Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 89
Перейти на страницу:

Напіс у вакенцы прайгральніка зьмяніўся з «loading» на «play», і Лявон задрыжаў з хваляваньня. Песьня пачалася. Але пасьля першага акорда пачуліся хуткія гучныя пстрычкі. «Драпіна! І адкуль яна зьявілася?» – Лявон пасьпешна націснуў гузік «next», каб перайсьці да наступнага трэку. Прайгральнік затрымцеў і пагрозьліва скрыгатнуў чымсьці ўнутры. Кастусь строга хмурыўся, і Лявон адчуваў, што ўся апэрацыя можа зараз сапсавацца. У паніцы ён наўздагад пару разоў тыцнуў пальцам у пульт, і гэта раптам дапамагло: прайгральнік заціх, роўна зашамацеў, а ў вакенцы пачаўся адлік часу.

Загучала музыка. Да зьдзіўленьня Лявона, гэта была тая самая «Ліпа», якую сьпяваў сьвятар у царкве. Лявон асьцярожна, каб не шумець, прысеў на кукішкі, абапёрся сьпіной на мур і крадком пазіраў то на Рыгора, то на Кастуся. Рыгор нерухома стаяў за кратамі, утаропіўшы погляд у калёнку, а Кастусь пасьля другога куплета апусьціўся на канапу, адкінуўся на сьпінку і паціраў рукою лоб. 

Nun bin ich manche Stunde Entfernt von jenem Ort, Und immer hör 'ich's rauschen: Du fändest Ruhe dort!

 На гэтых словах Кастусь усхліпнуў і дастаў з задняе кішэні штаноў белую хустачку. Ён падняў на Лявона вочы, поўныя сьлёз і папрасіў яго ўзмацніць гук. Лявон узмацніў і стаў глядзець, што дзеецца з Рыгорам. Рыгор адпусьціў краты і цяпер сядзеў на падлозе, нахіліўшы галаву, гледзячы сабе пад ногі.

Яшчэ празь пяць хвілін, калі наглядар неяк асабліва працяжна ўздыхнуў, а потым засьмяяўся, лёгка і павольна, Лявон зразумеў, што час надыйшоў.

– Палкоўнік, мілосны, скажыце, ці вы шчасьлівыя?

– Так, дзевачка мая, так, – маладым бясклопатным рухам ён закінуў рукі за галаву. – Дзякую табе! Ты спытала пра гэта, і я раптам зразумеў, што шчасьлівы, вельмі шчасьлівы.

– І мы з Рыгорам шчасьлівыя! А хіба могуць адны шчасьлівыя людзі трымаць іншых шчасьлівых людзей пад замком?

– Разумніца! Ня могуць. Бяры, забірай яго, ідзіце, жаніцеся, – ягоны голас ліўся ласкаю.

– Дык вы адчыніце. Ці ключы дайце.

Кастусь, ківаў і шчасьліва ўсьміхаўся. Ён выцягнуў з унутранай кішэні ключы і аддаў Лявону. Перамога! Лявон корпаўся з замком і адчуваў, што песьні ўплываюць і на яго таксама, і нікуды сыходзіць ня хочацца. «Дачакацца Андрона, каб і ён празарыўся, паслухаўшы песень? Няхай таксама стане шчасьлівы? Не, не, ён ня будзе слухаць, ён адразу ўчыніць пагром, у яго ж на твары напісана. Трэба ўцякаць», – і Лявон сьцяў зубы. Больш не разважаць, а толькі дзеіць!

Рыгор па-ранейшаму сядзеў на падлозе, і нават не паварушыўся, калі Лявон страсянуў яго за плячо.

– Хадзем! Хадзем, Рыгору! Уцякаймо адсюль, пакуль спэцназ не зьявіўся!

– Куды нам ісьці? Навошта? – Рыгор узьняў асьветлены твар на Лявона. – Сядай побач, даслухаем. Ніколі ў жыцьці ня чуў гэткае чароўнае музыкі.

– Пасьпеем яшчэ наслухацца! Пайшлі! Бо зараз прыйдзе спэцназ і ўсё вымкне. Дзе вопратка?

Лявон цягнуў яго за руку, і Рыгор неахвотна ўстаў. Ён скінуў прасьціну на падлогу і пачаў нацягваць джынсы.

– Давай, давай, варушыся. Зусім хадзіць развучыўся? Нас чакаюць вялікія справы! Машыны, жанчыны, грошы, казыно і віскі. Хутчэй! Машыны, Рыгор, падумай пра машыны. Аўтамабілі!

Але Рыгору аўтамабілі былі відавочна абыякавыя. Ён выйшаў за краты і палез да Кастуся абдымацца. Кастусь адказаў яму з запалам, яны расцалаваліся спачатку ў абедзьве шчокі, у вусны, а потым ціха заплакалі на плячох адзін у аднаго. Каб адарваць Рыгора ад наглядара, прыйшлося ўперціся нагой у канапу і моцна тузануць. Рыгор павярнуўся да Лявона і, усьміхаючыся, раскрыў яму абдым, але той спрытна падхапіў яго за бакі і выцягнуў на вуліцу.

10. Як Лявон ды Рыгор сагналі аўтобус

Намогшы апошнія сілы, Лявон давалок Рыгора, які няспынна захапляўся хараством сьвету, да Парку Горкага. Яны ўладкаваліся на траўцы ля карусэляў, і Лявон скрозь засынаньне назіраў, як Рыгор дазволіў запаўзьці на мезенец даўгаватаму чорна-памаранчаваму жуку-пажарніку і захоплена паварочваў палец пад рознымі вугламі. «Добра праняло», – нават пазайздросьціў Лявон, заплюснуўшы вочы.

Калі Рыгор растузаў Лявона спытаў, панура мацаючы ягоны заплечнік, ці няма падсілкавацца, было зразумела, што ён крыху адцягнуўся пасьля Шубэрта, і можна сур'ёзна пагутарыць. Прайшло, мабыць, гадзіны дзьве: да вечара яшчэ заставаўся час, але, каб дайсьці завідна да граніцы гораду, трэба было рушыць зараз жа.

– Куды? За горад? – няўхвальна спытаў Рыгор. – Навошта нам туды? Давай лепей зазірнем ненадоўга ў рэзідэнцыю прэзыдэнта. Мне карціць пару разоў грохнуць тамтэйшага міністра галавой аб сьцяну. Шмат часу ня зойме. А потым пойдзем да мяне! Я тут недалёка ўладкаваўся, ля Плошчы Перамогі. У мяне тамака поўны халадзільнік ежы, і піва вагон.

– Дамовіліся, але спачатку прасьпяваем песьню! –прапанаваў Лявон, і Рыгор вылупіў на яго вочы.

Але Лявон адолеў зьбянтэжанасьць – ён адчуваў, што празарэньне Рыгора вось-вось зьнікне, калі ня зьнікла ўжо. «Пятрусь мае рацыю: праз Шубэрта празарэньне атрымалася занадта няўстойлівая». Лявон зацягнуў сваю ўлюбёную «Несказанное, синее, нежное», і Рыгор спачатку патукаў пальцам у скроню, маўляў дурны, але неўзабаве ўслухаўся, памякчэў позіркам і пачаў падпяваць. Яны сьпявалі і паглядалі то адзін на аднаго, то ўверх, дзе ў прагалах паміж бухматымі каронамі дрэў праплывалі павольныя аблокі.

– Чорт зь ім, зь міністрам, – сказаў Рыгор, калі яны дасьпявалі. – Урэшце, я сам вінаваты, што трапіў у вязьніцу. А ён збольшага добры мужык. Хочаш, пазнаёмлю? У яго цукеркі ёсьць.

– Пачакай. Адчуваеш, як тваё стаўленьне да сьвету зьмяняецца пасьля песень?

– Ну... Ёсьць трохі.

І Лявон расказаў яму пра сьпеўнае празарэньне, працу навукоўцаў, канчальнасьць прасторы, сымулякры і несьмяротнасьць. Рыгор моўчкі слухаў, у адных месцах зьдзіўлена матляў галавой, а ў іншых згодна ківаў. Ён правёў рукою па мяккаму калосьсю зуброўкі і далікатна пацягнуў адзін каласок. Тонкая даўгая траўка зь ледзь чутным рыпеньнем выцягнулася зь лісьця, і Рыгор закусіў ейны салодкі белы кончык.

– Слухай анэкдот, – прапанаваў ён, калі Лявон скончыў прамову і змоўк у пачаканку водгуку. – Сустрэліся аднойчы Хайдэгер, Бярдзяеў і Бадрыяр і паспрачаліся, хто болей гарэлкі вып'е. Выпілі першую шклянку. Хайдэгер закусіў смажанай каўбаскай, Бярдзяеў – салёным агурком, а Бадрыяр нічым не закусіў, толькі мармытнуў нешта ў кулак. Выпілі другую шклянку. Хайдэгер і Бярдзяеў ізноў закусілі, а Бадрыяр ізноў нешта мармытнуў. Пасьля трэцяе шклянкі зваліўся Хайдэгер, пасьля пятае зваліўся Бярдзяеў. Прачынаюцца яны ўраніцу і пытаюцца ў Бадрыяра – колькі ты выпіў? Дзесяць. А што ў цябе за словы гэткія чарадзейскія, якія ты ў кулак мармытаў? Усё проста, – сьмяецца Бадрыяр, – апасьля кожнае шклянкі трэба прыгаворваць: гэта не гарэлка, гэта сымулякар!

Лявон паціснуў плячыма, падзівіўшыся на Рыгорава легкадумства ў такую значную хвіліну, і дадаў:

– І мінуласьці мы таксама ня маем. Усё, што мы памятаем – ілюзія. Вось я, калі ўцяміў гэты факт, дык згубіў бацьку і брата...

– А ў мяне наогул аніякае мінуласьці няма, – махнуў рукою Рыгор. – Я заўсёды жыў з татам, працаваў у гаражох, а па суботах хадзіў у лазьню. Вось толькі калі мы з табой пазнаёміліся і банк наважыліся рабаваць, у жыцьці нешта пачало адбывацца. Пацешна…

«Дзіўна, што ён гэтак спакойна ўспрыняў. Мабыць, таксама асаблівасьць Шубэрта, – зьдзівіўся Лявон, а потым яшчэ падумаў: – Ягонае жыцьцё зьмянілася, толькі калі ён пазнаёміўся са мной? Што, я нейкі асаблівы? А можа, я і ёсьць той промень сьвету, пра які казаў сьвятар? Я спушчуся ў пекла і выратую ўсіх!» Ён патрос галавой, каб адагнаць шалёную думку. Думка адагналася, але пакінула пасьля сябе ўзрушанасьць і жаданьне дзеіць. Ён устаў і патупаў нагамі.

– Дый наогул, жаліцца няма пра што, – разважаў тым часам Рыгор. – Вядома, нядрэнна было б мець жонку і аўто, але ці ня ёсьць гэта ўрэшце гемарой? З жонкай кахаешся паўгадзіны на дзень, а ў астатні час яна цябе пілуе. А машына? Навошта яна патрэбная, калі сьпяшацца ўсё роўна няма куды? Лепей пешшу прайсьціся. Тлушчу менш будзе, – ён зарагатаў і пляснуў сябе па чэраву. – А грошы? Наогул глупства! Працаваць дзеля грошай, каб потым на іх купляць жанчын, машыны і ежу?

1 ... 54 55 56 57 58 59 60 61 62 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)