Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 49 50 51 52 53 54 55 56 57 ... 89
Перейти на страницу:

Такім парадкам, ува ўладаньні Рыгора былі дзьве лесьвічныя пляцоўкі, ніжэйшая паболей, з ложкам, вышэйшая паменей, але з вакном, і дзьве лесьвіцы. Вакно, таксама забранае надзейнымі кратамі, выходзіла на рог Дома прафсаюзаў, правей якога быў відаць праспэкт, а за ім празь лістоту дрэў Аляксандраўскага сквэра праглядалася Рэзідэнцыя. Рыгор падоўгу бавіўся ля вакна, узіраючыся ў рэдкіх мінакоў на праспэкце – у надзеі ўбачыць Юрася, які б выходзіў з Рэзідэнцыі. Ён разумеў, што нават заўважыўшы каго знаёмага, падаць знак было б немажліва, але ўсё роўна стаяў і глядзеў, зьнемагаючы зь нечыненьня.

Ля вакна зьмяшчалася вялікая драўляная шафа з ваеннымі мэмуарамі і фанэравы столец. Шафа была ідэяй Кастуся, ён спадзяваўся на дыдактычную ролю ваенна-патрыятычнай літаратуры ў перавыхаваньні вязьня. Але Рыгор ня здолеў прачытаць ані паўкніжкі, хоць сапраўды спрабаваў пару разоў. Адолеўшы старонку-другую, ён губляў думку, забываў, пра што йшла гаворка спачатку, і з прыкрасьцю запіхваў кніжку пад ложак. Убачыўшы гэта, Кастусь хмурыўся і загадваў Рыгору паставіць кнігу назад у шафу, на тое ж месца, дзе яна стаяла. Ён лічыў даручаную яму вязьніцу камфартовай, утульнай і наогул узорна-паказальнай, і строгі парадак у ёй быў абавязковы.

Патрабаваньне паставіць кнігу ў шафу было для Рыгора добрай падставай выказаць незадаволенасьць турэмнымі ўмовамі. Першае, ён пакутваў без хады, да якой прывык і безь якой адчуваў у целе непрыемны застой. У першыя дні ён нават буяніў, трос краты і дамагаўся прагулкі, але Кастусь слушна заўважаў, што калі Рыгора вывесьці на шпацыр, дык ён абавязкова ўцячэ, а дагнаць яго Кастусь ня зможа, гады ня тыя. Рыгор даваў урачыстыя абяцанкі і палкія прысягі, але наглядар на’т чуць анічога пра гэта не хацеў, а ў кару за някемлівасьць захінаў краты запавесай. Другое, дужа бракавала ежы і піва, якія Кастусь таксама наадрэз адмаўляўся прадастаўляць Рыгору, матывуючы тым, што тутака вязьніца, а не рэстарацыя, і вязьні церпяць кару, а не дагаджаюць страўніку. І яшчэ: калі Кастусь адыдзе ў краму, дык Рыгор можа нешта напаскудзіць, ён жа крымінальнік. Вось каб быў Рыгор добранадзейны, законлівы грамадзянін, тады б іншая справа. Трэцяе, Рыгор быў пазбаўлены лазьні, і, крадком нюхаючы свае падпахі, прыходзіў у роспач і пачынаў палохаць Кастуся вошамі і заразнымі скуранымі хваробамі. Апошняе мела некаторы посьпех: дзеля падтрыманьня гігіены Кастусь падсунуў Рыгору пад краты зялёны плястмасавы таз і штодня мяняў у ім ваду. Чацьвёртае, не было музыкі. На пытаньне Рыгора пра радыё Кастусь адказваў, што адмысловым указам міністра прайграньне песень у грамадскіх месцах забароненае. «Глупства якое! Міністар сам сьпявае ў Опэры, хіба вы ня ведалі?» – зьдзівіўся Рыгор, але Кастусь паціснуў плячыма і сказаў, што ён на службе і абавязаны выконваць загады.

У дадатак да ўсіх нязручнасьцяў, праз колькі дзён пасьля арышту тэлефон Рыгора разрадзіўся і вымкнуўся, пазбавіўшы яго прыемнасьці глядзець на гадзіньнік, што яму асабліва падабалася ўночы, у цемры. На просьбу прыдабыць зарадную прыладу Кастусь толькі хмыкнуў, а на запытаньне права на званок запярэчыў, што тэлефоны ў горадзе не працуюць і тэлефанаваць няма каму.

– Быццам ня ведаеш! Не прыдавайся дурням.

– А як мне час пазнаваць? – з роспаччу спытаў Рыгор.

– Мяне пытайся, – адрэзаў Кастусь. Ён быў рацыянальны чалавек і не любіў капрызаў.

Такім ходам, Рыгор, як яму і належала, пакутаваў і марыў пра свабоду. На волі засталіся незавершаныя справы, якія, ён ведаў, безь яго ня зрушацца ні на крок. Цепластанцыю так і не запусьцілі, Піліпу не пасьпелі зладзіць новы пашпарт, магнітафоны яму ніхто ня носіць, і ён у кожны момант можа кінуць рамонт АТС. Рыгор спадзяваўся, што да міністра неўзабаве дойдзе вестка пра ягонае зьняволеньне, і ён сваёй уладай адчыніць краты. Каб незнарок не акрыяць да гэтага часу, ён заварочваўся ў мокрую прасьціну на манер міністра і стаяў ля вакна, спрабуючы скласьці апраўдальную прамову. Казённая бялізна была ня белая, а сіняя, з малюнкамі на тэму падводнага сьвету, і Рыгор у сваёй прасьціне-тозе быў падобны не да старажытнага грэка, а да хворага чарадзея ці алхіміка.

Ён паспрабаваў быў суцешыцца складаньнем анэкдотаў, і, разважыўшы, што Кастуся зацікавіць ваенна-гістарычная тэма, выдаў:

– Слухайце анэкдот, таварыш начальнік! Аднойчы ў час вайны паклікаў Сталін да сябе ламу, рабіна і бацюшку, каб малітвамі Гітлера перамагчы. Лама кажа: калі прачытаеш маю малітву, дык той, хто мае лепшую карму, адразу пераможа. Рабін кажа: калі прачытаеш маю малітву, дык той, хто справядлівейшы, адразу пераможа. Бацюшка кажа: калі прачытаеш маю малітву, дык той, хто мацней блізкага палюбіў, адразу пераможа. Сталін затупаў нагамі і сагнаў іх усіх. Маршал Жукаў пытаецца – вы навошта іх сагналі, таварыш Сталін? Сталін адказвае – нельга гэтак рызыкаваць, лепш танкамі задушым!

Рыгор задаволена зарагатаў, а Кастусь, у час апавяданьня ўсё больш і больш наліваючыся крывёю, разінуўся гнеўнай тырадай:

– Блазьнюк! Нездарма цябе сюды ўпяклі! Табе ўсё ў жыцьці так лёгка далося, што ты, акрамя як выскаляцца, ні на што ня здольны! Выскаляцца і красьці. Ці можна табе пра справядлівасьць разважаць? На сябе паглядзі – бандыт, рабаўнік, зладзюга! Але бач, цаца якая, ён меркаваньне сваё мае. Табе б маўчаць ды віну выкупаць! Срамата. Вось і сядзі цяпер тутака, пакуль не паразумнееш!

Сярдзіта засапеўшы, Кастусь рушыў у свой катух і пачаў заварваць гарбату. Болей расказваць анэкдоты Рыгор не рызыкаваў, а складаць іх на запас яму было не да спадобы.

Аднаго разу, патрабаваўшы ў Кастуся аркуш і асадку, Рыгор напісаў два лісты – да міністра і да таты. Ліст да міністра быў складзены ў пакрыўджана-афіцыйных выразах і сканчаўся заклікам вярнуць справядлівасьць, спыніць непаразуменьне, якое зайшло занадта далёка і шкодзіць агульнай справе, і пакараць вінаватых. Ліст да таты зьмяшчаў гарачыя раскаяньні, пакорлівыя скаргі на турэмныя нягоды і просьбу прынесьці штосьці паесьці. Склаўшы абодва лісты капэртамі і падпісаўшы адрасы, Рыгор папрасіў Кастуся аднесьці іх у паштовую скрыню. Кастусь схаваў лісты ўва ўнутраную кішэню кіцеля і буркнуў, што перадасьць іх з паштальёнам. «З паштальёнам? За ўвесь час, пакуль я тут тырчу, паштальёна не было ані разу!» – усклікнуў Рыгор. Але Кастусь строга сказаў, каб Рыгор спыніў спрэчкі, інакш ён зараз пойдзе і завесіць ягонае вакно звонку вярблюджай коўдрай.

У глыбокай паныласьці Рыгор варушыўся на ложку. Ён змрочна ўспамінаў падзеі, якія прывялі яго ў вязьніцу – мары пра кватэру, знаёмства зь Лявонам, сваркі з татам, паход па зброю, рабаваньне, застуду, марадзёрства, працу на карысьць грамадзтва, опэру – і спрабаваў знайсьці ў сваіх дзеяньнях абмылу, якая ўсё сапсавала.

Гэтым жа вечарам Рыгору ўзгадалася, што зьвінавачваньне яму не прад'яўленае і прысуда ня вынесеная. Паляжаўшы на ложку і пракруціўшы ў галаве яшчэ раз усё падрабязнасьці арышту, каб незнарок ня ўзьвесьці на правасудьдзе дарэмшчыну, ён пераканаўся ў пэўнасьці сваёй прэтэнзіі. Рыгор рэзка ўскочыў, падняўся да кратаў, зь сілай гахнуў у іх нагой і паклікаў Кастуся. Кастусь, які таксама ляжаў на сваім ложку пад жоўта-аранжавым пледам, быў заняты чытаньнем тоўстага тома ў чырвонай вокладцы з залатой зоркай, хутчэй за ўсё пра партызанаў. Ён узьняў галаву і запытальна паглядзеў праз акуляры. Ягоныя вочы былі блакітныя і добрыя. Рыгор гучна і злосна абвясьціў сваё жаданьне даведацца, па якім праве яго тутака трымаюць.

– А хто банк абрабаваў? Ці можа я? Не. Ты. Ты банк абрабаваў, вось і пасадзілі цябе. У наступны раз падумаеш спачатку.

– А довады дзе?! Сьледзтва дзе? Сьведкі дзе? – Рыгор ужо ўвайшоў у ролю і адчуў крыўду нявінна пацярпелага. – Ня ведаю ніякага банка! Я невінаваты!

– Ууу, і ня сорамна табе? – Кастусь дакорліва паківаў галавой і адклаў кнігу. – Будзь жа ты мужчынам! Учынак зрабіў, дык адкажы за яго, сьліны не выпускай.

Але Рыгор ня вытрымаў. Ён пачварна і бязладна раскрычаўся, лаяў спэцназаўца і наглядара, патрабаваў ежы, піва і шпацыраў, узгадваў прэзумпцыю невінаватасьці і пагражаў Кастусю знаёмствам зь міністрам і кіраўніком прадпрымальнікаў. Кастусь, ківаючы галавой, зашмаргнуў на кратах запавесу і скрыгатнуў спружынамі, зноў паклаўшыся на ложак. Гістэрыка Рыгора скончылася доўгім прыступам кашлю, пасьля якога ён у зьнямозе паваліўся на ложак і ледзь не расплакаўся зь нязмогі.

1 ... 49 50 51 52 53 54 55 56 57 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)