час. Хадзілі па лесе, смакавалі маліну, спрабавалі касіць, папрасіўшы ў касцоў вострую касу; вудзільнам рыбу лавілі і радаваліся, як малыя дзеці, калі выцягвалі на бераг паўпудовага ляшча… У лесе касуль бачылі, якія не баяліся людзей, і мядзьведзя ўбачылі, да якога было з крокаў дваццаць, – не зірнуў у іх бок, адвярнуўся нават…
Пілі мінеральную ваду, гаманілі між сабой. Ежы прыслухоўваўся спрэчак, сваё слова ўстаўляў, але галоўнага не выказваў, адцягваў той момант на далей.
На трэці дзень прыехаў да іх Корава – ляснічы у Трокскім павеце. І жыў ён непадалёк ад Бірштанаў – у Дусятах.
Яны якраз былі ў клубнай зале, і гадзіннік паказваў дзесяць вечаровых гадзінаў. Пілі пунш, гулялі ў карты, спявалі песні. Корава пасядзеў побач з Ежы, распытаў пра экскурсію, паўшэптам мовіў:
– Запрашаю да сябе ў госці. Неабходна абгаварыць такія-сякія пытанні. Неадкладныя пытанні.
На іх не звярталі ўвагі, кожны быў заняты сваім, Ежы ўдакладніў толькі:
– Прама цяпер і пойдзем?
– Так. Да мяне тут зусім недалёка.