Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Лявон зазірнуў у гараж і паклікаў:
– Рыгору! Ты тут?
У «пакоі», другім гаражы Рыгора, нешта грымнула, і адтуль зьявіўся незнаёмы высокі хлапец у красоўках, спартовых нагавіцах і тонкай скураной куртцы. Ён усутыч падыйшоў да Лявона, неадрыўна гледзячы яму ў вочы, і зь дзіўнай інтанацыяй, быццам намякаючы на нешта, расьцягнута спытаў:
– Ты хто такі будзеш?
– Лявон мяне клічуць. Я тутака ў Рыгора дыск пакінуў, прышоў вось забраць.
– Дыск, кажаш? – ён прыжмурыўся. – Дык гэта з табою ён банк адкаркаваў?
– Са мною, так, – пасьміхнуўся Лявон. У стане сьпеўнага празарэньня ён не адчуваў ані страху перад арыштам, ані патрэбы маніць. – А вы хто?
– Андрон я, кораш Рыгораў. Чуеш, браток, павязалі Рыгора, – ён уважліва сачыў, як Лявонаў твар набывае зьдзіўлены выраз. – Трымаюць у ваенным музэі на праспэкце, сукі. Нейкі стары перац яго пільнуе, сам-адзін. Што скажаш? Сяброў у бядзе не кідаюць, га?
Лявон кіўнуў.
– Карацей, хавай дзяцей. Давай так: сёньня як сьцямнее, а дванаццатай, пойдзем у музэй экскурсаваць. Я гляджу, у вас тут за халадзільнікам калашы засумвавалі. Дык возьмем іх на шпацыр, ушануем спэцназ, – ён закінуў за плячо адзін з аўтаматаў і паклаў у кішэні па пачку патронаў. – Дабазарыліся, ці як?
– Атож! – у тон яму гукнуў Лявон. – За Рыгорку ўсіх парву.
– Ваяка! – ухваліў ягоныя словы Андрон. – Ну дык давай шукай свой дыск, ці што там, а ў мяне яшчэ справы. Ды не спазьняйся.
Ён паціснуў Лявону руку і, не азіраючыся, годнай хадою рушыў прэч. Задуменна гледзячы яму ўсьлед, Лявон дастаў сьвежую папяровую хустачку і доўга высмаркаўся, спачатку адной ноздрай, потым другой. Пашукаўшы вачыма сьметніцу і выявіўшы яе пад варштатам, ён скамячыў хустачку, кінуў з адлегласьці трох крокаў і патрапіў. Разьвязаньне ўжо пасьпела – трэба пазьбегнуць гвалту і вызваліць Рыгора мірным шляхам.
Лявон прайшоў у «пакой» і адразу ўбачыў свой дыск, але не на калёнцы, а на прайгральніку. Рыгор клапатліва паклаў дыск люстраным бокам даверху, каб не падрапаўся. «Schubert. 25 Lieder», – прачытаў Лявон тонкі алоўкавы подпіс на дыску. Ён абвінуў дыск хустачкай і схаваў у кішэню заплечніка, а потым уважліва разгледзеў нагрувашчаньне апаратуры на тумбе і выбраў адзін з прайгральнікаў ды найвялікшы ўзмацняльнік. Вялізныя калёнкі, аж да поясу, былі адзінымі ў гаражы. Ён паспрабаваў падняць бліжэйшую, але вохнуў з каменнага цяжару і здолеў толькі нахіліць яе. Уся надзея была на тачку, якую ён заўважыў на сьцяне першага гаражу яшчэ мінулым разам. З крэкатам зьняўшы тачку з крука і ледзь не абрынуўшы паліцу зь нейкімі слоікамі, Лявон падкаціў яе да калёнцы. Дзяржальня тачкі была высокая і зручная, але колы пранізьліва рыпелі. Лявон памеркаваў, што дарогаю дэталькі прыцяруцца адна да адной, і рыпеньне скончыцца.
Лявон напружыўся, нахіліў калёнку да тачкі, штурхнуў, і яна так цяжка грохнулася на мэталічнае дно, што можна было не сумнявацца – на ейных драўляных бакох засталіся глыбокія драпіны. «Рыгор мне даруе», – уздыхнуў Лявон і пачаў уладжваць на калёнцы ўзмацняльнік і прайгральнік. Яны сасьлізгівалі, зьязджалі, хіліліся, але Лявон моцна прыкруціў іх да тачкі колькімі плястамі ізаленты. Уважліва злучыўшы правадамі ўсе тры кампанэнты, каб не прыйшлося рабіць гэтага потым сьпехам, Лявон прысеў на канапу з пакуначкам соку. І адразу ж устаў, спужаўшыся неспадзявана заснуць. Ён з задавальненьнем абышоў вакол свае пабудовы, і ганарліва паменаваў яе: Мабільны Музычны Модуль.
Першыя дзесяць хвілін шляху даліся яму лёгка. Тачка падскоквала нават на сама драбнюткіх няроўнасьцях асфальту, дрынчала, рыпела, а Лявон весела разважаў, як скараціць ейную назву: МММ, МаМуМо, або МаММ? Але далей зрабілася цяжка. Рукі стаміліся сьціскаць сталёвую дзяржальню, што няспынна тузалася, далоні пачырванелі, лоб спатнеў. Лявон ізноў адчуў, які ён хворы і слабы. Насупраць дому, дзе жыла «бабулька», ён спыніўся аддыхацца, прасмаркацца дый прасьпяваць песьню. Сьпевы дапамаглі; яму нават здалося, што гэтым разам песьня атрымалася ідэальна. Сілаў дадалося, і ён рушыў далей.
Аднак невыносны рып колаў не сьціхаў, і Лявон пачаў шкадаваць, што ня сьцяміў улагодзіць іх алівай, якая б пэўна знайшлася ў Рыгора. Каб вушы хоць ненадоўга адпачылі ад рыпеньня, ён зрабіў другі прыпынак у канцы парка, ля маленькае белае царквы. Раней Лявон ніколі не бываў у царкве, але зараз, каб трохі забыцца пра гэную тачку, наблізіўся, ступіў пад павець з бляшаным расьлінавым арнамэнтам, і пацягнуў высокія дзьверы на сябе.
Ён апынуўся ў маленькай вітальні, на сьценах якой віселі аб'явы, расклад службаў, каляндар з праваслаўнымі сьвятамі, фотаробат рабаўнікоў у шапках дый шыльда з просьбай вымкнуць тэлефоны перад уваходам. Лявон усьміхнуўся – ён дагэтуль не займеў жаданага калісь тэлефона – высмаркаўся і ўвайшоў.
Нутро царквы ўразіла яго: невялікае круглае памяшканьне поўнілася паўпразрыстым змрокам, ясныя агеньчыкі сьвечак плыўна вагаліся на высокіх круглых падстаўках, а сьцены, спрэс завешаныя абразамі, адступалі ў глыбіню пад мяккім сьвятлом лямпадак. Гучала песьня, яна цякла аднекуль зьверху, прыгожая, сумная і трагічная, на незнаёмай мове. Лявону здалося, што гэта быў ня запіс, а жывы сьпеў. Ён узьняў галаву і ўбачыў упрост над сабою маленькі ганачак, да якога вяла вінтавая лесьвіца леваруч уваходу. Мабыць, там і стаяў нябачны адсюль сьпявак. А ля правае сьцяны Лявон разгледзеў схіленую постаць у доўгім адзеньні і цёмнай хустцы, якая асьцярожна і амаль нягучна мяла падлогу венікам. Лявон стаяў, разглядаў абразы, слухаў песьню, і паціху нейкая сіла падхапіла і панесла яго па хвалях усепаразуменьня, замірэньня і шчасьця. Ён прыхінуўся плячом да лесьвіцы і шэптам падпяваў, зьміргваючы сьлёзы.
Празь якую хвіліну песьня скончылася. Наверсе пачуўся шоргат, крокі, і на вінтавой лесьвіцы зьявіліся ногі ў чорных туфлях, такіх жа, як у Лявона. Трымаючыся за жалезныя парэнчы бледнымі пальцамі, уніз спусьціўся чалавек у доўгім чорным адзеньні, з кароткай стрыжкай, пасівелай бародкай і зычлівым прыжмурам.
– Добры дзень, – ціха зьвярнуўся ён да Лявона, – Вы тутака ўпершыню?
Лявон, адарваўшы плячо ад лесьвіцы, каб пастава ня была бесцырымонная, і выказаў сваё захапленьне і ўзрушэньне, як выкананьнем, так і самою песьняй.
– Гэта Шубэрт? Я не абмыліўся... сьвяты айцец? – Лявон не разумеў, як зьвяртацца да чалавека, але той, здаецца, быў ня супраць «сьвятога айца».
– Так, гэта ён. Песьня называецца «Der Lindenbaum», «Ліпа», з цыкла «Зімовы шлях». Добра, што вам спадабалася, прыходзьце да нас часьцей. Вунь тамака расклад службаў, заўсёды буду рады вас бачыць.
– Абавязкова прыйду! Мне вельмі падабаецца. Раней ніколі не даводзілася бываць у царкве, – і, павагаўшыся, Лявон спытаў: – Цікава, чаму менавіта Шубэрт і Сільвэстраў гэтак уплываюць на чалавека? На сьвеце багата і іншых песень…
– Так, невыведныя шляхі Госпадавы, – ахвотна падтрымаў гутарку сьвятар. – Але мы, прынамсі, здольныя спасьцігаць іх, колькі стае сілаў. Калі памеркаваць, дык паміж Шубэртам і Сільвэстравым шмат агульнага, значна больш, ніж можа здацца на першы погляд. Яны маюць розную абалонку, але блізкае па духу зьмесьціва. Пэўна вы ўжо заўважылі, што...
У гэты момант ім прыйшлося саступіць: постаць зь венікам, якая мяла падлогу ўсё бліжэй ды бліжэй да іх, зараз спынілася побач і моўчкі ўзьняла твар – яна хацела падмесьці там, дзе яны стаялі. Сьцепануўшыся, Лявон пазнаў сівую бабульку, да якой ён хадзіў у госьці. Ён жыва ўспомніў, як яна ляцела на яго зь сякерай. Зь нечаканасьці ў Лявона перахапіўся подых і схаладнелі далоні, але бабулька яго не пазнала.
Сьвятар прапанаваў Лявону выйсьці вонкі і пагутарыць там, каб не перашкаджаць прыбіраньню. Яны ўладкаваліся на зялёнай лаўцы з чорнымі каванымі ножкамі, і Лявон усхвалявана спытаў:
– Сьвяты айцец, ці вы ведаеце, хто гэны чалавек, які ў вас прыбіраецца?
– Вядома. Найстарэйшая парафіянка, сьціплая і непрыкметная кабета, глыбокая верніца. Яна прыняла на сябе штодзённае прыбіраньне ў храме, як паслушэнства. Гэта вельмі сур'ёзны падтрым для храма.