Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Але наступнай раніцай да Рыгора ўпершыню прыйшлі. Мабыць, нягледзячы на сваё незадавальненьне, Кастусь нейкім ходам паведаміў пра Рыгоравы патрабаваньні спэцназаўцу. Пазьней Рыгор даведаўся, што спэцназавец безь перапынку сядзеў на тэлевышцы непадалёк ад Плошчы Перамогі, пільнуючы зьяўленьне на курыруемых аб'ектах чырвонага сьцяга, як гэта адбылося, прыкладам, у час рабаваньня банку. Пасьля гістэрыкі Рыгора, калі ён доўга і ціха ляжаў тварам да сьцяны, Кастусь крадком падняўся на дах і падаў умоўлены сыгнал.
Спэцназавец прывёў з сабою дырэктара банку і старэчу, аматара опэры, які расказваў Рыгору пра былыя пастаноўкі Вагнэра. Старэчу пасадзілі на фатэль перад кратамі, дырэктар стаў побач, а спэцназавец – ззаду, паклаўшы магутныя рукі на сьпінку фатэля. Кастусь, прапанаваўшы ўсім гарбаты і не атрымаўшы водгуку, уладкаваўся на сваім ложку. Спэцназавец паклікаў Рыгора, які стаяў напаўпаварота ля вакна:
– Зьняволены, прашу вас падысьці бліжэй. Можаце ўзяць столец.
Рыгор быў дужа ўсхваляваны, ён безь пярэчаньняў павярнуў да кратаў столец і сеў, гледзячы на гасьцей. Яны таксама глядзелі – сурова, цьвёрда і трохі грэбліва.
– Ваша імя? – холадна пачаў спэцназавец.
– Рыгор, – Рыгор паціснуў плячыма на бессэнсоўнае пы-таньне. «Цікава, ці ёсьціка ў спэцназа зьменная вопратка? Ён ува ўсё тым жа чорным, што і раней».
– Я пазнаў ягоны голас! – усклікнуў дырэктар і паказаў на Рыгора пальцам. – Гэта менавіта той чалавек, што абрабаваў банк!
– Быццам нехта ў гэтым сумняваўся, – хмыкнуў опэрны старэча і з пакеплівым выглядам скрыжаваў рукі на грудзёх.
– А вам адкуль ведаць? – груба сказаў яму Рыгор.
– А чые фотаробаты па ўсім горадзе расклееныя? – ад-казаў пагардліва старэча.
– Дык на фотаробаце ж толькі дзьве галавы ў шапках, і больш анічога! – абурыўся Рыгор.
– Слухай, ты, бандыт! Давай ня будзем! Я хоць і ў дзяды табе падыходжу, але зрок у мяне добры! Я цябе адразу пазнаў, як толькі каля Опэрнага ўбачыў. І калі б я ў час не паведаміў ворганы, ты б яшчэ невядома чаго пасьпеў нарабіць. Зладзюга!
Спэцназавец паклаў руку старэчы на плячо, супакойваючы яго, і спытаў:
– Зьняволены, вы прызнаеце сябе вінаватым?
– Так! – з выклікам пацьвердзіў Рыгор. Адмаўляцца было глумна. – Але навошта мяне трымаць тутака? Быццам гэтыя грошы маюць нейкую каштоўнасьць! Яны ж анікому не патрэбныя! Каляровыя паперкі, якія вы наштосьці замкнулі ў банку!
– Ён спрабуе выглядаць анархістам, – напаўголасу зьвярнуўся дырэктар да спэцназаўца. – Мусіць, намагаецца надаць сваёй справе палітычны кірунак. Дэмагог.
– Я дэмагог?! Дык вы ўспомніце, калі вы грошы апошнім разам мацалі? Калі заробак атрымоўвалі апошнім разам? Калі ў краме расплачваліся? Няма ніякіх грошай! Няма! Не патрэбныя яны!
– Не патрэбныя? Калі вы рабавалі банк, дык яны былі вам патрэбныя, а зараз раптам зрабіліся не патрэбныя, – дырэктар паглядзеў на спэцназаўца, быццам кажучы яму: «які хітрун!» – Зараз вы жадаеце разыграць непрытомнасьць сваімі бессэнсоўнымі прамовамі? Думаеце, мы вам паверым? Дарэмна вы лічыце нас гэткімі наіўнымі.
Рыгор апусьціўся на крэсла і закашляўся, зачыніўшы вочы. Штосьці даводзіць было некарысна. «Зараз ён яшчэ скажа, што сваім кашлем я хачу сымуляваць сухоты». Ён чуў, як дырэктар, спэцназавец і Кастусь пра нешта ціха перамаўляліся адзін з адным, а потым спэцназавец прачысьціў горла і цьвёрда вымавіў:
– Вы прызнаны вінаватым і пазбаўляецеся волі. Выказваем надзею, што гэта станецца вам урокам.
Рыгор апусьціў галаву і заплюшчыў вочы. Пасьля кароткай цішыні пачуліся крокі, шорганьне фатэля па паркеце, лопат дзьвярэй, і ўсё сьціхла. З прыкрасьцю ён падумаў, што забыўся паскардзіцца на голад і смагу. «І забыўся спытаць, колькі мне далі!» Ён ускінуўся, але за кратамі было ўжо пуста, усе сыйшлі. Рыгор падбег да вакна, схапіўся за краты і ўбачыў дырэктара банка, які аддаляўся ў бок вакзалу. Спэцназавец і старэча, хутчэй за ўсё, збочылі направа, першы – да тэлевышцы, другі – да Опэрнага. «А Кастусь?! Куды дзеўся ён? Няўжо мяне пакінулі аднаго?» Рыгор запанікаваў, але тут дзьверы зноў ляпнулі, і Кастусь вярнуўся.
– Кастусь! На колькі мяне пасадзілі? – спытаў ён няварта нясьмелым голасам.
– Будзеш сядзець, пакуль ня выправісься! – павучальна адказаў Кастусь.
Ён падыйшоў да свайго стала і пстрыкнуў уключальнікам электрапліткі, зьбіраючыся гатаваць гарбату. Рыгор пачуў знаёмае цурчаньне вады, шыпеньне кроплі, што патрапіла на распаленую фаерку, лёгкі сухой шолах чаінак у парцэляне. Потым Кастусь выйшаў са свойго катуха з алюміневым кубкам у руках і паглядзеў на Рыгора, які панура стаяў ля кратаў.
– Дарэчы! Калі скажаш, дзе шукаць твайго саўдзельніка, Лявона, што ў сіняй шапцы быў, гэта табе залічыцца! Памяркуй. А лісты твае я перадаў.
Наконт лістоў Кастусь не падмануў, і праз пару дзён Рыгора пачалі наведваць. Першым зьявіўся тата зь дзьвюма вялізнымі торбамі і заплечнікам, нагружанымі харчаваньнем.
– Рыгору! Рыгору! Ат, калі б я ведаў, што ты тутака! – тата вохаў, смаркаўся і трос галавой. Ён наблізіўся ўсутыч да кратаў і схапіўся за іх абедзьвюма рукамі, фалангі ягоных вялізарных пальцаў загнуліся ўнутар вочак. – Што я перажыў безь цябе! Роспач, сапраўдную роспач, ізмрок і адзіноту. Калі б я толькі ведаў, што ты тут...
Каб схаваць сьлёзы, ён нахіліўся і паспрабаваў прасунуць прынесеныя торбы пад краты, але шчыліна была занадта вузкая, і адна зь іх парвалася, выявіўшы пакунак чакалядных пернікаў. Тата з крэкамі прысеў на кукішкі і пачаў разладоўваць торбы ды падсоўваць іхнае зьмесьціва ў камору. Рыгор, які спачатку вінавата апусьціў галаву, убачыўшы ежу, ажывіўся і радасна браў і перакладаў татавы гасьцінцы да кніжнае шафы. Сухары з ванільлю, сухары з разынкамі, сухарыкі зь перцам, аўсянае печыва, чыпсы, снэкі, мятнае дражэ, тры бляшанкі згушчонкі, ружовы зэфір, колькі буйных чакалядак і вялікі пакунак з разважнымі вафлямі – і гэта толькі першая торба. Другая торба зьмяшчала прадукты, якія, паводле тлумачэньня таты, трэба было зьесьці ў першую чаргу: плястыкавыя кантэйнэры з чымсьці яшчэ цёплым, два літровыя шкляныя слоікі з супам, сьмятана, масла, сыр і скрынка зь пірожнымі. Адно зь пірожных Рыгор адразу ж адправіў у рот, пасьля чаго адкаркаваў слоік з супам і з захапленьнем панюхаў. Гэта быў гарохавы, ягоны ўлюбёны. Тата падаў яму праз краты лыжку і відэлец, загорнутыя ў стос жоўтых сурвэтак.
Сеўшы на столец, ссунуўшы калені і паставіўшы на іх слоік з супам, Рыгор з асалодай еў. Гэта было сапраўднае, паўнавартаснае шчасьце. Ён адчуваў, як суп праліваецца па страваводзе ўніз, у жывот, напаўняючы яго чароўным мяккім цяжарам. Тата глядзеў на яго вільготнымі з замілаваньня вачыма, а потым зьняў са сьпіны заплечнік і пачаў даставаць зь яго піва «Сябар», бутэльку за бутэлькай. З узьнясеньня і ўдзячнасьці Рыгору захацелася расцалаваць мясісты татаў твар. Ён хутка і асьцярожна браў кожную бутэльку з рук у рукі, стараючыся не закрануць шклом ні падлогі, ні кратаў, каб не зазьвінець – Кастусь працягваў чытаць тварам да сьцяны – і ставіў іх на ніжнюю паліцу кніжнае шафы, паціснуўшы ваенных гісторыкаў.
Тата паабяцаў прыходзіць дзень празь дзень і прапанаваў Рыгору скласьці сьпіс патрэбных рэчаў. Рыгор папрасіў прынесьці яшчэ піва, кніжак, дыскаў і магнітолу. Ён пачаў тлумачыць, як знайсьці магнітолу, што мусіла захоўвацца ў вітальні на антрэсолях. У гэты момант рыпнуў ложак, і да іх падыйшоў Кастусь. Рыгор схаваў піва за сьпіну. Кастусь, выявілася, добра чуў усю іхнюю размову. Ён сказаў, каб яны і думаць забыліся пра музыку.
– Тутака вам не дыскатэка, а вязьніца! У разе парушэньня рэжыму наведваньня будуць забароненыя. А наведвальнікі будуць пакараныя за кантрабанду, – ён хмурна паглядзеў на тату, і той зазьбіраўся дадому.
Пасьля сытнага абеду жыцьцё зноў набыла паўнату, радасьць і шчасьце. Глядзець у вакно ўжо не хацелася, і Рыгор лёг на ложак, залетуцеў пра хуткую волю. Рабаваньне зноў здалося яму ня змрочнай абмылай, а пацешным непаразуменьнем, і ён падумаў, што, апынуўшыся на волі, будзе сьмешна і прыемна ўспамінаць пра месяц адсідкі. З задавальненьнем ён смакаваў у памяці ўсе падрабязнасьці налёту на банк, кожны крок і кожнае слова, сказанае ім і Лявонам адзін аднаму. Як асьвятліўся Лявонаў твар, калі ён узяў у рукі сапраўдную зброю! Упершыню за ўвесь час, што прайшоў пасьля рабаваньня, Рыгора наведала цёплае пачуцьцё да Лявона, ужо бадай забытае. «Ці памятае ён пра мяне? Ці здабыў ровар, пра які марыў? А як мы страцілі надзею, калі банк стаўся зачынены!» – Рыгор шчасьліва ўсьміхаўся на свае думкі.