Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Але гэта зусім не кабета! Гэта мужчына, які адзеўся ў сукенку!
Лявон адразу ж пашкадаваў аб сваім выкрыцьці: «Ну вось, зараз давядзецца тлумачыць, што ды як!» Але шкадаваньне было мімалётнае – узьдзеяньне песень працягвалася, і ўсе боязі і няёмкасьці, не пасьпеўшы згусьціцца, расьсейваліся. «Ці ня ўсё роўна, што я нарабіў? Калі спатрэбіцца, дык патлумачу. Так ці інакш, усе мы шчасьлівыя».
Але сьвятар зусім не зьдзівіўся словам Лявона, ён крыху падумаў і сур'ёзна адказаў:
– Бог рассудзіць. Гэты чалавек жыве праведна, і я ня бачу ніякіх падстаў, каб папікаць яго такімі дробязямі як сукенкі. Тым больш што калі гэтая кабета – ці гэты мужчына, як пажадаеце – прайшла ўсе выпрабаваньні ды апынулася тутака, з намі, дык цяпер яна мае права лічыць сябе кім заўгодна і адзявацца як заўгодна.
– Што вы маеце на ўвазе? – зьдзівіўся Лявон. – Якія выпрабаваньні? Дзе апынулася?
– Усе мы прайшлі выпрабаваньні, – лагодна прамовіў сьвятар. – І зараз пажынаем заслужаны плён, атрымоўваем асалоду празь вечнае жыцьцё ў раі. Хваліць Бога!
– Вы хочаце сказаць, што мы жывем у раі? – Лявон быў уражаны гэтай нечаканай думкай, якая дзіўным ходам тлумачыла ўсе тэорыі Пятруся наконт канчальнасьці прасторы і часу. – Значыцца, Менск – гэта рай?
– Зразумела, сын мой. Хіба вы ня бачыце, якое бездакорнае і радаснае нашае жыцьцё? Разумею, вы, мабыць, толькі нядаўна спазналі ісьціну песень, і яшчэ шмат чаго не пасьпелі ўсьвядоміць. Дык ведайце: наш сусьвет ідэальны і створаны дзеля нашага шчасьця. Мы – несьмяротныя і пазбаўленыя ўсіх цяжараў і нягод зямной юдолі – патрэбаў цела, хваробаў, грахоў. Мы выратаваліся і здабылі жыцьцё вечнае. І таму павінныя ўзносіць вечнае ўсхваленьне Богу!
У Лявона ў галаве падняўся такі віхор нязгод і пратэстаў, што ён нават ня ведаў, з чаго пачаць. Сьвятар глядзеў удалячынь, на сьвежую зеляніну бярозак, і лёгка пасьміхаўся, цёмныя валаскі на ягонай патыліцы дрыжалі пад ветрыкам.
– Мы несьмяротныя?! – гукнуў нарэшце Лявон.
– Вядома. Ці вы яшчэ не заўважылі, што нашы целы ня маюць патрэбы ні ў ежы, ні ў вадзе, ні ўва сьне, і ніяк не зьмяняюцца на працягу бясконцых гадоў?
– Але я ж п'ю! Вось, глядзіце, – Лявон дастаў з заплечніка пакунак соку і зрабіў пару вялікіх глыткоў. – Бачыце? І спаць я вельмі люблю!
– Усё гэта вы чыніце дзеля свайго задавальненьня, але зусім не па патрэбе. Бог так зладзіў рай, што кожны жыхар вольны цешыцца быцьцём на ўласны густ. Паспрабуйце ня піць ці ня спаць – з вамі ня здарыцца нічога дрэннага, – сьвятар усьміхаўся, гледзячы на ачмурэлага Лявона.
– Дазвольце, але няўжо нельга забіць чалавека? Напрыклад, сякерай па галаве? Ці рана адразу загоіцца?
– Хто ж створыць гэткае вар'яцтва, любы мой юнак? Бо ўсе мы – праведнікі, – сьвятар ужо не ўсьміхаўся, а сьмяяўся напаўголасу, аксамітным пяшчотным сьмехам. – Дый навошта каму-колечы зьдзяйсняць забойства ці іншае злачынства? Усе мы шчасьлівыя – абсалютна і навечна.
– Абсурд! – гарачыўся Лявон. – Першае, далёка ня ўсе шчасьлівыя, паверце мне! Асабіста я нядаўна зусім ня быў шчасьлівы, меў неспатоленыя жаданьні дый зь лёгкасьцю зрабіў бы дзеля іх якое злачынства! Другое, ці не здаецца вам, што гэта вельмі дзіўны рай – у якім трэба застудзіцца дзеля найменшага разуменьня таго, што адбываецца, а потым яшчэ і ўвесь час сьпяваць песьні?
– Песьні і музыка ёсьць выслаўленьне Бога, – зноў пасур'ёзьнеўшы, адказаў сьвятар. – Няма нічога дзіўнага, што думаючы пра Бога і ўсхваляючы Яго музыкаю, мы набліжаемся да разуменьня Ягонае задумы. Але вашы словы пра хваробу мяне зьдзіўляюць. Як гэта мажліва – застудзіцца? Азірніцеся, навокал вечнае лета!
Ён ківаў галавой і ўважліва глядзеў, як Лявон урачыста дэманструе сморканьне, а потым счакаў, параіў яму хутчэй паздаравець і задуменна дадаў:
– Невыведныя шляхі Богавы. Не стамляюся дзівіцца на бясконцасьць Ягонага стварэньня: колькі ні жыві, заўсёды пазнаеш нешта новае пра сьвет, Ім створаны. І няма гэтаму канчатку. Дык ці ў нашых сілах меркаваць пра Ягоныя справы? Хто ведае, навошта спатрэбілася Яму застуда ў раі... Хутчэй за ўсё, у застудзе ёсьць дабро, пакуль што нам невядомае. А можа наадварот – гэта знак ворага чалавечага, апошні ягоны сьлед пасьля таго, як ён быў зрынуты.
Лявон устаў. Яму ўжо даўно пара было сьпяшацца, на сёньня ён даведаўся і бяз тога занадта шмат. Час ішоў, а Рыгора трэба было ратаваць. Але апошняе пытаньне ён ня здолеў утрымаць:
– Дарэчы, сьвяты айцец! Калі ёсьць рай, дык павіннае існаваць і пекла?
– Цалкам слушна, сын мой. Пекла ёсьць, і яно блізкае. Усе, хто ня выратаваўся, засталіся за граніцай нашага гораду.
Па сьпіне Лявона прабег халадок. Ён ветліва разьвітаўся, паабяцаў прыходзіць яшчэ ды ўзяўся за сваю тачку. Сьвятар таксама ўстаў і надосталь мовіў:
– Не хвалюйся за іх. У Бога бясконца каханьня, Ён даруе і ім таксама. Наступіць дзень, калі Ён накіруе туды промень сьвятла, Сына Свайго. І ўсё выратуюцца, і не застанецца больш цемры.
Ён махаў рукою ўсьлед Лявону, агаліўшы з-пад рукава белае запясьце. Тачка, праехаўшы колькі мэтраў ціха, зноў зарыпела на ўвесь квартал, і ў Лявона мільганула думка, ці не спытаць у сьвятара алівы. «Не, ня буду, неяк бязмозгла гэта».
У час сыходу з гаражоў Лявон плянаваў адзець сарафан у якім зацішным месцы, прыкладам, у парку за цыркам, але зараз, датузаўшы нясьцерпную тачку да мосту празь Сьвіслач, ён так стаміўся, што яму было ўжо ўсё роўна, заўважыць хто-колечы зьмену ягонага туалета ці не. Абыходзіць цырк толькі дзеля таго, каб пераадзецца, здалося яму бязглузьдзіцай – ён палічыў за лепшае ўгачыць апошнія сілы на пад'ём да Палацу прафсаюзаў.
З асьцярогі, што, спыніўшыся, ён ня здоліць зрушыць далей, Лявон адпусьціў дзяржальню МоММа толькі калі тыкнуўся коламі ў прыступкі музэю. Слабымі рукамі ён нацягваў на сябе сарафан і маладушна зыбаўся – а мо Андрон падмануў яго, і ніякае вязьніцы тутака няма? «Ат. Калі не знайду Рыгора, дык лягу спаць, наўпрост дзе за рогам, на траўцы», – ён сагнаў усе думкі, засяродзіўся на тачцы і неверагодным высілкам уцягнуў яе на прыступкі ды ўпіхнуў у музэй.
Насустрач яму ўзьняўся з канапы, адклаўшы тоўстую кнігу, пажылы наглядар. Ён падазрона разглядаў праз акуляры стомленага Лявона, ягоныя недарэчныя чорныя туфлі пад сарафанам, грувасткую тачку, якая спыніліся зь ляскам і віскам, і ўрэшце спытаў – чаго заўгодна паненцы?
– Шампанскага! – усклікнуў Лявон і натхнёна махнуў рукой. – Сёньня ў майго каханага Рыгора імяніны!
Лявон быў гатовы, што турэмная ахова можа запрацівіцца ўключэньню музыкі, і раптам прыдумаў гісторыю, дурную і недарэчную, але добрую сваёй нечаканасьцю.
– Палкоўнік, мілосны! Як мы кахаем адно аднаго! Мы зьбіраемся ажаніцца ў верасьні! Яго ж выпусьцяць да верасьня? А сёньня мяніны! Дзе ў вас разэтка?
Кастусь, падсалоджаны «палкоўнікам» і зачараваны юнай дзяўчынай у яркім сарафане, няўпэўненым жэстам паказаў бліжэйшую разэтку, ля ўзгалоўя канапы. Усё ішло па пляну, і галоўнае зараз было не змарнаваць ні сэкунды. Лявон падкаціў МоММ да канапы, сарваў ізаленту, што мацавала провад, і ўвамкнуў штэпсель у разэтку. Зьлева пачуўся мэталічны бразгат – Лявон павярнуў галаву і ўбачыў завінутага ў прасьціну Рыгора, які трымаўся рукамі за краты і глядзеў на яго круглымі вачыма. Лявон падміргнуў яму і націснуў гузік.
– Чакайце, дзевачка, што вы наважыліся? – Кастусь не разумеў, што адбываецца, і адчуваў нейкі падман.
– У майго каханага мяніны! – Лявон сунуў дыск у латок прайгральніка і штурхнуў яго ўсярэдзіну. – Я падрыхтавала яму падарунак – песьню!
– Стоп-стоп-стоп! Песьні нельга! Песьні забароненыя! – Кастусь пратэстоўна падняў рукі. – Вымыкайце зараз жа! Тутака музэй і вязьніца, а не танцпол.
– Калі ласка, палкоўнік, шчырэнькі, дазвольце! Мы неўзабаве жаніцца будзем! Усяго адну песьню, ціхутка! Крышачку! Зрабіце літасьць! – Лявон балбатаў гэтыя няскладныя маленьні, зыркаючы на прайгральнік, які ўсё марудзіў і шоргаў дыскам.
Кастусь уздыхнуў і апусьціў рукі. Ён быў добры чалавек, і, спамянуўшы, колькі разоў ён забараняў Рыгору ці тое, ці іншае, надумаўся хоць аднойчы пайсьці насустрач, тым больш што мяніны і маладая.