Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Я не ведаю, хто з ix вінаваты больш, а хто менш. Я не столькі скарджуся на прычыненую абразу, колькі дакараю сябе, ваша правялебнасць. Не павінен быў я ісці ў той дом, нічога не браць з багатага, але паганага стала.
— Грэх гэты ты хутка замоліш, сын мой, бо ён, гэты грэх, не такi ўжо вялікі.
— Затое, святы ойча, другі мой грэх большы.
— Я слухаю цябе, сын мой.
— Я спакусіў чыстую i высакародную душу...
— Патлумач, што тут i да чаго...— папрасіў Кірыла.
— Я спакусіў нязганеную, цнатлівую дзяўчыну, святы ойча...
— I хто ж не ўстояў перад такім спазорным мужчынам, як ты? Галіцка-валынекая альбо літоўская баярыня? Ці якая-небудзь маладая польская шляхцянка-бежанка?
— Не, ваша правялебнасць. Я абжаньчыніў сваю пакаёўку. Цішукову дачку, Любку.
— Угаварыў ці ўзяў сілаю?
— Угаварыў.
— Засумаваў па жанчыне, не стрымаў жывую яшчэ пажаднасць?
— Гэтак i не гэтак, ваша правялебнасць.
— Дык што хочаш ад мяне: пакаяцца i папрасіць дазволу выгнаць яе з твайго дому ці, як робяць некаторыя баяры, хуценька аддаць яе замуж за якога-небудзь дружынніка?
— Не. Любка да вялікай спадобы мне...
— Слоў няма: яна простая дзяўчына, але красой сваёй можа зацьміць многіх сваіх i чужаземных баярыняў ды князёўнаў. Але...
— Я шчыра i моцна кахаю яе, дык хачу жаніцца з ёю.
— Ты, баярын, ваявода-пасаднік, першы пасля князя навагародскі муж, жадаеш узяць замуж дачку нядаўняга смерда?— здзівіўся Кірыла.
— Жадаю i мару. Я ж — не стары яшчэ мужчына, а яна, як ты добра сказаў, маладая i красы незвычайнай... Хачу жаночай шчырасці, любові, дабрыні, цяпла, быць мужам i бацькам, шчаслівым сем'янінам, бо дагэтуль, сам ведаеш, такога я не зведаў.
— Я разумею цябе, Усяслаў,— уздыхнуў спавядальнік.— Золата плавіцца агнём, а чалавек — напасцямі. Пшаніца, добра змолатая, дае чысты хлеб, а чалавек у вялікім смутку дасягае розуму сталага, а то i мудрасці. Ты зведаў шмат напасцяў i смутку, стаў мудры. Сказана: не павінны напасці, смутак, горнасць быць заўсёды, бо як моль апратку есць, так скруха доўгая — чалавечае нутро, лепш сказаць сэрца i душу. Калі ж хто паможа чалавеку ў бядзе i горы, у суме, усцешыць, узрадуе, а то i ашчаслівіць, то як вадой сцюдзёнай напоіць яго ў спякотны дзень. Дык гэтая Любка ажывіла цябе пасля жалобы?
— Ажывіла, ваша правялебнасць. Спачатку думаў, што люблю яе, як дачку сваю. Ды нядаўна зразумеў: не, кахаю яе, як жанчыну, жадаю, як жонку.
— Усцешваеш i трывожыш заадно ты мяне, Усяслаў.
— Чаму, ваша правялебнасць? Што — я ўжо не маю права на жанчыну, на сям'ю?
— Маеш, як i кожны зямны, здаровы чалавек,— уздыхнуў Кірыла даволі працягла.— Але...
— Ты не можаш блаславіць нас i пашлюбаваць?— занепакоіўся ён.
— Не ўхваляць цябе, дружа мой, ні князь, ні Рада i баяры, а то i дружыны. Ты ж чуў толькі што, каго я называў тварй суджанай. Дык жа, павер, думаюць i іншыя, нават больш — захочуць, каб жаніцьбай сваёй ты, наш гонар i наша апірышча, падумаў не толькі пра сябе, але найперш пра ўсю Навагародскую зямлю. А для гэтага мала жаніцца з дачкой простага дружынніка...
— Ведаю. Усё ведаю, ваша правялебнасць,— сказаў Усяслаў усёй душой.— Але цяпер, сталы, буду непахісны: толькі Любка будзе маёй жонкай. Калі не законнай, царквой i Радай дазволенай, дык тайнай. Іншай жанчыны не будзе побач са мной на ложы! Ды Любка пачала ўжо насіць мае семя... Так што, ваша правялебнасць, накладзі на мяне суровую кару за тое, што ўзяў любае мне цела да шлюбу, але блаславі нас на наша шчасце.
— А Любка? Кахае цябе?
— Можаш, ваша правялебнасць, сам запытаць у яе пра гэта. Я ж веру: пакахала i яна мяне, хоча быць маёй жонкай.
— Што да мяне, Усяслаў, дык я не магу не блаславіць сэрцы, што кахаюць, імкнуцца адно да аднаго ў дабрамыснасці.
— Дзякуй, вялікі дзякуй, ваша правялебнасць. Ты ратуеш Любку ад сораму i ганьбы, а мне — мой гонар, мае імя, спрыяеш, каб я жыў паўней, як i ўсе людзі.
— Мне, Усяслаў, застаецца толькі паўтарыць тое, што мудра сказана ўжо: «Добра жена венець мужу своему и безпечалие». Веру, што красуня наша будзе сардэчнай i душэўнай, вернай табе жонкай. Дык пладзіцеся i размнажайцеся, доўжце род чалавечы i праведны. «Род правыихъ благословиться,— рече пророкъ,— и семя ихъ въ благословлении будеть».
— Дзякуй, вялікі дзякуй! — Усяслаў ад радасці i падзякі прыпаў вуснамі да біскупавай рукі.
Той жа, калі адспавядаў, назначыў сваю кару i прычасціў, папрасіў яшчэ застацца:
— Хадзем, пасаднік, пакажу табе тое, пра што ты i Рада ведаеце, але што цяпер павінен убачыць сваімі вачыма.