Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
І раптам адна падрабязнасьць уразіла яго! Побач з уваходам у цакалёвы паверх банку... Так, цалкам дакладна: побач з уваходам у Апэрацыйную залю была аўтастаянка! Ярка-жоўтыя інкасатарскія аўтобусы! Сэрца Рыгора забілася. «Ня можа быць! Гэтага ня можа быць! Але я так выразна іх памятаю – стаянка, аўтобусік, зялёны плот з мэталічных дубцоў вакол, – ён сеў на ложку. – І чаму я раней пра гэта не ўзгадаў? Дык што ж, значыць, аўтамабілі існуюць? Можа... і жанчыны?» Двума вялікімі крокамі ён падскочыў да вакна і ўтаропіўся ў праспэкт. Прайшло пару хвіляў, але ніякага руху там не было, як і раней. Толькі пагойдваліся на ветры галіны дрэў Аляксандраўскага сквэру.
Рыгору падумалася, што, мабыць, ён выхвараваў, і ілюзіі пакрысе вяртаюцца да яго. Ён узмоцнена пакашляў і, адчуўшы ў грудзёх знаёмыя хрыпы, трохі супакоіўся. І ўсё ж ён адразу намачыў прасьціну, завінуўся ёй ды пачаў хадзіць туды-сюды, абмяркоўваючы факт існаваньня аўтобусаў.
– Дзядзь Кастусь, а ці езьдзілі вы на аўтобусе калісь? – узбуджана спытаў Рыгор, падыйшоўшы да кратаў і сам не разумеючы, што яму хочацца – пакпіць з наглядара ці пагутарыць зь ім шчыра.
– Ды навошта мне аўтобусы? Бач, як я ўдала ўладкаваўся – і жыву, і працую ў адным месцы, нікуды езьдзіць ня трэба, – дабратліва адказваў Кастусь са свайго катуха.
– Але ўсё ж, езьдзілі ці не?
– Езьдзіў, вядома. Дзівак ты, – Кастусь паціснуў плячыма і бразнуў кружкай, намасьціўшыся заварваць гарбату.
Рыгор, адчагосьці сьвяткуючы ўнутры, прымусіў сябе замаўчаць і пакінуць у спакоі здаровага Кастуся. Ён лёг, але зь перапоўненасьці пачуцьцямі ня змог ляжаць, і зноў пачаў хадзіць туды-сюды лесьвіцай. «Пэўна, у гэтых аўтобусах крыецца нейкая значная разгадка! Эх, хутчэй бы прышоў міністар», – пакутаваў ён зь нецярпеньня.
Увечары зьявіўся Юрась, але адзін, безь міністра. Ягоны твар гарэў мацней за звычайнае, ён няцьвёрда трымаўся на нагах і, падыйшоўшы да кратаў, абапёрся на іх плячом. Рыгор радасна падбег да яго, не сумняваючыся, што той прынёс ліст з памілавальным указам, і праз хвіліну яго чакае свабода, аднак спачатку яму хацелася паведаміць Юрасю глябальную навіну пра аўтобусы. Але, да ягонага зьдзіўленьня, Юрась пра існаваньне аўтобусаў ведаў, і называў іх «анамальнымі аўтобусамі». Паводле ягоных слоў, дабрацца да іх было немажліва, бо ў дырэктара банку не было ключоў ад стаянкі.
– Дык што? – зьдзівіўся Рыгор. – Падумаеш, няма ключоў! Хіба нельга зламаць замок на браме?
– А хто будзе ламаць? – спытаў Юрась з такім выглядам, быццам Рыгор прапанаваў зламаць яго голымі рукамі.
– Дык я і зламаю! Узяць добры лом, або якую балгарку.
– Балгарку?
– Гэта такая піла электрычная. У мяне ў гаражы ёсьць.
Юрась глядзеў на яго, як на вар'ята. Рыгора паставіў у тупік гэты погляд, і ён, зьмеркаваўшы пагаварыць пра аўтобусы асабіста зь міністрам, зьмяніў тэму:
– Нарэшце ж вы прыйшлі, Юрась! Я ўжо змучыўся тут. Спадзяюся, вы забярэце мяне адсюль?
– Што вы, Рыгору, зараз гэта немажліва.
– Дык як жа, Юрась? Няўжо мяне будуць тут трымаць празь нейкія дурныя грошы? Мы ж з вамі ведаем сутнасьць таго, што адбываецца! І міністар ведае! Скажыце ім, каб вызвалілі мяне! – ён кіўнуў у бок Кастуся, які наблізіўся і глядзеў на іх па-над акулярамі.
– Разумееце, Рыгору... – пачаў Юрась.
– Што тут разумець? – перапыніў яго Рыгор. – А як жа праца на карысьць грамадзтва? На волі я магу прынесьці столькі карысьці!
– Зразумейце, злачынства мусіць быць пакаранае. Ці вы хочаце, каб мы апраўдалі рабаўніка? Закон – гэта закон. Кіраўніцтва ня можа таптаць яго, калі чакае даверу ад грамадзян. Сказаць грамадзянам: так, ён абрабаваў банк, але чалавек ён патрэбны, і мы яго не пакараем? Сказаць: рабаваньне банку ня ёсьць злачынствам? Не, Рыгору. У нас ня хунта, а цывілізаванае грамадзтва. Мы ня можам дазволіць сабе гульні з крымінальнікамі, інакш нас чакае катастрофа. Пастаўцеся адказна, Рыгор. Пасядзіце тут хоць бы гадок ці два. Грамадзкая карысьць нікуды ня дзенецца.
Пад канец Юрась афіцыйным тонам запытаўся пра ўмовы ўтрыманьня і, бо Рыгор абражана маўчаў, разьвітаўся зь ім, адштурхнуўся плячом ад кратаў і пайшоў. Кастусь працягваў глядзець на Рыгора па-над акулярамі, і ён, зароўшы са злосьці, схаваўся зь ягоных вачэй у глыбіні каморы.
9. Як Лявон вызваліў Рыгора
9. Як Лявон вызваліў Рыгора
Раніцаю, сьвежай і сонечнай, Лявон бадзёра крочыў вуліцай Някрасава ў бок Рыгоравых гаражоў. Напярэдадні, пасьля напружаных успамінаў, ён цьвёрда пераканаўся, што пакінуў падараваны яму дыск зь песьнямі Шубэрта тамака на калёнцы. Пятрусь пацьвердзіў, што дасьледаваньне зьмесьціва дыска мае вялікую каштоўнасьць для навукі, і папрасіў супольна прыхапіць прайгральнік, калі будзе мажліва. Паабяцаўшы вярнуцца да абеду, Лявон напоўніў заплечнік пакункамі апэльсінавага соку і аднаразовымі папяровымі хустачкамі, выдадзенымі яму пад росьпіс строгім Сымонам, і рушыў. Яму было шкада смаркацца ў чыстыя мяккія хустачкі, якія ўжо нельга будзе памыць і немінуча прыйдзецца выкінуць, таму ён марнаваў іх як мага менш, шморгаючы носам і ўцягваючы сусьлі ўглыб.
Дарогаю Лявон нягучна напяваў Сільвэстрава; ён спачатку саромеўся невядома каго і раз-пораз замаўкаў, але потым асмакаваўся, узмацніў голас і атрымоўваў ад сьпеваў вялікае задавальненьне. Пятрусь патлумачыў яму, што каб утрымаць празарэньне патрэбна альбо слухаць песьні, альбо сьпяваць самому, інакш яго можна страціць на працягу колькіх гадзін. Перад сыходам зь бібліятэкі Пятрусь прымусіў Лявона разоў пяць праслухаць песьню, якая яму асабліва ўпадабалася, «Несказанное, синее, нежное», каб добра запомніць матыў і словы.
Вуліца Някрасава, якую Лявон абраў, каб прачарціць сьлядамі новы маршрут, сталася трохі сумная, але любая і ўтульная. Пяціпавярхоўкі, таполі, стары патрэсканы асфальт. «І ўсёткі, пасьля гэтага празарэньня застаецца асадак, нейкая нездаволенасьць, – разважаў ён павольна. – Так, вечнае лета, поўнае шчасьце. Бясконцасьць мінуласьці і будучыні, ніякіх абавязкаў, ніякіх патрэбаў, праблемаў... Але ці не зьневажальна гэта?» Ён паспрабаваў сфармуляваць, што менавіта зьневажальна, але адцягнуўся на парачку вераб'ёў, якія з гучным шчэбетам праскакалі праз дарогу ў колькіх мэтрах ад яго і, ці то ў сварцы, ці то ў гульне, пырхнулі адзін за другім на бярозу. «Зьневажальна ўжо тое, што я занадта добра памятаю і бацьку, і Міхася, і нашу хату, і старое радыё, але адначасна ведаю, што яны не існуюць. І выдатна памятаю, як уладжваўся на ўнівэрсытэт. Калі гэтага не было, дык адкуль у мяне ілжывыя ўспаміны?» Набліжаючыся да гаражоў, Лявон рассудзіў, што празарэньне – добра, але факты лепей. І што калі існаваньне мінуласьці і будучыні давесьці ці аспрэчыць цяжка, дык зьведаць канчальнасьць прасторы зусім проста: ісьці дый ісьці хоць якой дарогай наперад дый наперад, пакуль не сыдзеш з гораду. І паглядзець, што потым атрымаецца.
Хатка дзядзі Гені ля ўваходу ў «Гаражны кааператыў» была пустая, ён яшчэ не вярнуўся зь лецішча і не заступіў на вахту. Лявон абмінуў шлягбаўм і пашыбаваў уздоўж гаражоў, успамінаючы дзень, калі ён упершыню тутака пабываў. З тае пары мінуў усяго тыдзень альбо два, але Лявону здавалася, што гэта было ці летась, ці нават у другім жыцьці. «На якім з дахаў мы загаралі? На гэтым? Ці на тым, зялёным?» Дзьверы апошняга гаража былі прыадчыненыя, і Лявон паскорыў крок, узрадаваўшыся – ён засумаваў па Рыгору і хацеў хутчэй даведацца, як той маецца пасьля ўсіх іхніх прыгодаў. Галоўнае, каб ён яшчэ ня выхварэў! Трэба расказаць яму пра сьпеўнае празарэньне, пра свае высновы, а калі размова пойдзе, дык нават прапанаваць сумеснае падарожжа да таямнічае граніцы гораду.