Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 89
Перейти на страницу:

Але Лявон спыніў яго, падняўшы руку далоньню наперад. Ягоны твар прыняў цьвёрды і нават напышлівы выраз, даволі сьмешны ў спалучэньні з распухлым чырвоным носам.

– Пятрусь, аніякіх экспэраня. Гэта вельмі зьневажальна – чагосьці ня ведаць і быць у дурнях. Прашу вас патлумачыць мне, як празарыцца далей. Інакш я сыходжу адразу ж, – ён зрабіў рух, быццам намасьціўся ўстаць.

– Што вы, што вы, даражэнькі калега! – Пятрусь заспакаяльна падаў руку ў бок Лявона. – Вашае жаданьне ў вышэйшай ступені законнае і значыць для мяне больш хоць за якія навуковыя мэты і задачы. Хай будзе так, як вы хочаце. Упэўнены, што мы ўдваіх неўзабаве знойдзем новых людзей экспэрымэнтавацца!

– Я вам сябра прывяду, зь якім мы разам застудзіліся, – паабяцаў Лявон, адчуваючы патрэбу згладзіць катэгарычнасьць свайго патрабаваньня.

– Сябра? Выдатна! Лепшага нельга і жадаць, – твар Пятруся рабіўся ўсё больш радасным, ён сашчапіў пальцы і патрос імі перад грудзьмі. – Я так за вас рады, Лявоне! Уяўляю сябе на вашым месцы зараз, – ён шчасьліва ўздыхнуў і паківаў галавой. – Такім ходам, усё, што вам трэба – гэта ўважліва слухаць песьні, якія зараз гучаць. Адсюль і тэрмін – «сьпеўнае празарэньне». Паспрабуйце не адцягвацца ні на што. Давайце сюды кнігу, прачытаеце яе пазьней. Зараз глянем, колькі хвілін засталося на касэце...

Пятрусь нагнуўся, пстрыкнуў чымсьці пад сталом, і музыка перапынілася. Мабыць, там у яго знаходзіўся магнітафон, гук ад якога перадаваўся ў рэпрадуктар. Лявон адчуў палёгку з насталай цішыні. Мяккі шум ветру, які павольна зьмяняў інтэнсыўнасьць і танальнасьць, ужо зусім не перашкаджаў яму. «Якая яна грубая і прымітыўная – музыка людзей, – падумаў ён. – Што можа параўнацца са звычайным шумам ветру?»

Тым часам Пятрусь падняў касэту, паглядзеў на прасьвет, павярнуўшыся да вакна, а потым ізноў сунуў яе ў магнітафон. Пачуўся шолах перамоткі, пару пстрычак і шыпеньне плёнкі перад пачаткам музыкі.

– Вельмі значна слухаць уважліва! Я вярнуся празь пятнаццаць хвілін.

Пятрусь узяў з паліцы сваю міску і пайшоў з пакоя. Лявон, якому карцела хутчэй празарыцца, з усіх сілаў засяродзіўся. Прагучала колькі фартэпіянавых акордаў – Пятрусь відавочна зрабіў гук яшчэ мацней – а за імі ўсё той жа сумны мужчынскі голас шчыра засьпяваў:

Несказанное, синее, нежное… Тих мой край после бурь, после гроз, И душа, словно поле безбрежное, Дышит запахом мёда и роз.

З прыгажосьці слоў Лявону перахапіла дух, і на вочы навярнуліся сьлёзы. «Цуд! – думаў ён, сморкаючыся ў рушнік. – Гэта абавязкова павінен пачуць Янка! Вось яна, вяршыня паэзіі». Лявон паслабіўся, забыўшы пра ўсякае празарэньне. Ён заплюшчыў вочы і ўявіў бязьмежнае поле, вільготнае і цёплае паветра пасьля навальніцы, пах мёду і руж, што даносіўся аднекуль здалёк. На наступных куплетах ён ужо не засяроджваўся. У бязьмежным поле яму нарэшце зноў зьявілася хутаранка, яна сьмяялася і працягвала да яго прыгожыя голыя рукі. Ён, расплываючыся ўсьмешкай, пайшоў да яе насустрач, усё хутчэй і хутчэй, і з кожным крокам ідэя жанчыны рабілася яму ўсё больш зразумелая.

Лявон прачнуўся праз тое, што Пятрусь церабіў яго за рукаў. Пятрусь прымудрыўся адначасна сьмяяцца і хмурыцца, таму было не зусім зразумела, скардзіцца ён ці задаволены.

– Як у вас атрымалася заснуць, Лявон? Пры такім высокім узроўні шуму? Вы ня выспаліся ўночы?

Лявон праціраў вочы і пазяхаў. Ён успомніў, дзе сядзіць, успомніў новага знаёмага і раптам усьвядоміў, што цалкам і канчальна шчасьлівы. Паветра было дзіўна сьвежае і прыемнае на смак, рэчы вакол выпукліся і наблізіліся, іхны колер зрабіўся ярчэйшы і сакавіцейшы, быццам за час існу іх начыста вымылі. Зялёныя вочы Пятруся, які схіліўся над ім, глядзелі нагэтулькі ўважліва і з такой дабрынёй, што раней гэта б зьбянтэжыла Лявона, прымусіўшы думаць пра сваю нягожасьць, але зараз ён толькі адкрыта ўсьміхнуўся ў адказ.

– Як настрой? Што адчуваеце? Апавядзіце падрабязна, – дапытваўся Пятрусь.

Лявон адказваў, што пачуваецца як ніколі добра. Ён багата высмаркаўся, і нават гэта даставіла яму вялікае задавальненьне. Ён успомніў, як рэзка гаварыў зь Пятрусем, і пачаў выбачацца, але Пятрусь перапыніў яго:

– Пакіньце, Лявон, усё ў парадку! Мяне іншае турбуе – што вы заснулі ў час слуханьня песень. Гэта мабыць наложыць на вашае ўспрыманьне адбітак, пакуль што незразумела які менавіта. Дакладна гэтак жа, як і ў застудным варыянце, вынік празарэньня залежыць ад спосабу яго дасягненьня. Умоўна кажучы, калі ў вас катар, дык вы ў першую чаргу заўважаеце немень аўтамабіляў, калі кашаль – нябытнасьць жанчын, калі баліць горла – нястачу грошай. Ат, дык вы пра гэта ня ведалі? Што ж, нядзіўна, бо вы яшчэ зусім навак у нашай сфэры. Дык вось, сьпеўнае празарэньне дае розны эфэкт у залежнасьці ад праслуханых песень. Найлепшыя вынікі назіраюцца празь «Ціхія песьні» Сільвэстрава і вакальныя цыклы Шубэрта. Прытым Шубэрт дае больш магутны, але не такі ўстойлівы эфэкт. Таму я аддаю перавагу Сільвэстраву.

– Песьня, якую я слухаў, надзвычайна прыгожая! – захоплена пацьвердзіў Лявон. – Чые гэта вершы?

– Не пазналі? Гэта ж Ясенін, вялікі рускі паэт.

«Янка нешта казаў пра Ясеніна!» – успомніў Лявон і нават трохі засмуціўся, што ня зможа наўпрост зараз адкрыць яму такога выдатнага паэта. Ён шчыра падзякаваў Пятруся за знаёмства з чароўнай песьняй, а потым спытаў, чаму ня зьніклі прастора і час, як было дакляравана.

– Вы праспалі сваё празарэньне, – засьмяяўся Пятрусь, дакрануўшыся рукою да пляча Лявона, – Жартую, вядома! Але, відаць, эфэкт будзе мяккім для вас і ніякіх небясьпечных для псыхікі ўзрушэньняў не адбудзецца. Галоўнае, што я ўжо бачу ў вас аснову сьпеўнага празарэньня – радасьць быцьця. А што датычыць асаблівых прасторавых і часавых умоў нашага сьвету, якія вы неўзабаве заўважыце – гэта ня больш як дадатак і пабочны эфэкт.

Пятрусь змоўк, з замілаваньнем гледзячы на Лявона. Але Лявон ня даў яму спыніцца, настойваючы на падрабязных тлумачэньнях, пажадана яшчэ раз з самага пачатку, і Пятрусь ахвотна працягнуў. Паводле слоў навукоўца, пры слуханьні пэўных песень чалавек спасьцігаў сапраўдную сутнасьць быцьця: абсалютнае і непрамінушчае дабро.

– Паскаль казаў, што мы жывем у лепшым зь міроў, і гэта сапраўды так! Парадаксальна: самога Паскаля ня было і няма, але словы слушныя. Вы адчуваеце, Лявон?

Лявон кіўнуў, ён і на самай справе адчуваў вострае, шчымлівае шчасьце, якое адцянялася вытрыманым смуткам песень. Ягоная далонь ляжала на стале, і празь цьвёрдасьць стала, праз тонкі малюнак драўляных валокнаў на ягонае паверхні ўверх па руцэ цяклі задавальненьне і радасьць. І на чым бы ён ні фіксаваў увагу – на голасе сьпевака, на прахалодным паветры, на кніжнай паліцы, на валасох Пятруся, на ўласных пальцах ног, што варушыліся ў туфлях – усё струмяніла шчасьце.

– Але чаму вы кажаце, што Паскаля не было?

– Калі вы застанецеся ў сьпеўным празарэньні яшчэ некаторы час, вам стане гэта відавочна. Вы зразумееце, што няма, не было і ня будзе нікога і нічога, акрамя існага тут і цяпер. Сьвет гэтак уладкаваны. Прасторы няма, акрамя нашага горада. Нічога, акрамя Менску, лепшага горада на сьвеце, і да тога ж пазбаўленага прыкрых хібаў кшталту машын, жанчын і патрэбы за ўсё плаціць. Цудоўна, праўда? – Пятрусь усьміхаўся зьдзіўленьню Лявона. – А чалавек, які ня слухае песень, знаходзіцца ў палоне ілюзій пра космас, зямную кулю, акіяны, кантынэнты, краіны, гарады. Сымулякры!

Нягледзячы на шчасьце, якое абступіла вакол, словы акадэміка выклікалі ў Лявона скепсыс і жаданьне спрачацца. Ён сказаў, што па-ранейшаму адчувае і прастору, і час.

– Ваша ўспрыманьне скажонае з прычыны неасьцярожнага засынаньня ў сама апагеі празарэньня, – разьвёў рукамі Пятрусь.

– Дапусьцім! Але мусіць жа мецца лёгіка ў вашых словах? Першае, чаму вы лічыце, што машыны, жанчыны, грошы ды іншае – гэта хібы? Бо вы іх ніколі не спрабавалі? Другое, як Менск можа быць лепшым горадам, калі іншых гарадоў не існуе? І наогул, як можа існаваць толькі Менск, калі я сам асабіста нарадзіўся ў Гомельскай вобласьці і правёў там усё дзяцінства? І цяпер часта там бываю!

1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)