Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 89
Перейти на страницу:

– Пятрусь, можна крыху цішэй зрабіць? Я вас амаль ня чую празь яе, – гукнуў Лявон.

Пятрусь дакрануўся да круцёлкі на рэпрадуктары, сьцішыўшы гук зусім на трошку. «Вось меляман», – падумаў Лявон.

– Дак вось, пра жанчын. Першае, – пачаў Пятрусь, – ваша здагадка суцэльна справядлівая: ніякіх жанчын у рэальнасьці не існуе. Гэта ня болей за сымулякры, майстэрскія і тонкія, глыбока ўкаранёныя ў сьвядомасьці людзей.

– Сымулякры?

– Прасьцей кажучы – выдумка. Тое, што дэталёва і рэчаісна апісанае, але чаго насамрэч няма.

– Абвяшчаць складаную праблему няіснай – хіба гэта не ганебная капітуляцыя? – скрывіўся Лявон. – Задаўшыся мэтай, можна пра кожную рэч давесьці, што яе не існуе. Мы праходзілі сафізмы на ўнівэрсытэце, таму я ў курсе. Але зараз мяне не цікавяць тэорыі, мне патрэбная сапраўднасьць. І не кажыце мне, што сапраўднасьці няма! Я, напрыклад, надоечы бачыў цалкам сапраўдную кабету, магу і вас да яе зьвесьці, каб не сумняваліся. І наогул, я дрэнна сфармуляваў сваё пытаньне. Паспрабую яшчэ раз: ці існуе жанчына як нешта, што прынцыпова адрозьніваецца ад мужчыны? Ці «мужчына» і «жанчына» – гэта толькі станы чалавека, у якія можна адвольна пераходзіць?

– Дазвольце, Лявоне, вы сказалі, што бачылі кабету? Ці я недачуў? – Пятрусёў твар прыняў уважліва-вясёлы выраз, быццам Лявон масьціўся расказаць анэкдот, і ён маніўся не прапусьціць ані слова.

– Менавіта так!

І Лявон, хмурачыся на непрыстойна радасны выгляд Пятруся, пачаў падрабязна апісваць свой паход да бабулькі. Пятрусь зь цікавасьцю слухаў, падтакваў, ківаў, і ў захапленьні рухаў туды-сюды міску з малочным супам. Заўважыўшы гэта, Лявон перапыніўся:

– Пятрусь, сапраўды, паешце! Хочаце, я звонку пачакаю, каб вас не бянтэжыць?

Пятрусь запратэставаў і прыбраў суп на кніжную паліцу, да рэпрадуктара. Рэпрадуктар сьпяваў ціхую песьню пра востраў са схіламі ў беласьнежных анэмонах. Лявон ведаў, што анэмоны – гэта кветкі, але ніколі іх ня бачыў. Якія яны? Дробныя і шматлікія? Ці вялікія, далікатныя і растуць па-асобку? Яго хіліла спаць, але Пятрусь уважліва глядзеў на яго, чакаючы працягу. І Лявон, змацаваўшыся, паведаў яму пра вынікі абсьледваньня бабулькінага цела.

– Браво! – усклікнуў Пятрусь, калі Лявон змоўк. – Вы нарадзіліся дасьледнікам, Лявоне! Упершыню бачу такога чалавека! Ці ведаеце, я ўжо даўно прашу кіраўніцтва знайсьці мне асістэнта дапамагаць у навуковых пошуках. Сам я не спраўляюся і зь дзясятай часткай патрэбных экспэрымэнтаў – поле дзейнасьці для аднаго мяне непасільна шырокае. І вось вы зьяўляецеся самі! Якая ўдача!

Пятрусь устаў і са шчасьцем на твары падаў Лявону абедзьве рукі. Лявон, ня ведаючы, як яму адказаць, таксама ўстаў, нязграбна варухнуўшы фатэль, і падаў рукі насустрач, болесна адчуваючы ўсю недарэчнасьць таго, што адбываецца. Але Пятрусь аніякае недарэчнасьці не заўважаў, ён ветліва сьціснуў і страсянуў Лявонавы рукі.

– Але бачыце, Лявоне... Спадзяюся, вас не занадта засмуціць?.. Ваш экспэрымэнт можна назваць удалым толькі ў... эээ... псыхалягічным сэнсе. Чалавек, якога вы знайшлі, ня ёсьць сапраўднай жанчынай. Вы сказалі, што разгледзелі ягоны чэлес, так? Дык вось, чэлес рыхтык адно з сама відавочных адрозьненьняў. Тое, што вам трапілася – зусім не бабуля, а дзядуля, якому ўздумалася пагуляць у бабулю.

Лявон нават не зьдзівіўся. Унутранае пачуцьцё падказвала яму з самага пачатку, што бабуля несапраўдная. Пятрусь ізноў павярнуўся, зьняў з паліцы над радыё вялікі карычневы том і паклаў яго перад Лявонам. «Мужчына ды жанчына. Таямніцы полу», – прачытаў Лявон і запытальна зірнуў на Пятруся.

– Так-так, пагартайце! Я мяркую, вам ня будзе складана зразумець, што ўяўляе сабой сапраўдная – калі наогул можна гэтак выказацца адносна сымулякру – сапраўдная жанчына. У мяне ў свой час гэта атрымалася безь вялікае працы, хоць, вядома, шмат што стала нечаканасьцю. Бачыце, маюцца істотныя, фізыялягічныя адрозьненьні паміж мужчынам і жанчынай, а вопратка або даўжыня валасоў – гэта толькі вонкавыя атрыбуты, якія ня маюць вялікага значэньня.

Лявон разгублена разгарнуў кнігу на выпадковай старонцы і патрапіў на каляровы малюнак, які паказваў чалавека бяз скуры, з высалупленымі цягліцамі. Яму стала страшна, але не праз выгляд асьвежаванага цела, а праз блізкасьць таямніцы полу, якая раптам здалася яму злавеснай і змрочнай. Ён адвёў вочы ад ілюстрацыі і спытаў:

– Але адкуль увогуле ўзялася ідэя жанчыны? Хто стварыў гэты ваш сымулякар? Хто напісаў гэтую кнігу і намаляваў рысункі? І як атрымалася пераканаць усіх людзей у рэальнасьці таго, чаго няма?

– Менавіта пра гэта вам і трэба будзе даведацца! – мовіў Пятрусь з такім радасным і змоўніцкім выглядам, быццам Лявон адгадаў ягонае даўняе патаемнае жаданьне. – Сам я не пасьпяваю займацца ўсімі кірункамі дасьледаваньняў і, каб не раскідвацца, засяродзіў свае намаганьні ў адной сфэры: прырода і формы празарэньняў. А вы можаце абраць спэцыялізацыю на ўласны густ. Напрыклад, жанчына – гэта ж выдатная спэцыялізацыя, дарагі калега! Вы дазволіце мне так вас называць? Ні хвіліны не сумняваюся, што навуковая ніва – вашае сапраўднае закліканьне.

– Чакайце, ці слушна я разумею вас, Пятрусь, вы сказалі – празарэньняў? Гэта значыць, застуда – гэта яшчэ ня ўсё, ёсьць і іншыя празарэньні?

– Менавіта так, дарагі калега! Я зьбіраўся расказаць вам пра іх пазьней, але калі вы ўжо самі спыталі... Наш погляд на сусьвет у цэлым і на жанчын у прыватнасьці наўпрост залежыць ад ступені нашага празарэньня. Успомніце: калі мы здаровыя і бадзёрыя, жанчыны здаюцца нам няісныя, разам з цэлым шэрагам іншых сумніўных зьяў. Калі мы застуджваемся і да некаторай ступені празараемся, яны здаюцца нам дзіўнай выдумкай, якая ня мае ніякіх падстаў. Калі не лічыць за падставы шматлікія кнігі, малюнкі дый сам факт прысутнасьці ідэі жанчыны ў нашай сьвядомасьці. Празраваючы далей, мы пачынаем разумець, што зусім не жанчыны павінныя нас зьдзіўляць сваім нейснаваньнем. Зьдзіўленьня варты ўвесь наш сьвет, пабудаваны ідэальна і шчасьліва, але непадуладны ніякаму лягічнаму асэнсаваньню. Зьдзіўленьня і захапленьня! Выбачайце...

Пятрусь адвярнуўся і чхнуў. Лявон скарыстаўся гэтым, каб перапыніць ягоную гаворку:

– І што адкрываецца чалавеку пры далейшым празарэньні?

– Калі караценька, дык сьпеўнае празарэньне значна глыбейшае ў параўнаньні з застудным, якое датычыць толькі некаторых аспэктаў побыту і грамадскага ўпарадкаваньня. Напрыклад, сьпеўнае празарэньне дае ўсьведамленьне немень прасторы і часу, – ён змоўк зь вясёлым выглядам, відавочна назіраючы, як паўплываюць ягоныя словы на слухача.

– Як гэта? – Лявон узрушыўся, – Немень прасторы і часу? А хіба мы з вамі знаходзімся зараз не ў прасторы? І хіба наша размова ня доўжыцца ўжо чвэртку часу?

Пятрусь засьмяяўся, махнуў рукой і сказаў, што ніякія тлумачэньні не дапамогуць. Акрамя таго, тлумачэньні парушаць чысьціню экспэрымэнтаў. Выявілася, што ў Пятруся была распрацаваная цэлая схема працы зь непразораным асістэнтам, зьяўленьня якога ён чакаў ужо даўно. Шэраг пасьлядоўных псыхалягічных тэстаў з штодзённай сьвядомасьцю, потым ступеневае застуджаньне, далей шырокі цыкл пошукаў наконт пост-застудных эфэктаў, а ўжо толькі тады... Зь бібліятэчным вартаўніком усе мажлівыя экспэрымэнты былі зробленыя, але ён стаўся здаровы як бык, і нават наймагутшыя скразьнякі не маглі прымусіць яго смаркацца. Таму цяперашні Лявонаў стан меў вялікую значнасьць для навукі, адкрываючы доўгачаканыя дасьледчыя змогі.

– Пятрусь, я вам веру. Але пакінем экспэрымэнты на потым. Раскажыце мне, як гэта зрабіць. Што за сьпеўнае празарэньне? Не хачу губляць ні хвіліны!

– Лявоне! Прашу вас дзеля прагрэсу: не празарайцеся яшчэ трошачкі. Патрывайце! Усё, усё прыйдзе, не сумнявайцеся. Давайце правядзем маленькае, хе-хе, экспэраня наўпрост зараз? Я вам задавацьму пытаньні, а вы адказвайце; пажадана не задумвацца. Скажыце, Лявон, ці бывалі вы калісь у іншай краіне?

Але Лявон спыніў яго, падняўшы руку далоньню наперад. Ягоны твар прыняў цьвёрды і нават напышлівы выраз, даволі сьмешны ў спалучэньні з распухлым чырвоным носам.

– Пятрусь, аніякіх экспэраня. Гэта вельмі зьневажальна – чагосьці ня ведаць і быць у дурнях. Прашу вас патлумачыць мне, як празарыцца далей. Інакш я сыходжу адразу ж, – ён зрабіў рух, быццам намасьціўся ўстаць.

– Што вы, што вы, даражэнькі калега! – Пятрусь заспакаяльна падаў руку ў бок Лявона. – Вашае жаданьне ў вышэйшай ступені законнае і значыць для мяне больш хоць за якія навуковыя мэты і задачы. Хай будзе так, як вы хочаце. Упэўнены, што мы ўдваіх неўзабаве знойдзем новых людзей экспэрымэнтавацца!

– Я вам сябра прывяду, зь якім мы разам застудзіліся, – паабяцаў Лявон, адчуваючы патрэбу згладзіць катэгарычнасьць свайго патрабаваньня.

– Сябра? Выдатна! Лепшага нельга і жадаць, – твар Пятруся рабіўся ўсё больш радасным, ён сашчапіў пальцы і патрос імі перад грудзьмі. – Я так за вас рады, Лявоне! Уяўляю сябе на вашым месцы зараз, – ён шчасьліва ўздыхнуў і паківаў галавой. – Такім ходам, усё, што вам трэба – гэта ўважліва слухаць песьні, якія зараз гучаць. Адсюль і тэрмін – «сьпеўнае празарэньне». Паспрабуйце не адцягвацца ні на што. Давайце сюды кнігу, прачытаеце яе пазьней. Зараз глянем, колькі хвілін засталося на касэце...

Пятрусь нагнуўся, пстрыкнуў чымсьці пад сталом, і музыка перапынілася. Мабыць, там у яго знаходзіўся магнітафон, гук ад якога перадаваўся ў рэпрадуктар. Лявон адчуў палёгку з насталай цішыні. Мяккі шум ветру, які павольна зьмяняў інтэнсыўнасьць і танальнасьць, ужо зусім не перашкаджаў яму. «Якая яна грубая і прымітыўная – музыка людзей, – падумаў ён. – Што можа параўнацца са звычайным шумам ветру?»

Тым часам Пятрусь падняў касэту, паглядзеў на прасьвет, павярнуўшыся да вакна, а потым ізноў сунуў яе ў магнітафон. Пачуўся шолах перамоткі, пару пстрычак і шыпеньне плёнкі перад пачаткам музыкі.

– Вельмі значна слухаць уважліва! Я вярнуся празь пятнаццаць хвілін.

Пятрусь узяў з паліцы сваю міску і пайшоў з пакоя. Лявон, якому карцела хутчэй празарыцца, з усіх сілаў засяродзіўся. Прагучала колькі фартэпіянавых акордаў – Пятрусь відавочна зрабіў гук яшчэ мацней – а за імі ўсё той жа сумны мужчынскі голас шчыра засьпяваў:

1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)