Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Кірыла замоўк, але Усяслаў добра зразумеў: князь спавядаўся таму пра тое, пра што гаварыў з ім. Ясна, вярхоўны святаслужнік не супраць іхняй задумы.
Выйшла так, што яны, князь i Усяслаў, i Кірыла былі не толькі па-чалавечаму прыязныя. Яны спрыялі яму, сыну ўраджэнкі тутэйшых мясцін, заявіцца тут, паволі, год за годам, амацавацца i заснаваць біскупства на Навагародскай зямлі (праўда, памагчы яму здабыць большы, архібіскупскі, сан не здолелі: калі галіцкі Кірыла, каб лягчэй стаць мітрапалітам усяе Русі, нехаця згадзіўся на асобнае навагародскае біскупства i на амаль свайго, па маці, навагародскага біскупа, дык на большае ўзвышэнне іхняга Кірылы, зусім не рабалепнага перад ім, уладным, не дае згоды). А ён, біскуп Кірыла, спрыяе ім трымаць у паслушэнстве падначаленых святаслужнікаў, сярод якіх нямала галіцка-валынскіх прыхільнікаў, увесь навагародскі люд, памагае i на Радзе, i на вечы праводзіць іхнюю палітыку.
— «То не море топить корабли, то ветри,— словамі Данілы Заточніка загаварыў далей Кірыла,— не огнь творить ражежение железу, но надымание мешное; тако же и князь не самъ впадаеть в вещь, но думци вводять. З добрым думцею думая, князь высока стола добудеть, а с лихимъ думцею думая, меншего лишенъ будеть».
— Я, бедны розумам, так зразумеў, што ты, ваша правялебнасць, хваліш мяне,— зусім без гульні сказаў Усяслаў.— Аднак трэба найперш хваліць мудрасць нашага князя. Я — выканаўца ягонай волі. Да ўсяго грэшнік вялікі...— i цяжка ўздыхнуў.
— «Векую печална еси», сын мой? — ахаладалы i нядужлівы Кірыла пасміхнуўся з ягонага пакаяння. А з усмешкаю ўвачавідкі ажыла сіла, дужасць у моцнага духам старога.— Хадзем у храм, паспавядайся, аблягчы душу сваю, муж дзяржаўны i раб божы.
Яны рушылі да блізкага невялікага i невысокага трохапсіднага, з вапняковых бела-шэрых кубоў, з шырокай i плоскай абпаленай чырвонай плінфы, з трох бакоў абкружанай галерэяй прыгожай, з бліскучымі i ў слоту крыжамі царквы, якую пабудавалі ў мінулым стагоддзі полацкія дойліды, спалучыўшы візантыйскую пышнасць i сваю, полацкую натуральную i вабную прастату з тутэйшых камеи няў i цэглы, па-свойму прыдуманай муроўкі, дзе чар гавал іся заглыбленыя i высунутыя наперад рады плінфы i цешыў вока прыемны двухколер.
Царква цяпер, у будні i хмурны дзень, была не зіхоткая i не ўрачыстая, сцішаная: у ёй скупа мігцелі толькі дзве свечачкі, астатнія, што былі на сценах пры абразах i на падвешаных да стол i срэбраных свечніцах з пазалочанымі ланцугамі, не гарэлі, дык абчасанае навошчанае сасновае i дубовае дрэва, што звычайна, пры святле, давала тут адмысловыя бляск i цяпло, мазаіка малых i вялікіх абразоў, велічны i строгі Саваоф з блакітнага i золатазоркавага купалу, суровыя i магутныя сівабародыя старыя на пасадах, за якімі цясніліся ў гурце белакрылыя юнакі, а таксама жаласныя абарваныя грэшнікі, пакліканыя трубой на Страшны суд (пры святле можна сярод ix пазнаць знаёмыя твары тутэйшых былых паганых баяраў, купцоў, старастаў),— дык вось цяпер усё гэта было ахутана своеасаблівым, халаднаватым царкоўным паўзмрокам. Але i паўзмрок не меншыў, а яшчэ большыў адменны велічны Дух, што навейваў суцішак, одум, пакаянне, даваў новую веру i духоўную моц.
Перад акенцам спавядальні, як i належыць кожнаму верніку, кім бы ты не быў, Усяслаў апусціўся на калені на пастаўленым услончыку, апусціў позірк на біскупаву сівую ад валасоў i белую ад малакроўя шчаку i на вялікае блеклае вуха, бачачы ў ім знаёмыя доўгія белыя валасінкі.
— Дык якія твае грахі, сын мой?
— Не магу, святы ойча, устояць перад зміем. Вось i на днях заманіў мяне дадому баярын Расціслаў, наставіў усяго на стол, i я не ўтрымаўся, брыдка напіўся. Не толькі страціў развагу, але i чалавечае аблічча.
— Я чуў, што ты праз шмат гадоў зайшоў да яго i што, сапраўды, быў п'яны,— падаў голас Кірыла.— Што я магу сказаць? Толькі словамі Сіраха: «Віно карыснае для чалавечага жыцця, калі будзеш піць яго ўмеру».
— Я піў не ўмеру. Ды, лічу, Расціслаў загадзя падсыпаў у моцныя настойкі соннага парашку. Каб зваліць мяне з ног, пакласці на ложа з яго дачкой Дабраславай, паклікаць баяраў, цябе i паказаць усё гэта...
— I для чаго мог быць яго такі замысел? — па-зямному шчыра пацікавіўся Кірыла.— Каб асаромець цябе?
— Каб пачапіць мне на шыю сваю распусніцу i каб трымаць мяне ў сваіх руках, а гэта значыць, i ў руках галічан i валынцаў.
— Які бязбожнік! — абурыўся Кірыла.— Паганец! Напраўду, добра мудрыя людзі кажуць: не жывёліна ў статку каза, не звер сярод звяроў вожык, не рыба сярод рыбаў рак, не птушка сярод птушак кажан, не муж сярод мужоў, калі над ім жонка ўладарыць, не жонка сярод жонак, калі блудзіць з іншымі, не праца сярод работы — для жонкі даніну дастаўляць! Ведама: Расціслаў — папіхач у Раксаны...